Сустаршыня аргкамітэту партыі БХД, удзельніца праймэрыз для вызначэньня адзінага кандыдата ад правацэнтрысцкай апазыцыі Вольга Кавалькова зьвярнулася да грамадзкасьці з просьбай дапамагчы сабраць грошы аплаціць штрафы.
Як напісала Кавалькова ў сваім Фэйсбуку 20 сакавіка, яна атрымала паведамленьне ад судовага выканаўцы з пагрозамі адключыць сувязь, забараніць выезд зь Беларусі, кіраваньне аўтамабілем з прычыны неаплочаных штрафаў за ўдзел у сьнежаньскіх акцыях супраць інтэграцыі з Расеяй.
За ўдзел у акцыях Кавалькову агулам аштрафавалі на 2900 рублёў. Акрамя гэтага, яна мусіць заплаціць 256,52 рублёў у парадку прымусовага спагнаньня.
На інтэрнэт-плятформе MolaMola Кавалькова ўжо ініцыявала кампанію збору сродкаў аплаціць штрафы. Зь неабходных 2.900 рублёў (з улікам камісійных для плятформы) на момант публікацыі сабрана 45 рублёў.
Цягам сьнежня і пачатку студзеня ў гарадах Беларусі прайшлі 202 суды за акцыі пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй. Агульная сума штрафаў, якія прысудзілі 132 актывістам, — каля 65 тысяч даляраў.
Апроч штрафаў, актывістам прысуджалі арышт — агулам больш за год, ці 375 дзён арышту. «Чэмпіёнам» стаў аршанскі блогер Дзьмітры Казлоў (вядомы пад псэўданімам Шэры Кот), разам ён атрымаў 120 содняў арышту.