Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары-2020: Лукашэнка быў, ды ўвесь выйшаў


Аляксандар Лукашэнка на суботніку ў красавіку 2020

На што, па вялікім рахунку, разьлік у таго ж Бабарыкі альбо Ціханоўскага? На народнае адчуваньне «скурай», што ў народу зьявіўся новы лідэр, новае ўвасабленьне. Што вось быў Лукашэнка, ды ўвесь выйшаў.

Бабрыка, Ціханоўскі і байкот. Ці магчымая перамога?

Якая перамога, вы пра што? — скажа разважлівы глядач. Усё ж вядома, Ярмошына намалюе лічбы, як заўжды, Пратэсты, калі яны і будуць, раздушаць, удзельнікаў пасадзяць. Прагноз можна рабіць хоць зараз.

Але прагноз можа ў выніку і правільны, але ён насамрэч не перадвызначаны. Сотні людзей, якія прыйшлі на Камароўку падтрымаць жонку блогера Сяргея Ціханоўскага, тысячы людзей, якія літаральна за пару дзён запісаліся ў ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі — сьведчаньне таго, што нейкія зрухі ў беларускім грамадзтве адбываюцца, цяпер яны проста выйшлі на паверхню, сталі бачныя, атрымалі імёны.

Зразумела, гарантыяў няма ніякіх.

Некаторыя вераць у цудадзейны байкот. Маўляў, усе, хто гуляе ў псэўдавыбары — марыянэткі, памагатыя рэжыму. Ну а ў чым, калі разабрацца, спадзеў на байкот як на нейкі палітычны праект, плян? Людзі масава ня пойдуць на выбары, і якія б лічбы яўкі ні агучыла Ярмошына, яны будуць скурай адчуваць, будуць ведаць, што большасьць прагаласавала «нагамі». Гэта як у казцы Андэрсана — а кароль жа голы.

Разьлік менавіта такі. Ну дык а на што, па вялікім рахунку, разьлік у таго ж Бабарыкі альбо Ціханоўскага? Дык на тое ж самае — на народнае адчуваньне «скурай», што ў народу зьявіўся новы лідэр, новае ўвасабленьне. Што вось быў Лукашэнка, ды ўвесь выйшаў. Разьлік на тое ж.

І падставаў разьлічваць, так выглядае, паболей. Зьбіралі ў інтэрнэце подпісы за адстаўку Ярмошынай — такі крок у рэчышчы байкоту. Ведаеце, колькі сабралі? Каля 10 тысячаў за 9 месяцаў. А Бабарыка сабраў 10 тысячаў за 3 дні. Адчуйце розьніцу. Усё ж народны давер звычайна губляецца тады, калі яго набывае нехта іншы.

Даўно сказана, што сьветам правіць народнае меркаваньне. І гэта не пра дэмакратыю, прынамсі, не адно пра яе. Так было задоўга да ўсялякай дэмакратыі. Абрыналіся вялікія царствы, сыходзілі ў нябыт уладары, якія здаваліся ўсемагутнымі і вечнымі. Кожны раз гэта здавалася цудам, але такія цуды здараюцца рэгулярна.

Ёсьць пытаньне — як абараніць галасы. Але галоўнае пытаньне — а ці будзе што абараняць?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

Гэтыя 15 чалавек будуць зьбіраць подпісы, каб стаць кандыдатамі ў прэзыдэнты. Хто яны

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG