Афіцыйна прызналі 4 сьмерці і 950 інфікаваных за дзень. Новая статыстыка распаўсюду COVID-19 у Беларусі

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 13 траўня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19.

Паводле міністэрства, на 13 траўня:

  • агулам 25 825 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя);
  • 146 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 7711 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • Гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 952 выпадкі і прызналі яшчэ 4 сьмерці, выпісалі 737 чалавек;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 296 380 тэстаў (плюс 11 935 за дзень),;
  • колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.

Днём раней Міністэрства здароўя паведаміла пра 24 873 выяўленыя выпадкі COVID-19 (плюс 967 за дзень) і 142 пацьверджаныя сьмерці інфікаваных (плюс 7 за дзень). Да 12 траўня шэсьць дзён запар міністэрства прызнавала па больш як 900 новых выпадкаў на дзень. Ад 25 красавіка колькасьць новых выпадкаў на дзень не была меншай за 800, штодзень прызнавалі 4 ці 5 новых сьмерцяў (толькі аднойчы, 3 траўня, прызналі толькі 2 сьмерці).

У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў (і выявілі 861 новы выпадак), хоць да і пасьля таго рабілі па 7–9 тысяч на дзень.

Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.

Місія Сусьветнай арганізацыі здароўя і Пастаянная каардынатарка Арганізацыі аб’яднаных нацыяў у Беларусі заклікалі беларускія ўлады зрабіць неадкладныя новыя захады супраць эпідэміі: перанесьці або скасаваць масавыя мерапрыемствы, даць магчымасьці для дыстанцыйнай працы і адукацыі, закрыць забаўляльныя ўстановы і скараціць «неістотныя перасоўваньні» людзей. У Брусэлі кажуць, што Беларусь атрымае дапамогу ў барацьбе з COVID-19 толькі тады, калі будзе выконваць рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя.

Аляксандар Лукашэнка тым часам заяўляе, што «асабліва ня парыцца» з нагоды выяўленых выпадкаў каранавірусу. Рост пнэўманіяў у Беларусі ён лічыць «мізэрам». Лукашэнка адмаўляецца скасаваць вайсковы парад на 9 траўня, нават пасьля таго, як ад удзелу ў тым парадзе адмовіліся вайскоўцы з Расеі і Кітаю, шэраг расейскіх палітыкаў. Таксама Лукашэнка ня робіць тэст на каранавірус, хоць працягвае наведваць публічныя мерапрыемствы і асабіста сустракаецца з чыноўнікамі, ціснуць рукі пры сустрэчы. Прэзыдэнцкія выбары праз каранавірус ня сталі пераносіць, адмовіліся рабіць дыстанцыйнымі.

​
XS
SM
MD
LG