Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая прэзыдэнтка Латвіі Вайра Віке-Фрэйбэрга: У 11 гадоў мяне ледзь ня выдалі замуж


Вайра Віке-Фрэйбэрга, Прага, 2006

Яшчэ ў дзяцінстве, разам зь сям’ёй, Вайра Віке-Фрэйбэрга ўцякла з разбуранай вайной Латвіі. Больш за 50 гадоў правяла ў эміграцыі, а па вяртаньні стала прэзыдэнткай краіны. Бі-Бі-Сі расказала гісторыю яе жыцьця.

Вайра Віке-Фрэйбэрга стала першай жанчынай-прэзыдэнткай у краінах, якія раней належалі да савецкага блёку.

«Мае бацькі ніколі не дазвалялі мне забыць, што я – латышка» – кажа Віке-Фрэйбэрга.

Першыя ўспаміны пра Латвію - чырвонаармейцы і жорсткі жыцьцёвы ўрок

Падчас Другой сусьветнай вайны гэтая краіна Балтыі была захоплена Савецкім Саюзам і нацысцкай Нямеччынай. Вайра Віке-Фрэйбэрга расказала, што яна яшчэ памятае той хаатычны час, асабліва 1944 год, калі расейскія вайскоўцы – вайскоўцы Чырвонай Арміі – зноў уварваліся ў Латвію. «Мяне ўразілі людзі з чырвонымі сьцягамі, якія ўзьнімалі ўгару кулакі. Тады, калі адзін зь іх праходзіў міма, я таксама падняла кулак і крыкнула «Ура!». А тады заўважыла сваю страшна ўражаную маці, якая абаперлася аб слуп. Па яе шчоках цяклі сьлёзы. Мама мне сказала: «Дзіцятка, прашу, не рабі так. Гэта вельмі сумны дзень для Латвіі», – узгадвае В. Віке-Фрэйбэрга.

Вайра Віке-Фрэйбэрга ў пяцігадовым узросьце, зіма 1942, Рыга, Латвія
Вайра Віке-Фрэйбэрга ў пяцігадовым узросьце, зіма 1942, Рыга, Латвія

​Першы этап вялікай вандроўкі Вайры і яе сям'і на Захад прайшоў у вайной разбуранай Нямеччыне. Пазьней яны перабраліся ў францускае Марока і ў нарэшце – пасяліліся ў Канадзе.

Вайра Віке-Фрэйбэрга вярнулася ў Латвію толькі ў 1998 годзе, калі ёй ужо было 60 гадоў. Праз 8 месяцаў пасьля вяртаньня на радзіму яна стала прэзыдэнткай.

Вайра ўзгадвае, як яе тата ў 1944 годзе слухаў «BBC World Service», адчайна спрабуючы зразумець хаду вайны. У тым самым годзе яе тата прыняў рашэньне пакінуць Латвію. «На карабель мы трапілі напярэдадні новага, 1945-га году. Гэта быў вайсковы ўзброены карабель, і ўсім было зразумела, што выбух тарпэды ён бы не перажыў.

На карабель былі прынятыя і некаторыя мірныя жыхары – тыя, хто любым чынам стараўся ўцячы ад камунізму. Латышы перад адпраўкай сабраліся на палубе і засьпявалі нацыянальны гімн», – распавядае Віке-Фрэйбэрга. Тады сямʼя дабралася да аднаго зь лягераў уцекачоў у Нямеччыне. Умовы былі жахлівыя – маленькая сястра Вайры захварэла на пнэўманію і памерла. Ёй на той момант было ўсяго 10 месяцаў.

У тым самым годзе ў маці Вайры нарадзілася яшчэ адно дзіця – гэтым разам хлопчык. Але гэтую падзею азмрочыў выпадак, які Вайра ўзгадвае як жорсткі ўрок жыцьця.

«Маладая жанчына 18 гадоў ляжала з намі ў адным пакоі. Яна нарадзіла дзяўчынку, якую зусім не чакала. Яна не хацела даваць ёй імя і не хацела мець зь ёй нічога агульнага, бо гэтае дзіця было вынікам групавога згвалтаваньня савецкіх вайскоўцаў», – распавядае далей Вайра.

«Кожны раз, калі мэдсёстры прыносілі бедную дзяўчынку, мама адварочвалася ад яе да сьцяны, плакала і адмаўлялася размаўляць зь дзіцем. Мэдсёстры назвалі яе Марай – такое самае імя было і ў маёй сястры», – узгадвае В. Віке-Фрэйбэрга.

«Я тады думала, што гэта ўжо занадта. Гэта была Мара, якая нарадзілася, выжыла і чыйго зьяўленьня на гэтым сьвеце ніхто не чакаў. А нашу Мару, якую мы чакалі, была ў нас забраная. Тады я зразумела, што жыцьцё бывае досыць дзіўным і безумоўна вельмі несправядлівым», – кажа былая прэзыдэнтка Латвіі.

Вайра Віке-Фрэйбэрга зь іншымі вучнямі ў пачатковай школе. Лягер для ўцекачоў у Любэку, Нямеччына, 1949 год
Вайра Віке-Фрэйбэрга зь іншымі вучнямі ў пачатковай школе. Лягер для ўцекачоў у Любэку, Нямеччына, 1949 год

15 тысяч франкаў, два аслы і авечкі

Калі Вайры было 11 гадоў, яна разам зь сямʼёй была вымушаная зноў перабрацца на новае месца. Гэтым разам гэта была Касаблянка, якая тады ўваходзіла ў склад францускага Марока.

«Нас высадзілі з грузавіка ўначы каля невялікай вёскі. Там былі французы, гішпанцы, якія там жылі з часоў Грамадзянскай вайны, італьянцы і расейскія белаэмігранты,якія трапілі туды з эўрапейскага кварталу Шанхаю».

Адзін з супрацоўнікаў яе таты, мясцовы араб, нягледзячы на непаўналетні ўзрост Вайры, хацеў зь ёй ажаніцца.

Яна прыгадвае: «Тата прыйшоў дадому і сказаў: ʼЁн мне паабяцаў пасаг 15 тысяч франкаў. Акрамя гэтага прапанаваў мне двух аслоў і авечак – ён і далей уздымаў цану, але я сказаў – яна яшчэ дзіця, ёй трэба вучыцца. А тады ён мне кажа: ʼУсё добра, мы ёй дазволім хадзіць ў школу!ʼ».

Яе бацькі з гэтага толькі пасьмяяліся, але Вайру той выпадак моцна насьцярожыў.

Вайра Віке-Фрэйбэрга ў 11-гадовым узросьце, Даўра, Марока, лета 1949
Вайра Віке-Фрэйбэрга ў 11-гадовым узросьце, Даўра, Марока, лета 1949

Новае жыцьцё ў Канадзе і сэксізм ва ўнівэрсытэце

Неўзабаве сямʼя перабралася ў Канаду.

Шаснаццацігадовая Вайра атрымала працу ў банку і пачала хадзіць у вячэрнюю школу. Пасьля школы яна паступіла ва ўнівэрсытэт Таронта. Менавіта там яна сустрэла мужчыну, за якога потым выйшла замуж – Імантса Фрайбэргса, яшчэ аднаго латыскага эмігранта.

Яна вывучала псыхалёгію і ўжо ў 1965-м годзе атрымала ступень доктара навук. Як кажа Вайра, ёй пашэнціла зь яе амаль што выпадковым выбарам спэцыяльнасьці.

«Рэгістратар паказаў мне даўгі сьпіс прадметаў, які я ад пачатку і да канца ўважліва прагледзела. Тады я пабачыла даўгое слова, якое пачыналася на P і заканчвалася на Y (ангельск. psychology – псыхалёгія). І я сказала: ʼСэр, я выбіраю вось гэтаʼ».

Ва ўнівэрсытэце Вайра хутка зразумела, што жанчын у такім месцы хоць і цярпяць, але ня надта і чакаюць:

«Наш дарагі прафэсар у нейкі момант падчас сэмінару сказаў: Так, у нас насамрэч тры замужнія жанчыны на гэтай праграме дактарантуры. Жанчыны потым выйдуць замуж і народзяць дзяцей, а таму гэта марнаваньне месца, якое магло б дастацца хлопцу – патэнцыйнаму сапраўднаму навукоўцу».

«Усе мы, дзяўчаты, якія тады былі на сэмінары гэтага прафэсара, запомнілі ягоныя словы на ўсё астатняе жыцьцё».

Тады, паводле яе, дзяўчаты вырашылі паказаць прафэсару з сэксісцкімі поглядамі, што «жанчыны могуць быць нават больш пасьпяховымі, чым яго любімыя хлопцы».

У 1998 годзе, калі Вайры ўжо было 60 гадоў, яе абралі прафэсарам-эмэрытам. Тады яна і выйшла на пэнсію.

Вайра Віке-Фрэйбэрга ва ўнівэрсытэце Таронта, Канада, 1957
Вайра Віке-Фрэйбэрга ва ўнівэрсытэце Таронта, Канада, 1957

Вяртаньне ў Латвію і прэзыдэнцтва першай жанчыны-прэзыдэнткі ва Ўсходняй Эўропе

Але адным вечарам яе тэлефон зазваніў. Гэта быў прэмʼер-міністар Латвіі. Вайра атрымала прапанову ўзначаліць новы Латвійскі інстытут.

Ёй сказалі, што яны шукаюць «некага, хто з дыяспары, хто размаўляе на некалькіх мовах, хто адначасова разумее заходні мэнталітэт і латыскую культуру».

Амаль адразу яна ўключылася ў прэзыдэнцкую выбарчую гонку.

Яна адмовілася ад свайго канадзкага пашпарта, каб атрымаць магчымасьць удзельнічаць у латыскіх выбарах. Праз 8 месяцаў ад моманту вяртаньня Вайры ў Латвію яна стала першай жанчынай на прэзыдэнцкай пасадзе.

У адзін момант рэйтынг яе падтрымкі сярод насельніцтва дасягаў 85%.

«Я не была зацікаўленая ў тым каб зарабляць грошы ці яшчэ ў чымсьці гэтакім – я проста рабіла сваю працу. Некаторыя газэты з энтузіязмам шукалі што раскрытыкаваць – напрыклад, аднойчы мяне абвінавацілі ў тым, што я марнатраўца, што на Захадзе я жыла ў раскошы. Абсалютныя лухта!» – кажа яна

«Я зразумела, што СМІ даверу няма. Трэба ісьці ды размаўляць з людзьмі».

Вайра Віке-Фрэйбэрга падчас цырымоніі ўступленьня на другі тэрмін, прыступкі Рундальскага палацу, Латвія, 2003
Вайра Віке-Фрэйбэрга падчас цырымоніі ўступленьня на другі тэрмін, прыступкі Рундальскага палацу, Латвія, 2003

У 2004 годзе Вайра зрабіла шмат намаганьняў для таго, каб Латвія далучылася да NATO і Эўрапейскага зьвязу.

Тое, што я была жанчынай, можна лічыць перавагай. Памятаю, як на стамбульскім саміце NATO прэзыдэнт Джордж Буш-Малодшы прытрымліваў мяне за локаць, таму што я была на высокіх абцасах, а шлі мы даволі павольна і па гравійнай сьцежцы.

«Я зрабіла ўсё магчымае, каб растлумачыць яму, наколькі неабходна пашырэньне NATO і наколькі важна, каб Латвія была ў яго ўключана, якога прагрэсу гэтая краіна дасягнула і якой добрай волі мы былі».

«Мы ішлі павольна і атрымлівалі асалоду ад гэтага шпацыру. Я рабіла тады ўсё магчымае, каб закласьці яму ў вушы як мага больш латвійскай прапаганды. Я ня думаю, што гэта неяк некаму нашкодзіла», – кажа яна.

Другі тэрмін Вайры скончыўся ў 2007 годзе, за некалькі месяцаў да яе 70-годзьдзя. Яна была адной з заснавальніц Мадрыдзкага клюбу (Club de Madrid) – арганізацыі былых лідэраў, галоўная мэта якой – спрыяць пашырэньню дэмакратычных прынцыпаў кіраваньня.

Вайра Віке-Фрэйбэрга на сустрэчы членаў Мадрыдзкага Клюбу ў Пэкіне, Кітай, 2017
Вайра Віке-Фрэйбэрга на сустрэчы членаў Мадрыдзкага Клюбу ў Пэкіне, Кітай, 2017

Асаблівую ўвагу Вайра Віке-Фрэйбэрга надае пашырэньню магчымасьцяў жанчын. Ёй усё яшчэ не даюць спакою словы таго прафэсара з Канады. і яна ведае, што для жанчын гэтая бітва яшчэ ня выйграная.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG