Некалькі дзясяткаў дактароў, асуджаных па «справе мэдыкаў», маглі б сёньня лячыць хворых на каранавірус, а ня шыць рукавіцы «на зоне».
Тое, што мы цяпер перажываем, — амаль вайна. І зыход яе не відавочны. Колькі б ні храбрыўся саманадзейны і самаўпэўнены галоўнакамандуючы, што вораг — нікчэмны, і на яго можна ўвогуле не зьвяртаць увагі, подых рэальнай небясьпекі адчуваюць амаль усе. Лік ахвярам у Беларусі адкрыты, і лічба імкліва павялічваецца. Армія на гэтай вайне — мэдыкі. Якіх ужо ў хуткім часе будзе не хапаць.
Армія гэтая, як выявілася, ня надта добра ўзброеная і не найлепшым чынам аснашчаная і абмундзіраваная. Зь ня надта высокімі заробкамі і вельмі вялікай рызыкай першымі трапіць пад атаку нябачнага ворага. Як гэта адбываецца, мы ўжо бачылі на відэа з італьянскіх і гішпанскіх шпіталяў, дзе лік заражаных і памерлых мэдыкаў ідзе на сотні і дзе сыстэма аховы здароўя сутыкаецца з вострым недахопам кваліфікаваных кадраў.
У Беларусі тое самае можа паўтарыцца ўжо ў блізкай будучыні.
У шэрагу краін, каб не абвастраць і без таго складаную сытуацыю, сярод іншых захадаў пачалі часова выпускаць з турмаў зьняволеных, асуджаных за ня самыя цяжкія злачынствы. Напрыклад, у Іране зь перапоўненых турмаў часова распусьцілі па хатах каля 70 тысяч вязьняў — гэта каля траціны ўсіх зьняволеных. Нешта падобнае (хоць і не ў такіх маштабах) адбываецца шмат у якіх штатах ЗША, у краінах Заходняй Эўропы.
Перанаселеныя турэмныя камэры зь іхнымі вартымі жалю санітарнымі ўмовамі і ня самай якаснай мэдычнай дапамогай — гэта пры такой, як цяпер, пандэміі — сапраўдная біялягічная бомба.
І вось пра што думаецца ў гэтай сувязі. Першыя, каго варта было б вызваліць з турмаў у Беларусі (умоўна, часова — як заўгодна) — гэта мэдыкі. А іх у беларускіх турмах і калёніях нямала (асабліва ў выніку вядомай «справы мэдыкаў», калі было асуджана некалькі дзясяткаў урачоў).
А то ж, атрымліваецца — вайна, на якой дзясяткі (калі ня сотні) талковых камандзіраў палкоў і дывізій трымаюць у тыле, на гаўптвахце, за мутныя гісторыі з вайсковай амуніцыяй. Гісторыі непрыгожыя — спрэчак няма. І калі-небудзь, пасьля вайны, да іх, напэўна, можна вярнуцца. Але калі цяпер дасьведчаны дырэктар клінікі і здольны арганізатар мэдыцыны шые рукавіцы на зоне, замест таго каб прымаць хворых у перапоўненым інфэкцыйным шпіталі ці дзяжурыць пры апараце ШВЛ...
Працягваючы аналёгіі з вайной і перадваенным часам... У 1937–38 гадах падчас чыстак у Чырвонай Арміі было арыштавана каля 500 вышэйшых камандзіраў, ад камбрыга да маршала. 412 зь іх былі расстраляныя, яшчэ 29 памерлі падчас сьледзтва. (Для параўнаньня: у гады вайны Чырвоная Армія страціла 180 генэралаў).
Пазьней, у апошнія перадваенныя гады, сталінскі рэжым адумаўся. Вайна была непазьбежнай, а тут — дэзарганізаваная армія. Колькасьць катастроф у вайсковай авіяцыі вырасла ад 43 у 1936 г. да 148 у 1938-м, аварый — з 237 да 423. У выніку тысячы камандзіраў былі вызваленыя зь лягераў і з-пад сьледзтва і вярнуліся ў армію. Сярод іх былі, напрыклад, генэрал-палкоўнікі Аляксандар Гарбатаў і Васіль Юшкевіч. Арыштаваныя і вызваленыя перад вайной камандзір Маскоўскай пралетарскай дывізіі Леанід Пятроўскі і камандзір танкавай брыгады Аляксандар Лізюкоў атрымалі генэральскія званьні і загінулі на фронце.
Будучы маршал Савецкага Саюзу Канстанцін Ракасоўскі ў 1937–1940-м амаль тры гады правёў ва ўнутранай турме НКВД у Ленінградзе — як польскі і японскі шпіён. А 24 чэрвеня 1945 году ён жа камандаваў парадам Перамогі ў Маскве як адзін з самых выбітных палкаводцаў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў