Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці берасьцейскага праваабаронцы падала заяву ў пракуратуру аб гвалтоўным зьнікненьні яе сына 


Раман Кісьляк на пікеце каля акумулятарнага заводу ў Берасьці, 2019 год
Раман Кісьляк на пікеце каля акумулятарнага заводу ў Берасьці, 2019 год

Як паведаміла БелаПАН Ружа Кісьляк, 10 траўня ў Берасьці яе сын Раман назіраў за акцыяй супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу.

Прыкладна ў 13.30 ён перастаў выходзіць на сувязь, да гэтага часу месца ягонага знаходжаньня невядомае.

«Затрыманьне майго сына падчас гэтай акцыі супрацоўнікамі АМАПу пацьвярджае фатаздымак у СМІ. Я тэлефанавала ў Ленінскі РАУС і ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Мне паведамілі, што Рамана там няма. Атрымліваецца, што ўчора яго затрымаў АМАП, і ён зьнік. Лічу, што супрацоўнікі міліцыі ведаюць, дзе знаходзіцца мой сын, але ўтойваюць гэта», — сказала Ружа Кісьляк.

Маці праваабаронцы ў сваёй заяве ў абласную пракуратуру патрабуе адшукаць сына і спыніць практыку гвалтоўных зьнікненьняў.

«Я не знаходжу сабе месца, ня спала ўсю ноч. Якімі бесчалавечнымі трэба быць, каб не паведаміць маці, дзе яе сын, нават ня даць яму патэлефанаваць, каб сказаць мне, што яго затрымалі», — заявіла Ружа Кісьляк.

Відэа затрыманьня Рамана Кісьляка апублікаванае ў суполцы праціўнікаў акумулятарнага заводу.

Таксама другія суткі невядомы лёс берасьцейскага праваабаронцы Ўладзімера Вялічкіна. Ягоная жонка таксама зьвярнулася з заявай аб зьнікненьні чалавека. Пазьней ёй сказалі, што праваабаронца знаходзіцца ў Кобрынскім ІЧУ, хоць там адмаўляюць яго месцазнаходжаньне.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG