Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лякарні Берасьцейскай вобласьці закрываюць для наведваньняў і плянавых шпіталізацыяў


Лякарні Берасьцейскай вобласьці з 29 лютага перастаюць прымаць пацыентаў на плянавую шпіталізацыю і ўводзяць забарону наведваць пацыентаў празь нестабільную сытуацыю з вострымі рэсьпіраторнымі інфэкцыямі, паведаміў Tut.by памочнік намесьніка старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Яўген Віктаровіч.

28 лютага ў канале Nexta lite зьявілася фота дакумэнту зь Берасьцейскай абласной дзіцячай лякарні, у якім было напісана, што прыпыненьне плянавых шпіталізацыяў і забарона наведваць пацыентаў уводзяцца ў сувязі зь «нестабільнай сытуацыяй на прылеглых тэрыторыях з каранавіруснай інфэкцыяй».

На 28 лютага ў Берасьцейскай вобласьці не зафіксавана выпадкаў каранавірусу. Пад наглядам лекараў у інфэкцыйным аддзяленьні Берасьцейскай абласной клінічнай лякарні знаходзіцца кіроўца вялікагрузнага аўтамабіля, які ехаў з Паўночнай Італіі, і сям’я, якая вярталася ў Беларусь зь Міляну. Прыкметаў інфэкцыі ў іх няма.

Да якога дня прыпыненая шпіталізацыя і забароненыя наведваньні — невядома.

27 лютага ў Беларусі пацьвердзілі першы выпадак заражэньня вірусам COVID-19. Вірус выявілі ў студэнта БНТУ, грамадзяніна Ірану, які прыбыў з Баку 22 лютага.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, пацыент цяпер пачуваецца «здавальняльна». Яго і асобаў, якія зь ім кантактавалі, зьмясьцілі ў закрытыя боксы менскай інфэкцыйнай лякарні.

У БНТУ студэнтаў пераводзяць на індывідуальнае навучаньне з 28 лютага да 16 сакавіка.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG