Зранку 28 лютага стала вядома, што ў студэнта БНТУ з Ірану выявілі COVID-19 — гэта першы выпадак новага каранавірусу ў Беларусі. Хворага шпіталізавалі, Мінздароўя сьцьвярджае, што ён і тыя, хто зь ім кантактавалі, «адчуваюць сябе абсалютна здавальняюча».
У БНТУ тым часам заняткаў не спынялі, але плянуюць пераводзіць студэнтаў на індывідуальнае навучаньне. Рэктар БНТУ Сяргей Харытончык заявіў: «Надзвычайнай сытуацыі няма».
Паводле рэктара, індывідуальнае навучаньне студэнтаў БНТУ будзе арганізаванае з 28 лютага па 16 сакавіка. Схему навучаньня дэтальна прапрацуюць. Але яна ўжо выкарыстоўвалася, калі студэнты валянтэрылі падчас падрыхтоўкі і правядзеньня Эўрапейскіх гульняў у Менску.
«Панікі няма», – сьцвярджае Сяргей Харытончык.
Унівэрсытэт у афіцыйнай заяве запэўнівае, што рэктарам прынятыя ўсе захады, рэкамэндаваныя Міністэрствам аховы здароўя для вырашэньня сытуацыі з захворваньнем.
«Сытуацыя кіраваная і знаходзіцца пад кантролем кіраўніцтва», — гаворыцца ў заяве.
Рэктар паведаміў, што ў месцах, дзе знаходзіўся хворы студэнт, правялі санітарную апрацоўку.
«Ва ўнівэрсытэце арганізаваны штодзённы кантроль за станам здароўя навучэнцаў, выкладчыкаў і работнікаў. Узмацняюцца меры санітарна-гігіенічнага кантролю і дэзынфэкцыі», — паведамляецца ў заяве.
Уваход у інтэрнаты ўжо абмежаваны. Адмяняюцца масавыя падзеі ва ўнівэрсытэце, а студэнтам і работнікам рэкамэндуюць не наведваць масавых імпрэз у горадзе і абмежаваць кантакты. Ва ўнівэрсытэце пачала працу апэратыўная група пад кіраўніцтвам першага прарэктара БНТУ Георгія Вяршыны.