Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэтэндэнтка на прэзыдэнта патрабуе прыцягнуць Лукашэнку да крымінальнай адказнасьці за дыскрымінацыю жанчын


Вольга Кавалькова

Прэтэндэнтка на пасаду прэзыдэнта, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Вольга Кавалькова 4 чэрвеня зьвярнулася ў Сьледчы камітэт з заявай аб прыцягненьні Аляксандра Лукашэнкі да крымінальнай адказнасьці паводле артыкулу 190 Крымінальнага кодэксу («Парушэньне раўнапраўя грамадзян»), паведамляе БелПАН​.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

У заяве Кавалькова піша, што Лукашэнка 29 траўня падчас наведваньня МТЗ дапусьціў «выразы дыскрымінацыйнага характару ў дачыненьні да жанчын» і зьвяртае ўвагу, што гэта «ня першыя публічныя дыскрымінацыйныя словы ў адрас жанчын ад Аляксандра Лукашэнкі»:

  • «Прэзыдэнцкае крэсла прадстаўніцы слабога полу» ён бы «не саступіў», бо «гэта не жаночая, цяжкая справа» (заява 7 кастрычніка 2011 году на прэс-канфэрэнцыі расейскім СМІ).
  • «У нас у прэзыдэнта паўнамоцтваў куча — ад бясьпекі да эканомікі, якія пакуль чалавек у спадніцы ня зможа, напэўна, выконваць» (11 кастрычніка 2015 году падчас размовы з журналістамі на выбарчым участку).
  • «Мы, славяне, ня вельмі ўспрымаем, калі жанчына-прэзыдэнт. Гэта чыста мужчынская прафэсія. Ня трэба вам у гэтыя прэзыдэнты лезьці, гэта бяда, гора, ня дай бог» (скарочаная цытата).

У заяве Кавалькова спасылаецца на:

  • Артыкул 22 Канстытуцыі, які абвяшчае, што «ўсе роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў».
  • Артыкул 32 Канстытуцыі, у якім гаворыцца, што «жанчынам забясьпечваецца даваньне роўных з мужчынамі магчымасьцяў у атрыманьні адукацыі і прафэсійнай падрыхтоўцы, у працы і прасоўваньні па службе (рабоце), у грамадзка-палітычнай, культурнай і іншых сфэрах дзейнасьці, а таксама стварэньне ўмоваў для аховы іх працы і здароўя».
  • Артыкул 80 Асноўнага закону: «прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэньні, не маладзейшы за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і пастаянна пражывае ў Беларусі ня менш як 10 гадоў непасрэдна перад выбарамі».
  • Артыкул 26 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Беларусьсю, дзе гаворыцца, што «ўсе людзі роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону закона».

«Заявы Аляксандра Лукашэнкі ў адрас мяне як жанчыны і ўсіх жанчын зьяўляюцца наўмысным усталяваньнем пераваг грамадзян у залежнасьці ад полу і прычынілі істотную шкоду маім канстытуцыйным правам і свабодам», — адзначае Кавалькова ў заяве.

Гэтыя выказваньні парушаюць раўнапраўе грамадзян, за што прадугледжаная крымінальная адказнасьць згодна з артыкулам 190 Крымінальнага кодэксу Беларусі, сьцьвярджае Кавалькова.

Раней за выказваньне пра «Канстытуцыю не пад жанчыну» на Лукашэнку ўжо паскардзіліся ў Цэнтральную выбарчую камісіі, аднак яе старшыня Лідзія Ярмошына палічыла, што для вынясеньня папярэджаньня Аляксандру Лукашэнку за гэтыя выказваньні «няма прававых падстаў».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG