Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарчыя пікеты альтэрнатыўных кандыдатаў у Менску і Берасьці. Сем гадзінаў ВІДЭА

абноўлена

Свабода вядзе жывыя відэастрымы зь Менску і Берасьця, дзе людзі ідуць да выбарчых пікетаў прэтэндэнткі на кандыдата ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай. Яе мужа, папулярнага блогера Сяргея Ціханоўскага, затрымалі 29 траўня ў Горадні падчас выбарчага пікету.

Выбары-2020. Што адбываецца ў Менску і іншых гарадах 31 траўня

Пікет у Менску

На 13:20 валянтэры «Вясны» налічылі больш за 2100 чалавек на пікетах у Менску.

Маладыя людзі ня думаюць, што ініцыятыўную групу Сьвятланы Ціханоўскай зарэгіструюць. Яны прыйшлі, каб «выказаць свой пратэст таму, што адбываецца». На думку дзяўчыны, улады дазваляюць фабрыкаваць справы, нягледзячы на тысячы сьведкаў.

«Вельмі хочацца верыць, што абʼяднаньне беларускага народу пачалося. Вельмі хочацца, каб людзі пачалі выходзіць і абараняць свае правы», — кажа малады чалавек.

Ён кажа, што пакіне подпіс за Сьвятлану Ціханоўскую, Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.

У Менску на 12:30 чарга да пікету на Камароўскім рынку расьцягнулася да выхаду з станцыі мэтро «Плошча Якуба Коласа». Праз 20 хвілін чарга расьцягнулася да будынку Міністэрства спорту і турызму.

Пікет ля Камароўскага рынку ў Менску
Пікет ля Камароўскага рынку ў Менску

На плошчы каля Камароўскага рынку зьвіўся кандыдат на прэзыдэнта ў 2010 годзе Дзьмітры Вус. Ён кажа, што прыйшоў падтрымаць Мікалая Статкевіча пасьля закліку таго ў YouTube.​

Жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч расказала пра акалічнасьці затрыманьня палітыка. Іхную машыну спынілі сінія мікрабусы, Статкевіча выцягнулі, перакрылі дарогу Адамовіч, каб яна не магла прасачыць, куды павезьлі мужа. Ніводнага чалавека ў форме пры гэтым не было.

Мянчук з чаргі да падпіснога стала Віктара Бабарыкі сказаў, што падтрымлівае яго, бо спадзяецца на танныя крэдыты і магчымы разрыў сувязяў з Расеяй.

А 14:20 на каля намётаў з падпіснымі сталамі зьявіўся супрацоўнік АМАП, які заклікаў людзей разысьціся, бо яны нібыта сабраліся на незаконны мітынг. Пазьней пікетоўцы асьвісталі невядомых у масках, заявіўшы, што гэта цітушкі. Пазьней пікетоўцы пачалі скандаваць «Стоп таракан!», «Сыходзь».

Пікет у Берасьці

У Берасьці спалучыліся 2 акцыі: пратэст супраць акумулятарнага заводу і пікет за вылучэньне кандыдатам на прэзыдэнта Сьвятланы Ціханоўскай. На берасьцейскай плошчы Леніна зьбіраюцца людзі, каб прайсьці калёнай да пікету Ціханоўскай.

Пратэст супраць акумулятарнага заводу на плошчы Леніна ў Берасьці
Пратэст супраць акумулятарнага заводу на плошчы Леніна ў Берасьці

Удзельнікі калёны а 12:30 рушылі ад плошчы Леніна да кінатэатру «Беларусь». Удзельнік калёны зь бел-чырвона-белым сьцягам Юры сказаў Свабодзе, што «будзе падпісвацца за ўсіх, акрамя Лукашэнкі». Інцыдэнт у Горадні выклікаў у мужчыны лютасьць. Ён лічыць, што гэта была правакацыя, бо праз гадзіну пасьля здарэньня сюжэт пра гэта паказалі на БТ.

Берасьцейка ў чарзе да падпіснога стала Ціханоўскай кажа, што «ня хоча жыць пры такім рэжыме». Жанчына расказвае, што жыве ад заробку да заробку і выхоўвае траіх дзяцей. Яна прыехала на пікет, каб пасьпець паставіць подпіс перад працай і далучыцца да людзей, якія хочуць пераменаў.

У натоўпе каля кінатэатру «Беларусь» чуваць воклічы «Выпускай!».

Чэргі да пікетаў у Горадні, Берасьці, Гомлі, Магілёве, Жлобіне, Маладэчне, Віцебску, Лідзе, Стоўпцах, Рэчыцы

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў у Горадні. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG