Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці праўда, што краіны з жаночым лідэрствам найлепей спраўляюцца з каранавірусам?


Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і прэмʼер-міністарка Фінляндыі Санна Марын. Люты 2020.

Што маюць краіны, якія найлепш змагаюцца з каранавірусам? Жаночае лідэрства. Так лічыць аглядальніца Forbes Авіва Вітэнбэрг-Кокс, паводле якой лідэркі Ісьляндыі, Фінляндыі, Тайваню, Новай Зэляндыі, Нарвэгіі і Нямеччыны паказваюць прывабны альтэрнатыўны спосаб кіраваньня ў часы пандэміі. Прапануем асноўныя тэзісы.

Праўда і шчырасьць

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель на раньнім этапе пандэміі спакойна сказала грамадзянам, што каранавірус — сур’ёзная пагроза, што можа заразіцца да 70% насельніцтва. Адразу пачалося тэставаньне. Нямеччына пераскочыла праз фазы адмаўленьня, злосьці і няшчырасьці, якія назіраліся ў іншых краінах. Лічбы сьмяротнасьці ў Нямеччыне значна ніжэйшыя, чым у эўрапейскіх суседзяў, і ёсьць прыкметы, што там адносна хутка пачнуць здымаць пэўныя карантынныя абмежаваньні.

Хуткасьць прыняцьця рашэньняў

Сярод тых, хто на самым пачатку хутка адрэагаваў, была лідэрка Тайваню Цай Інвэнь. У студзені, пры першых прыкметах новай хваробы, яна ўвяла 124 захады, каб спыніць яе распаўсюд. Цяпер Тайвань накіроўвае 10 мільёнаў масак у ЗША і Эўропу. Кіраўніцтва Інвэнь у крызісны час тэлеканал CNN назваў «сярод найлепшых у сьвеце». Эпідэмію там трымаюць пад кантролем, зафіксавана толькі шэсьць сьмерцяў праз каранавірус.

Джасында Ардэрн у Новай Зэляндыі вельмі рана ўвяла карантынныя захады. Самаізаляцыя для тых, хто ўехаў у краіну, стала абавязковай, калі ва ўсёй краіне было толькі 6 выпадкаў. Замежнікам уезд зусім забаранілі. Па стане на сярэдзіну красавіка там былі толькі дзевяць выпадкаў сьмерці праз COVID-19.

Новыя тэхналёгіі

Пад кіраўніцтвам прэмʼер-міністаркі Ісьляндыі Катрын Якабстоўхтыр краіна робіць бясплатнае тэставаньне на каранавірус для ўсіх грамадзян. У пераліку на колькасьць насельніцтва краіна ўжо зрабіла тэстаў у пяць разоў больш, чым Паўднёвая Карэя. Дасканалая сыстэма адсочваньня дазволіла не замыкаць людзей дома і нават не зачыняць школы. Колькасьць заражаных у Ісьляндыі на 17 красавіка — 1754 чалавек, памерлі 9.

Любоў

Самы малады кіраўнік дзяржавы, прэмʼер-міністарка Фінляндыі Санна Марын таксама ўжыла нестандартны падыход. У інфармаваньні насельніцтва яна зрабіла стаўку на сацыяльныя сеткі, а не на традыцыйныя СМІ. Зьвесткі аб прафіляктыцы распаўсюджваньня інфэкцыі, неабходнасьці абмежаваць кантакты і іншых захадах засьцярогі актыўна распаўсюджвалі інфлюэнсэры рознага веку, у тым ліку падлеткі. Цяпер у Фінляндыі 3489 хворых.

Эрна Сульберг
Эрна Сульберг

Прэмʼер-міністаркі Нарвэгіі і Даніі Эрна Сульбэрг і Мэтэ Фрэдрыксэн таксама абралі ня самы відавочны фармат інфармацыйнай працы — яны вырашылі зьвярнуцца да дзяцей. Фрэдрыксэн арганізавала для іх прэс-канфэрэнцыю, а Сульбэрг правяла тэлевізійную сустрэчу, на якой адказала на пытаньні дзяцей пра каранавірус і патлумачыла, што баяцца — гэта нармальна.

Ці праўда, што краіны з жаночым лідэрствам найлепей спраўляюцца з каранавірусам?

Сваімі меркаваньнямі дзеляцца кіраўніца «Гендэрнага маршруту» Ірына Саламаціна, філёзаф Вольга Шпарага (European College of Liberal Arts in Belarus) і дактарантка Інстытуту фэмінісцкіх і гендэрных дасьледаваньняў Атаўскага ўнівэрсытэту Вікторыя Лаўрынюк.

Вольга Шпарага
Вольга Шпарага

Вольга Шпарага: Калі паглядзець на пералічаныя краіны з жанчынамі-лідэркамі, то можна зрабіць такую выснову. Калі казаць пра эўрапейскую прастору, то сытуацыя, у якой жанчыны займаюць такія важныя пасады, абумоўленая агульным разьвіцьцём гэтых краін. Нямеччына, Нарвэгія, Фінляндыя, Данія — гэта краіны, у якіх сацыяльная дзяржава і сацыяльная падтрымка грамадзян выстаялі ў дзесяцігодзьдзі нэалібэральнай глябалізацыі (чаго, напрыклад, нельга сказаць пра ЗША ці Вялікую Брытанію).

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Гендэрная роўнасьць — надзвычай важны складнік разуменьня сацыяльнай справядлівасьці ў такіх краінах. Сацыяльная справядлівасьць сёньня — гэта не фармальная роўнасьць шанцаў, перш за ўсё на рынку працы, а забесьпячэньне доступу да сацыяльных выгодаў самым розным людзям і групам. А каб гэта рэалізаваць, трэба чуць іх галасы. Наўрад ці гэта магчыма, калі жанчыны, як і людзі з інваліднасьцю або ЛГБТК+ людзі, палітычна не прадстаўленыя.

І вось сытуацыя пандэміі, на мой погляд, паказала, што менавіта такое разуменьне сацыяльнай справядлівасьці дазваляе найбольш эфэктыўна з пандэміяй змагацца, — таму што не ўзьнікае пытаньня, што важней, людзі ці эканоміка, ці хто важней — маладыя ці людзі старэйшага ўзросту. Важныя ўсе, таму трэба не давесьці краіны да каляпсу мэдычнай сыстэмы, калі трэба будзе рабіць выбар паміж рознымі групамі людзей.

«Хоць я і фэміністка, але спэкуляваць на тэме жаночага лідэрства толькі на падставе дадзеных, прадстаўленых у артыкуле, не магу»

Вікторыя Лаўрынюк
Вікторыя Лаўрынюк

Вікторыя Лаўрынюк: На аснове дадзенага артыкула, вядома, складана даваць адназначныя адказы, чаму жаночае лідэрства аказалася больш эфэктыўным. Ёсьць і іншыя фактары, якія ўплываюць на паказчыкі ачунялых і хворых, напрыклад, эканамічныя (доступ да мэдычных паслугаў), сацыяльна-культурныя (у Італіі ёсьць культура хадзіць у кавярні і актыўна сацыялізуюцца людзі залатога веку) ды іншыя. Хоць я і фэміністка, але спэкуляваць на тэме жаночага лідэрства толькі на падставе дадзеных, прадстаўленых у артыкуле, не магу.

Калі скончыцца пандэмія, зьявяцца колькасныя і якасныя дадзеныя, і тады можна будзе аналізаваць і параўноўваць мужчынскае і жаночае лідэрства. Але размова пра тое, як краіны спраўляюцца з пандэміяй — гэта ня толькі пра ахвяраў вірусу і ачунялых, але гэта і пра сацыяльна-эканамічныя наступствы пандэміі, асабліва для самых неабароненых слаёў насельніцтва. І менавіта сацыяльна-эканамічныя наступствы адрозьніваюць уплыў гэтага вірусу ад іншых сэзонных вірусаў або SARS — увядзеньне карантыну, закрыцьцё межаў, бізнэсаў, школаў і гэтак далей.

Пра бягучыя праграмы падтрымкі ў артыкуле нічога не сказана, таму таксама рабіць высновы складана. Але прыклад падтрымкі магу прывесьці. У Канадзе цяпер выдаюць усім, хто страціў працу ці даход ад самазанятасьці на працягу апошніх 14 дзён, 2000 канадзкіх даляраў у месяц, і на гэтую дапамогу можна падавацца чатыры месяцы запар. Што ў гэтым важнага — даступнасьць. Ніякіх дакумэнтаў для атрыманьня гэтых грошай цяпер не патрабуецца, падацца можна рознымі спосабамі, і грошы паступяць на працягу трох дзён.

Задача ўраду — максымальна хутка дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу. А ўсе пытаньні па дакумэнтах могуць паўстаць праз год пры падачы падатковай дэклярацыі. Міністарка-жанчына ў сваім твітэры сказала, што канадцы хлусіць ня будуць, але могуць выпадкова памыліцца наконт таго, ці адпавядаюць яны крытэрам атрыманьня дапамогі. Таму і штрафаў ня будзе.

Ці жаночы гэта быў падыход, ці кансалідаваны? Складана сказаць. Хоць ён працягвае лёгіку, прадстаўленую ў артыкуле пра «жаночы» падыход. Зрэшты, і гэты ракурс мне не падабаецца, бо акцэнт робіцца не на прафэсійных якасьцях лідэрства, а на жаночых, ці, дакладней, тых, якія тыпова прыпісваюцца жанчыне, тым самым прымяншаючы прафэсійныя якасьці кіраўніц.

Зь іншага боку, існуюць рэкамэндацыі САЗ аб уключэньні жанчын у камісіі па прыняцьці рашэньняў ва ўмовах пандэмій і іншых гуманітарных катастрофаў. Бо жаночы вопыт адрозьніваецца ад мужчынскага, і яны лепш разумеюць патрэбы, якія ёсьць у жанчын. У мужчын, якія прымаюць рашэньні, такога падыходу, безумоўна, ня будзе, і тады з праграм дапамогі насельніцтву патрэбы жанчын і дзяўчынак будуць выключаныя.

«Жанчыны-лідэры дэманструюць і даказваюць, што дзяржава гатовая клапаціцца пра людзей»

Ірына Саламаціна
Ірына Саламаціна

Ірына Саламаціна: Думаю, што на гэтую тэму будзе напісана яшчэ шмат артыкулаў і кніг. І тое, што можна сказаць ужо цяпер: жанчыны — кіраўніцы і лідэркі краінаў дэманструюць клопат аб грамадзянах і грамадзянках усіх узростаў. Жанчыны-лідэры дэманструюць і даказваюць, што дзяржава гатовая клапаціцца пра людзей, дапамагаць ім і фінансава, і маральна, і несьці адказнасьць за гэты, перш за ўсё мэдычны, крызіс: каардынуючы людзей, тлумачачы і папярэджваючы пра ўсе магчымыя пагрозы.

Прамова канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель была спакойная і інфарматыўная. Яна папярэдзіла людзей, што гэта сурʼёзны вірус, які можа заразіць да 70% насельніцтва краіны, і заклікала ўсіх быць уважлівымі да свайго здароўя. Яна падзякавала і тым, хто адмовіўся ад сацыяльных кантактаў, і тым, хто самааддана працягвае працаваць у супэрмаркетах.

У Ісьляндыі, якой кіруе прэмʼер-міністарка Катрын Якабстоўхтыр, прапанавалі бясплатнае тэставаньне на каранавірус усім грамадзянам. Нягледзячы на істотны кошт гэтага захаду, стратэгічна ён апраўданы, бо чым больш тэстаў, тым больш зразумела, што адбываецца з распаўсюджваньнем Covid-19, хто на яго ўжо перахварэў і што з гэтым можна рабіць далей.

І Эрна Сольбэрг, прэмʼер-міністарка Нарвэгіі, і Мэтэ Фрэдрыксэн, дацкая прэмʼер-міністарка, зрабілі тое, чаго да іх ніхто не рабіў. Арганізаваўшы спэцыяльныя прэс-канфэрэнцыі, яны адказвалі на пытаньні дзяцей і тлумачылі, чаму нармальна адчуваць страх.

Прэзыдэнтка Славаччыны Зузана Чапутава прадэманстравала неабходнасьць насіць засьцерагальныя маскі тым, што падчас прысягі новага ўраду краіны ў засьцерагальных масках былі ўсе прысутныя. Усе згаданыя жанчыны — лідэркі дзяржаваў выпрацоўваюць адказную нацыянальную палітыку і гатовыя несьці адказнасьць за яе і абараняць і падтрымліваць людзей у сваіх краінах.

Якую ролю жанчыны на розных узроўнях адыгрываюць падчас пандэміі?

Вікторыя Лаўрынюк: Жанчыны ў большай ступені, чым мужчыны, пацерпяць праз пандэмію. Жанчыны дыспрапарцыйна занятыя ў сфэрах абслугоўваньня — у крамах, якія будуць працаваць пры любой ступені ўведзенага карантыну, на перадавой у сфэры аховы здароўя. Большасьць мэдсясьцёр — гэта жанчыны, дактары — таксама. А вось мэдычныя кіраўнікі — гэта ўжо мужчыны, яны не на перадавой. Пераважна жанчыны глядзяць за сваімі дзецьмі, а таксама за сваякамі старэйшага ўзросту, а гэта значыць, што ў выпадку закрыцьця школ-садоў і пераходу на дыстанцыйную працу для тых, каму гэта магчыма, асноўная нагрузка легла на плечы жанчын. Як вынік, яны змогуць менш эфэктыўна выконваць працу, што непасрэдна можа адбіцца на іх карʼеры.

«У Беларусі жанчыны займаюць 85,6% працоўных месцаў у сфэры аховы здароўя і сацыяльных паслуг»

Ірына Саламаціна: Роля важная! І гэта даказвае частата зьяўленьня жанчын-мэдработніц на вокладках модных часопісаў. На вокладку красавіцкага нумару італьянскага часопіса Vanity Fair трапіла Катэрына Конці, спэцыялістка па рэсьпіраторных захворваньнях з гораду Бэргама, які стаў эпіцэнтрам пандэміі ў Італіі.

Амэрыканскі штотыднёвік The New Yorker зьмясьціў на вокладку бальнічны калідор, і там на пярэднім пляне жанчына ў мэдычным халаце, пальчатках і засьцерагальнай масцы. Яна трымае тэлефон і знаходзіцца на відэасувязі з мужам і дзецьмі, якія кладуцца спаць. І гэта пра тое, што жанчыны цяпер уносяць значны ўклад у барацьбу з пандэміяй.

У Беларусі жанчыны займаюць 85,6% працоўных месцаў у сфэры аховы здароўя і сацыяльных паслугаў. Толькі вось я ня бачу іх на вокладках беларускіх часопісаў, як і вялікіх інтэрвію зь імі ў беларускіх СМІ не чытала. Але калі большасьць мэдычных кадраў — жанчыны, то ім патрэбныя і сродкі абароны, і годныя ўмовы працы.

Работніцы нямецкіх супэрмаркетаў запусьцілі пэтыцыю за павышэньне заробкаў. Прычым гэтая тэма актуальная і для мэдыцыны, бо для надзейнага функцыянаваньня сыстэмы аказваньня мэдычных паслуг неабходна пераадолець гендэрны разрыў у аплаце і стварыць годныя і бясьпечныя ўмовы працы.

«70 адсоткаў супрацоўнікаў у сфэры догляду хворых і ў сацыяльнай сфэры — жанчыны»

Вольга Шпарага: Жанчыны і мужчыны аказаліся па-рознаму ўразьлівыя ў гэтай сытуацыі. Дасьледаваньні паказваюць, што каля 70 працэнтаў інфікаваных COVID-19 — гэта мужчыны. Аднак жанчыны ўразьлівыя ў іншым сэнсе. Так, праведзенае САЗ у 2019 годзе дасьледаваньне 104 краінаў выявіла, што 70 адсоткаў супрацоўнікаў у сфэры догляду хворых і ў сацыяльнай сфэры — жанчыны, а ў Эўропе жанчыны складаюць 84 працэнты пэрсаналу, які ажыцьцяўляе догляд хворых і на якім ляжыць у дадзены момант падвышаная нагрузка.

Нямецкія дасьледчыкі прыводзяць і іншыя прыклады: менавіта жанчыны пераважна сядзяць за касамі супэрмаркетаў, працуюць у аптэках і даглядаюць за хворымі, і вымушаныя таму заставацца на сваім працоўным месцы і кантактаваць зь людзьмі ў гэтай сытуацыі.

Гэта агаляе такую важную, на мой погляд, праблему, наколькі недаацэненай дагэтуль аказваецца праца, зьвязаная з доглядам (care work). Высокая сьмяротнасьць мужчын у гэтай сытуацыі, дарэчы, можа быць таксама разгледжана ў кантэксьце гэтай працы: нормы маскуліннасьці, якія падтрымліваюцца ў сучасных грамадзтвах, перашкаджаюць мужчынам ня толькі клапаціцца пра дзяцей і сваіх бацькоў або нароўні з жанчынамі займацца хатнімі справамі, але і клапаціцца пра саміх сабе. Так што я вельмі спадзяюся на тое, што ацэнка гэтай сфэры працы ўзрасьце, і аплата таксама.

Урад Новай Зэляндыі скараціў сабе заробак у часе пандэміі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:40 0:00

Дарэчы, менавіта зварот да гэтай сфэры працы і жыцьця, а не да вайны і ворагаў, мы бачым у зваротах жанчын-палітыкаў да грамадзян сваіх краін — яны кажуць пра клопат, эмпатыю, называюць розныя групы — дзяцей, напрыклад. І менавіта гэта павышае давер да таго, што робяць гэтыя палітыкі. Таму што давер, як і салідарнасьць, наўпрост зьвязаныя з нашай здольнасьцю суперажываць іншым і вельмі розным людзям, а таксама рабіць усё магчымае, каб усе мы, а ня толькі прывілеяваныя групы, маглі весьці годнае жыцьцё.

Якія найбольшыя рызыкі і небясьпекі ў жанчын падчас пандэміі?

Вікторыя Лаўрынюк: Хатні гвалт. Цяпер, калі людзі абмежаваныя прасторай кватэраў, плюс агульнае напружаньне, ідзе ўсплёск хатняга гвалту, і зноў жанчыны становяцца ахвярамі ў пераважнай большасьці выпадкаў. І тут неабходныя дадатковыя меры і фінансаваньне па забесьпячэньні бясьпекі жанчын і дзяцей.

Ірына Саламаціна: У розных краінах па-рознаму. Нядаўна быў апублікаваны зварот Антонію Гутэрыша, Генэральнага сакратара ААН, які зьвярнуў увагу на тое, што менавіта цяпер важна забясьпечыць гендэрную роўнасьць і абараніць правы жанчын. Пандэмія мае разбуральныя сацыяльныя і эканамічныя наступствы для жанчын і дзяўчат.

Амаль 60 працэнтаў жанчын ва ўсім сьвеце працуюць у нефармальным сэктары эканомікі, зарабляючы менш, зьберагаючы менш і маючы большую рызыку апынуцца ў галечы. У часы пандэміі і тыя жанчыны, якія ня страчваюць аплачванай працы, і тыя, хто яе губляе, вымушаныя выконваць неаплатную працу па доглядзе за блізкімі.

Генэральны сакратар ААН заклікае дзяржавы выпрацоўваць захады дзеля абароны і стымуляваньня эканомікі, пачынаючы з грашовых выплатаў і заканчваючы крэдытамі і пазыкамі, якія павінны быць арыентаваныя на жанчын. Заклікае пашырыць сыстэмы сацыяльнай абароны і прызнаць неаплатную працу па доглядзе каштоўным і жыцьцёва важным укладам у эканоміку краін.

І, вядома, адным з наступстваў пандэміі становіцца рост гвалту ў адносінах да жанчын. У некаторых краінах назіраецца ўзрастаньне колькасьці выпадкаў хатняга гвалту. І ўсё гэта патрабуе рэагаваньня. Напрыклад, у Італіі і Францыі жанчыны могуць уратавацца ад хатняга гвалту, зьвярнуўшыся ў аптэку і сказаўшы фармацэўту пэўны код.

Мы таксама вырашылі падымаць усе гэтыя пытаньні ў Беларусі, і чытачкі «Толькі жанчын» могуць падпісацца на рассылку «Беларускай арганізацыі працоўных жанчын» і атрымліваць інфармацыю пра тое, чаму важна абараняць жанчын ад падвышанай рызыкі беднасьці ў пэрыяд COVID-19 у Беларусі. Чаму жанчын звальняюць часьцей, чым мужчын, у час крызісу? Што рабіць, калі вам прапануюць адпачынак за свой кошт або пагражаюць звольніць? Як абараніць сябе на рынку працы? Мы будзем пісаць пра гэта і праводзіць прыклады, як гэтыя праблемы вырашаюцца ў іншых краінах.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG