Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Бабарыку маглі прапанаваць пасаду прэм’ера ў Расеі, не ў Беларусі


Віктар Бабарыка, Аляксандар Лукашэнка, каляж
Віктар Бабарыка, Аляксандар Лукашэнка, каляж

Падчас наведваньня 29 траўня Менскага трактарнага заводу Аляксандар Лукашэнка выказаўся пра Віктара Бабарыку, не назваўшы ягонага імя. Былы кіраўнік Белгазпрамбанку нядаўна заяўляў, што хтосьці прапаноўваў яму пасаду прэм’ер-міністра ў абмен на зьняцьце з выбараў. Лукашэнка сказаў, гэта быў ня ён.

Як сьцьвярджае БелТА, пытаньне пра «аднаго з альтэрнатыўных удзельнікаў выбарчай кампаніі» паступіла ад работніка МТЗ. Лукашэнка адказаў, што памятае, што «гэта банкір недзе зрабіў» — маўляў, «бачыў у інтэрнэце».

«Гэтаму банкіру час падумаць, дзе ён будзе працаваць пасьля выбараў, — казаў Лукашэнка. — І наогул са школы і вас, і мяне вучылі: не хлусі. У Беларусі толькі адзін чалавек паводле Канстытуцыі мае права прапанаваць пасаду прэм'ер-міністра і ўнесьці кандыдатуру ў парлямэнт для зацьверджаньня. Я нікому нічога не прапаноўваў. Тым больш яму. Які досьвед у яго, каб быць прэм'ер-міністрам».

Лукашэнка таксама пацьвердзіў намеры зьмяніць бліжэйшым часам склад ураду і прызначыць выканаўцу абавязкаў прэм’ера, а калі той «будзе добра працаваць», то «пасьля выбараў мы яго зацьвердзім».

«Магчыма, гэтаму чалавеку прапаноўвалі пасаду прэм'ер-міністра ў іншай краіне, — казаў Лукашэнка пра «банкіра». — Але я так прыкінуў, думаю: у адной нядаўна прызначылі Мішусьціна (такое прозьвішча мае прэм’ер-міністар Расеі. — РС). Там маглі яму прапанаваць.

Вы ведаеце, на чые грошы ён вылучаецца. Ва Ўкраіне Ўладзімір Зяленскі нядаўна наогул памяняў прэм'ер-міністра. Таму, па-мойму, гэта блеф. Такі дробны блеф і падман».

Заяву аб прапанове быць прэм’ерам Бабарыка зрабіў 26 траўня. На пытаньне пра тое, хто ж прапаноўваў зьняцца ў абмен на пасаду прэм’ера, Бабарыка адказаў, што ня стане гэтага камэнтаваць «бяз згоды іншых асобаў», бо гэта «проста некарэктна». У інтэрвію Tut.by 29 траўня іншы патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты, тату-майстар і вакаліст мэтал-гурту Znich Алесь Таболіч казаў, што можа запрасіць Бабарыку на пасаду, зьвязаную з кіраваньнем эканомікай.

Адносна будучай працы Бабарыка казаў, што можа заняцца прадпрымальніцкай дзейнасьцю або вярнуцца ў Белгазпрамбанк, «калі паклічуць». У банку прызначылі выканаўцу абавязкаў старшыні праўленьня, але яшчэ ня новага старшыню.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG