Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабарыка можа стаць больш прадказальным для Крамля, чым Лукашэнка, — палітоляг


Віктар Бабарыка і Аляксандар Лукашэнка. Каляж
Віктар Бабарыка і Аляксандар Лукашэнка. Каляж

Кіраўнік Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў палітоляг Пётра Рудкоўскі адказвае на пытаньне, навошта альтэрнатыўныя кандыдаты бяруць удзел у гэтай кампаніі, тлумачыць, у якім выпадку Крэмль адчуў бы для сябе рызыку, і дае (пэсымістычны) прагноз на вынікі выбараў.

Сьцісла:

  • Сюрпрызаў ня будзе, 75–80 працэнтаў «забясьпечаць» Лукашэнку традыцыйным мэтадам
  • Калі будзе выразна адчувацца электаральны посьпех, напрыклад, Бабарыкі — то сыстэма адчуе, што «кароль слабее»
  • Рызыкамі для Крамля была б адназначная эўраатлянтычная інтэграцыя Беларусі альбо (і) жорсткая беларусізацыя.
  • Лукашэнка — ня мара Крамля, гэта вельмі спрэчны і складаны партнэр

— Як складаецца першасная архітэктура гэтай выбарчай кампаніі? На што варта зьвярнуць увагу, у чым яе адметнасьць? Што, на вашую думку, новае і нечаканае, што адрозьнівае гэтую кампанію ад іншых?

— Прадстаўлены буйны бізнэс, малы бізнэс, намэнклятура, пратэставыя групы. Няма адназначнага прадстаўніка ад нацыянальна-арыентаванай групы насельніцтва, але праваднікоў іхніх інтарэсаў можна пабачыць у кандыдатах ад праймэрыз. Таму маем даволі прадстаўнічую структуру ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў.

Пётар Рудкоўскі
Пётар Рудкоўскі

Выразная навінка гэтых выбараў — зьяўленьне прадстаўнікоў буйнога бізнэсу. У 2010 годзе быў прадстаўнік эканамічнай супольнасьці, эканаміст-тэарэтык Яраслаў Раманчук. Але не было такога, як цяпер, калі бізнэс мае на выбарах сваіх вельмі сур’ёзных прадстаўнікоў.

— Ці лічыце вы адметнасьцю кампаніі тое, што рэйтынг Лукашэнкі, магчыма, гістарычна нізкі, аўтарытэт улады на фоне эканамічных правалаў і каранавірусу надзвычай слабы?

— Хаця ў нас сапраўды няма дакладных сацыялягічных зьвестак, але апасродкаваныя дадзеныя на гэта сапраўды паказваюць. Гэта і галасаваньні ў інтэрнэце, і сацыялягічныя дадзеныя, якія сьведчаць, што адчуваньні ўласнага дабрабыту, эканамічнага становішча пагаршаюцца. На гэта накладаецца рэакцыя ўладаў на пандэмію, якая многімі людзьмі нават з традыцыйнага электарату Лукашэнкі ўспрымаецца як неадказная і непасьлядоўная.

Ува што гэта можа выліцца? Найперш маральны момант. Гэта ніяк не паспрыяе выйгрышу альтэрнатыўнага кандыдата. За апошнія 12 выбарчых кампаній сыстэма «падліку» галасоў вельмі добра зладжаная. Сюрпрызаў не выпадае чакаць, 75–80 працэнтаў будзе традыцыйным мэтадам «забясьпечана» Аляксандру Лукашэнку.

— Тады лягічна будзе запытаць, які сэнс можна пабачыць ва ўдзеле альтэрнатыўных кандыдатаў у гэтай кампаніі. Яны спадзяюцца на перамогу, на нейкія зьмены ў краіне пасьля выбараў, на свой далейшы ўдзел у палітыцы?

— Сярод 14 прэтэндэнтаў могуць быць самыя розныя матывы. Я выкажуся пра тое, які ўвогуле можа быць сэнс. Ну, па-першае, банальная фраза пра тое, што гэта будуць чарговыя выбары, але не апошнія. Ня так далёка і 2025 год, і вельмі верагодна, што там рэальна будуць патрэбныя альтэрнатыўныя кандыдаты.

Я перакананы, што Лукашэнка і ягонае атачэньне разглядаюць варыянты «элегантнай» перадачы ўлады. Для яго недапушчальная сытуацыя, калі ён прайграе выбары. Гэта сорам, прыніжэньне, няўпэўненасьць у заўтрашнім дні і гэтак далей. Калі ж будзе знойдзена формула перадачы ўлады, то гэты капітал, які будзе здабыты альтэрнатыўнымі кандыдатамі падчас гэтай кампаніі, — ён стане актуальным тады.

А калі глядзець у кароткачасовай пэрспэктыве, то гэты разрыў паміж афіцыйнымі лічбамі і рэальнымі — пра яго мы можам не даведацца, але ён будзе адчувацца насельніцтвам. І гэта вельмі важны сыгнал для сыстэмы, намэнклятуры. Гэта будзе ўлічвацца, уплываць на настроі ўнутры сыстэмы. Калі будзе выразна адчувацца электаральны посьпех, напрыклад, Бабарыкі — то сыстэма адчуе, што «кароль слабее», што трэба сапраўды думаць пра сыстэмныя рэформы.

— Але ўлада нібыта павінна ведаць сапраўдную сацыялёгію. З гэтага гледзішча — як яна можа паводзіць сябе на гэтых выбарах, якія лёзунгі абраць? Натуральна, што найперш Лукашэнка спадзяецца на майстэрства падліку, але і электаральную падтрымку ён заўсёды хацеў атрымаць.

— Тут вялікіх козыраў і няма. Традыцыйна былі два моманты — «дабрабыт» і «стабільнасьць» — пазьней далучылася і «незалежнасьць» у той ці іншай фармулёўцы. Цяпер «дабрабыту» няма, маем крызіс і пагаршэньне эканамічнай сытуацыі. На гэта накладаецца каранавірус, зьвязаныя зь якім дзеяньні ўладаў многімі ацэньваюцца крытычна. Якім чынам удасца абгрунтаваць, што беларускі падыход да пандэміі правільны, — цяжка сказаць.

Фактычна застаецца толькі поле незалежнасьці і абароны сувэрэнітэту. Тут можна заўважыць, што першы «прывітальны» артыкул у газэце «Беларусь сегодня» пра вылучэньне Віктара Бабарыкі быў акурат пра тое, што ён ледзьве не прарасейскі кандыдат.

— А як сапраўды можа павесьці сабе Масква на гэтых выбарах? Кожную кампанію раздаюцца галасы, што вось зараз нарэшце Расея не падтрымае Лукашэнку, выступіць супраць яго. І кожны раз гэтага не адбываецца.

— Я думаю, што роля і зацікаўленасьць Расеі беларускімі выбарамі значна перабольшвалася. Гэта не задача нумар адзін. Крэмль, я мяркую, разважае лёгікай рызыкаў. Таму рызыкамі для Крамля была б адназначная эўраатлянтычная інтэграцыя Беларусі альбо (і) жорсткая беларусізацыя.

Але пакуль для іх няма патрэбы і неабходнасьці ў тым, каб празьмерна ўмешвацца, інвэставаць зашмат энэргіі і рэсурсаў у беларускія выбары. І падчас гэтых выбараў у Расеі няма нейкага моцнага сцэнару, які любой цаной трэба было б рэалізаваць.

Лукашэнка ня мара Крамля, гэта вельмі спрэчны і складаны партнэр. Але ўвесь час у паветры вісела рызыка прыходу да ўлады нацыяналістычнай і празаходняй апазыцыі, і з гэтай прычыны Лукашэнка падаваўся больш-менш аптымальным.

Я скептычна стаўлюся да тэзісу, што Бабарыка можа быць стаўленікам Крамля. Гэта ня тая асоба, якая можа служыць марыянэткай. Але можна прыняць тэзіс, што Бабарыка можа стаць больш прадказальным для Крамля, чым Лукашэнка. Ён будзе адстойваць беларускі сувэрэнітэт, але адначасова ня будзе праводзіць эўраатлянтычную інтэграцыю.

— На гэтых выбарах няма моцнага празаходняга кандыдата — здаецца, упершыню ў гісторыі беларускіх прэзыдэнцкіх кампаній. Але ў Беларусі даволі значная частка насельніцтва мае празаходнюю арыентацыю. Хто можа прадстаўляць гэтых людзей на выбарах, хто зьбярэ іхнія сымпатыі?

— Варта адзначыць, што, як паказваюць сацыялягічныя апытаньні, Беларусь — даволі эўраскептычная краіна, самая скептычная сярод усіх шасьці краін «Усходняга партнэрства». Сапраўды, 25–30 працэнтаў беларусаў, паводле розных апытаньняў, падтрымліваюць эўраінтэграцыю. Але пераважна гэта адбываецца з прагматычных і эканамічных меркаваньняў — візы, падарожжы, матэрыяльныя перавагі. Матывацыя гэтай празаходняй арыентацыі пераважна матэрыяльная. У той час як прарасейскі выбар пераважна каштоўнасны — супольная гісторыя, мова, мэнталітэт.

Сярод прэтэндэнтаў ёсьць кандыдаты, якія могуць выражаць думкі празаходне арыентаваных грамадзян Беларусі. Гэта і Ганна Канапацкая, і прадстаўнікі праймэрыз. Але значную частку сымпатый такіх грамадзян можа сабраць і Віктар Бабарыка, бо ягоныя падыходы да ролі ўлады, бізнэсу, падзелу ўладаў якраз адпавядаюць заходнім палітычным устаноўкам.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG