Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб як мага больш беларусаў засталіся жывыя». Тацяна Караткевіч тлумачыць свой удзел у выбарах 


Тацяна Караткевіч, архіўнае фота.
Тацяна Караткевіч, архіўнае фота.

Каранавірусная пандэмія закранула сям’ю былой кандыдаткі на прэзыдэнта Тацяны Караткевіч — яшчэ да таго, як у Беларусі пачалі рабіць тэсты на COVID-19, праз двухбаковую пнэўманію памерла яе цётка, перахварэла маці. Лідэрка кампаніі «Гавары праўду» цягам двух месяцаў максымальна абмежавала свае кантакты, пячэ хлеб на карантыне і выкарыстоўвае ўсе магчымасьці інтэрнэту і сацыяльных сетак для правядзеньня выбарчай кампаніі ў рэжыме онлайн.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Сьцісла

  • Мая маці — 1954 году нараджэньня, як і Лукашэнка. У яе ёсьць іншыя хваробы, і яна знаходзіцца ў той самай групе рызыкі.
  • Мы ўжо некалькі месяцаў працуем зь людзьмі ў фармаце онлайн — нарады, камунікацыя праз сацыяльныя сеткі.
  • У інтэрнэт-прасторы зробіш заклік — і адгукнецца шмат людзей, а офлайн людзі больш асьцярожныя.
  • Маску нашу ў грамадзкім транспарце і ў крамах, на сьвежым паветры я бяз маскі. Маці набыла рэсьпіратар, сын бяз маскі ходзіць.
  • Асноўны раздражняльнік — гэта ўлада, бо няма праўдзівай статыстыкі, людзям закрываюць раты.
  • Часта грамадзтва неадэкватна рэагуе і можа караць тых, хто захварэў.


«Маці ляжала ў калідоры, ужо ў студзені не хапала месцаў для хворых на пнэўманію»

— Як пачуваецеся? Ці закранула пандэмія вас, вашых блізкіх і сяброў?

Тацяна Караткевіч у шпіталі хуткай дапамогі. Передача дабрачыннай дапамогі дактарам у вялікодную нядзелю.
Тацяна Караткевіч у шпіталі хуткай дапамогі. Передача дабрачыннай дапамогі дактарам у вялікодную нядзелю.

— Наўпрост закранулі нашу сям’ю. У студзені праз двухбаковую пнэўманію памерла родная сястра маёй маці. Сама маці ляжала ў шпіталі зь віруснай пнэўманіяй. Тады тэсты на каранавірус у Беларусі яшчэ не рабілі. У краінах Эўразьвязу карантын абвясьцілі ў сакавіку, але ў студзені людзі ўжо цяжка хварэлі. Гэта было вельмі страшна для мяне. Калі маці шпіталізавалі, яна ляжала ў калідоры. Тады ўжо месцаў не хапала месцаў для хворых на пнэўманію. І страшна ўявіць, што цяпер адбываецца.

Самае небясьпечнае тое, што ў краіне няма адназначнай пазыцыі наконт таго, што мы робім для вырашэньня гэтай праблемы. З аднаго боку ўлада кажа, што вірусу няма, з другога — сядзіце дома і самаізалюйцеся, бо мы вам нічым дапамагчы ня можам. Напрыклад, мая маці цяпер ходзіць на працу. Яна 1954 году нараджэньня, як і Лукашэнка. У яе ёсьць іншыя хваробы, яна ў той самай групе рызыкі. Цяпер маці нармальна сябе адчувае. Яна — аптымістка, напэўна, гэта ёй дапамагае. Хаця яе калегі па працы на «Амкадоры» хварэюць на каранавірус дастаткова цяжка. Нягледзячы на пэнсійны ўзрост маці працуе і не ўяўляе, як гэта — ня рухацца і быць без калектыву.

«Я самаізалявалася, сын у школу ня ходзіць, вучыцца дыстанцыйна»

— Як пандэмія зьмяніла ваша жыцьцё, як асабістае, так і прафэсійнае?

Тацяна Караткевіч
Тацяна Караткевіч

— Кампанія «Гавары праўду» ад самага пачатку прапаноўвала ўвесьці афіцыйны карантын у Беларусі, каб улада ўзяла на сябе і матэрыяльную адказнасьць за некаторыя наступствы карантыну — каб людзі не шлі ў адпачынак за свой кошт, каб бізнэс спыніў дзейнасьць і моцна ня страціў. Таму я, канечне, самаізалявалася. Мой сын у школу ня ходзіць, вучыцца дыстанцыйна. Я выходжу з дому толькі пры вялікай патрэбе, сустракаюся зь людзьмі зрэдку. Не змагла не адгукнуцца і дапамагаю «Хакерспэйсу» — шчыткі, маскі, інфармаваньне. 9 траўня мы віншавалі вэтэранаў, якія ёсьць сярод нашых прыхільнікаў. Усе, каму я патэлефанавала, на самаізаляцыі, ніхто не пайшоў на парад. Вельмі разумныя людзі. Як паказваюць сацыялягічныя апытаньні, у Беларусі людзі збольшага выбіраюць самаізаляцыю, і я гэта падтрымліваю.

«Будзем дамаўляцца на сустрэчы зь людзьмі на вуліцы, каб не хадзіць па пад’ездах»

— Ад кампаніі «Гавары праўду» на кандыдата ў прэзыдэнты вылучаецца ваш паплечнік Андрэй Дзьмітрыеў. Чаму вы вырашылі не выстаўляць сваю кандыдатуру ў гэтай выбарчай кампаніі?

Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў. Архіўнае фота.
Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў. Архіўнае фота.

— У нас камандны падыход. Мы бачым, што збольшага трэнд на мірныя перамены захоўваецца. Усе кандыдаты прадстаўляюць пазыцыю, што патрэбныя рэформы, але мірным шляхам. У гэтым сэнсе я дала імпульс кандыдатам, гэта відавочна. У гэтай кампаніі я выбрала для сябе ролю лідэра ініцыятыўнай групы, чалавека, які стартануў зь мірнымі пераменамі. Грамадзтва паказвае, што яно зацікаўленае ў альтэрнатыве і шукае яе. Я гэтаму радуюся як лідэр мірных пераменаў. Сёньня, магчыма, важна ня хто, больш важная колькасьць, якая можа бліжэйшым часам перарасьці ў якасьць.

— Цяпер у Беларусі, паводле афіцыйных лічбаў, штодня амаль тысяча новых выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі. 9 жніўня — дата выбараў — даволі блізка. Ёсьць пэўныя рэчы, якія дыстанцыйна ня зробіш у часе выбарчай кампаніі. Трэба сустракацца зь людзьмі, зьбіраць подпісы. Як гэта будзе рабіцца з улікам небясьпекі каранавіруснай інфэкцыі?

— Мы ўжо некалькі месяцаў працуем зь людзьмі ў фармаце онлайн. Нам лягчэй, бо мы раней шмат чаго рабілі онлайн — нарады, камунікацыя праз сацыяльныя сеткі. Цяпер гэтая праца стала больш сыстэмнай. Мы арганізавалі чаты самадапамогі, рэгіянальныя чаты. Пасьля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы пачынаецца праца. У нас будзе кол-цэнтар, будзем дамаўляцца на сустрэчы зь людзьмі на вуліцы, каб не хадзіць па пад’ездах. Гэта будуць патэнцыйна бясьпечныя сустрэчы ў такіх месцах, каб людзі маглі дыстанцыявацца. Напрыклад, сустрэча па дамоўленасьці ля пад’езду. Праз онлайн-інструмэнты будзем пазначаць пункты збору подпісаў, месцы, дзе знаходзіцца наш валянтэр па зборы подпісаў.


«Я пабачыла, колькі людзей жывуць у сваім сьвеце і не гатовыя да сацыяльна актыўнай дзейнасьці»

— Што пандэмія вас прымусіла пераасэнсаваць? На што погляд зьмяніўся праз гэты каранавірус?

— Гэта значэньне сям’і і блізкага асяродку, якія гатовыя прыйсьці на дапамогу. Я пабачыла, колькі людзей адгукаюцца і дапамагаюць адзін аднаму. Пры гэтым я таксама пабачыла і колькі людзей жывуць у сваім сьвеце, баяцца сустракацца з альтэрнатывай, ня хочуць бачыць іншых праблемаў, засяроджваюцца на сваіх і не гатовыя да сацыяльна актыўнай дзейнасьці. Я ўбачыла і той, і іншы бок.

У часе пандэміі больш кантактуеш з суседзямі, бо знаходзісься пераважна ўвесь час дома. Людзі адгукаюцца, але вельмі асьцярожна. Ёсьць інтэрнэт-прастора, дзе ты зробіш заклік — і адгукаецца шмат людзей, а людзі офлайн больш асьцярожныя.

— Як праходзіць ваш дзень у ізаляцыі?

Тацяна Караткевіч і яе 10-гадовая котка Інь
Тацяна Караткевіч і яе 10-гадовая котка Інь

— Паводле раскладу, бо я — арганізаваны, сыстэмны чалавек. Устаю ў адзін час, сьняданак, праца ў інтэрнэце. Сын дарослы, сам вырашае, што і калі есьці, калі вучоба. Збольшага, я свабодная і маю час для працы. На ровары пакуль ня ежджу, бо надвор’е не спрыяе. Часам на прабежку выбегу, пазаймаюся самастойна. Калі выяжджаю ў горад, магу зайсьці ў трэнажорную залю. Цяпер ёсьць месцы, дзе ўсе захады засьцярогі выконваюцца, і людзей мала.

Маску нашу ў грамадзкім транспарце і калі ў краму заходжу. На сьвежым паветры я бяз маскі. У мяне шматразовыя маскі — чорная і белая. Маці набыла рэсьпіратар, часам карыстаецца. 16-гадовы сын бяз маскі ходзіць. Самая галоўная зьмена — усе сустрэчы, мерапрыемствы, прэзэнтацыі, дыскусіі перайшлі ў онлайн. Я люблю выклікі, але гэта і ня так лёгка насамрэч. Асабліва, калі арганізуеш праект на доўгія гады і патрэбны непасрэдны кантакт зь людзьмі. Бяз кавы і печыва цяжка. Хочацца больш блізкага кантакту.

«На кароткія дыстанцыі самае хуткае — ровар»

— Вы кажаце, што езьдзіце ў грамадзкім транспарце. Дык вы не за стырном?

Тацяна Караткевіч. Архіўнае фота.
Тацяна Караткевіч. Архіўнае фота.

— За апошнія два-тры гады я засвоіла ўсе магчымыя віды транспарту, і гэтаму вельмі рада. Ровар, каршэрынг, любы грамадзкі транспарт. У Менску нармалёва ўсё працуе. Я падлічвала самыя розныя варыянты. На кароткія дыстанцыі самае хуткае — ровар. Я не на машыне.

— Вашае жыцьцё цяпер пераважна онлайн праходзіць, а прастора сацыяльных сетак дастаткова таксічная, якіх толькі абвінавачаньняў там не атрымаеш. У параўнаньні са звычайнымі кантактамі сацсетачны асяродак больш агрэсіўны і катэгарычны. Ці бераце ўдзел у спрэчках, што вас раздражняе, злуе? Чаго пазьбягаеце, каго баніце?

— Нікога ня баню. Можа, аднойчы ў «Аднаклясьніках» аднаго чалавека забаніла і тое таму, што мяне папрасілі пра гэта астатнія. Я — талерантны чалавек і нармальна стаўлюся да крытыкі, добра, што яна ёсьць. Часам ёсьць і аргумэнтаваная крытыка. Асноўны раздражняльнік — гэта ўлада, бо няма праўдзівай статыстыкі, людзям закрываюць раты. Калі больш за 100 чалавек затрыманыя за тое, што хацелі праўду сказаць, гэта раздражняе. У крызіс трэба слухаць людзей і мець сілу волі, каб знайсьці кампраміснае рашэньне. Дастала гэтая сытуацыя недаверу ў грамадзтве, мы ня зможам будаваць упэўненую будучыню, калі не навучымся проста слухаць адзін аднаго.

«Я вельмі стрыманая ў выяўленьні сваіх эмоцый»

— Тацяна, я ніколі ня бачыла, калі вы злуецеся, моцна раздражнёныя. Як вы свае нэгатыўныя эмоцыі выяўляеце?

— Магу, канечне. Пад гэта трапляюць толькі блізкія людзі. Гэта такая мая пэрсанальная асаблівасьць, я вельмі стрыманая ў выўяленьні сваіх эмоцый. Проста заўважыла, што калі чалавек разам са сваімі думкамі пасылае яшчэ вельмі моцную эмоцыю, ён можа быць незразумелы. Таму я стараюся гаварыць вельмі спакойна, каб мяне пачулі.

«Абняць чалавека цяпер немагчыма, і тут сацыяльныя сеткі адыгрываюць важную ролю»

— Ёсьць такая эмоцыя як эмпатыя. Людзі ў сеціве спачуваюць тым, у каго нехта блізкі памёр ад каранавірусу, або дактарам дзякуюць. Ці вы можаце сьлязу пусьціць, вобразна кажучы, калі вельмі спачуваеце камусьці?

Тацяна Караткевіч
Тацяна Караткевіч

— Я вельмі спачуваю сябрам нашай арганізацыі, якія сутыкнуліся з такімі праблемамі. У «Гавары праўду» каля 10 чалавек сутыкнуліся з COVID-19. Мне, напрыклад, адгукаецца эмацыйнасьць Андрэя Курэйчыка, калі ён пра свайго тату пісаў, які хварэў на каранавірус, ці гісторыя Насты Шамрэй, якая зь дзіцём трапіла ў шпіталь, ці гісторыя, якую расказала Валярына Кустава пра знаёмага чалавека, якога пачалі цкаваць праз тое, што ён заразіўся. Часта грамадзтва неадэкватна рэагуе і можа караць тых, хто захварэў. Насамрэч ніхто ня можа сказаць, ці атрымаў ён гэты вірус.

У майго сябра па камандзе Аляксандра падчас пандэміі на мяжы Казахстану і Туркмэністану загінуў дзядзька, які працаваў дальнабойшчыкам. Прычына невядомая. Але калі б у Беларусі быў карантын, ён бы не паехаў на гэтую працу...

Найчасьцей мне трэба проста нешта зрабіць. Напрыклад, у Вольгі Лагвіновіч, сябра нашай ініцыятыўнай групы, уся сям’я захварэла. Я моцна суперажывала, спачувала і дапамагала ёй. Сёньня большасьць з нас — на самаізаляцыі. Абняць чалавека немагчыма. І тут сацыяльныя сеткі адыгрываюць важную ролю. Каб Вольга не напісала пра сваю сытуацыю ў Фэйсбуку, то мы б не даведаліся і не змаглі б дапамагчы. Я часта кажу, што калі патрэбная дапамога, пра гэта трэба абавязкова казаць.

«За два месяцы спрабавала і хлеб пячы ў хатніх умовах»

— Што гатуеце ў добраахвотным карантыне?

Хлеб, які сьпякла Тацяна Караткевіч
Хлеб, які сьпякла Тацяна Караткевіч

— Люблю сьняданкі і вячэры гатаваць. За два месяцы спрабавала і хлеб пячы ў хатніх умовах. Я — прыхільніца простых рэчаў у харчаваньні. Мяса і гародніна — з гэтым экспэрымэнтую.

Цяпер шмат адукацыйных рэсурсаў зьявілася онлайн, у гэтым сэнсе пандэмія дае магчымасьць удасканаліцца. Можна навучыцца лепей выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі ня толькі для забаваў, але і для працы. Можна вучыцца онлайн. Насамрэч цяжка прызвычаіцца, бо мы вучымся праз усе нашы органы, а цяпер застаўся толькі візуал, а мы ня ўсе візуалы. Я дакладна навучуся рабіць адукацыйныя онлайн-праекты і весьці мерапрыемствы ў онлайн-рэжыме.


«Каб як мага больш беларусаў засталіся жывыя»

— Калі б вы былі прэзыдэнткай, якія б былі вашы найпершыя дзеяньні ў сувязі з пандэміяй?

— Я прыняла б тыя захады, якія далі б адчуваньне рэальнай дапамогі дзяржавы, функцыянальныя карантынныя захады і фінансавую падтрымку. Я абараніла б мэдыкаў, якія часта ня маюць патрэбных сродкаў аховы і ўсе гэтыя два месяцы змагаюцца з каранавірусам. Сёньня мы пабачылі, што наша адукацыя не гатовая да дыстанцыйнага навучаньня. Трэба перагледзець бюджэт краіны і на мясцовым узроўні і на ўзроўні парлямэнту і паказаць людзям, што падаткі, якія яны плацяць, накіроўваюцца на паляпшэньне сытуацыі, каб як мага больш беларусаў засталіся жывыя і жылі годна.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG