Рада дырэктараў «Белгазпрамбанку» прызначыла выканаўцам абавязкаў старшыні праўленьня замест Віктара Бабарыкі, які вырашыў балятавацца на пасаду прэзыдэнта, Кірыла Бадзея, паведамляе «Інтэрфакс».
Дагэтуль у якасьці намесьніка старшыні праўленьня «Белгазпрамбанку» Кірыл Бадзей быў куратарам раздробнага бізнэсу. Ён сын Георгія Бадзея, які ў сярэдзіне 1990-х быў міністрам эканомікі Беларусі, а пасьля стаў на чале Саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафэсара Куняўскага.
12 траўня Віктар Бабарыка абвясьціў пра свой намер удзельнічаць у выбарнай кампаніі і звольніўся з пасады на ўласнае жаданьне.
Прадстаўнік расейскага «Газпрома» Сяргей Купрыянаў заявіў тады, што рашэньне Бабарыкі пакінуць «Белгазпрамбанк» было абсалютна нечаканым для акцыянэраў крэдытнай арганізацыі, яму не было відавочнай замены.
Віктар Бабарыка узначальваў «Белгазпрамбанк» ад 2000 году. «Газпром» і «Газпромбанк» маюць па 49,8% акцый гэтай фінансавай установы.