Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус: У Манголіі ізалявалі прэзыдэнта. Інфэкцыя ў шасьці новых краінах. Рынкі абваліліся

абноўлена

Жыхары Тэгерану ў масках
Жыхары Тэгерану ў масках

У Манголіі пасьля візыту ў Кітай на два тыдні ізалявалі ў сталічнай клініцы прэзыдэнта краіны — у адпаведнасьці з правіламі прафіляктыкі каранавіруснай інфэкцыі. Разам з кіраўніком дзяржавы ў шпіталь адправілі і іншых чальцоў мангольскай дэлегацыі.

Па ўсім сьвеце каранавірус стаў прычынай сьмерці ўжо сама меней 2800 чалавек. Заразіліся звыш 83 тысяч, вірус выяўлены на ўсіх кантынэнтах, за выключэньнем Антарктыды. Па-за межамі мацерыковага Кітаю зарэгістравана звыш 4400 выпадкаў заражэньня.

Сусьветныя рынкі працягваюць падзеньне праз каранавірус

Сусьветныя рынкі працягваюць рэзкае падзеньне на тле распаўсюджваньня новага тыпу каранавірусу, заражэньне якім зафіксавана ўжо больш як у 50 краінах.

Сёньня адзначана падзеньне індэксаў на азіяцкіх біржах — усьлед за зьніжэньнем індэксаў у чацьвер на рынках у ЗША і дзяржавах Эўропы. Таргі ў Аўстраліі завяршыліся падзеньнем індэксаў на тры зь лішнім працэнты. Аналягічнае зьніжэньне адзначана на біржах іншых краін азіяцкага рэгіёну.

Напярэдадні на нью-ёрскай біржы індэкс Dow Jones упаў больш чым на 4 % — гэта самае моцнае падзеньне за некалькі гадоў. Усяго за тыдзень каціроўкі акцый зьнізіліся больш чым на 10 %.

Новыя краіны, новыя абмежаваньні

Акрамя Беларусі, першыя выпадкі каранавірусной інфэкцыі пацьвердзілі ў Вялікай Брытаніі (больш канкрэтна, у Валіі, у чалавека, які вярнуўся з Італіі), у Азэрбайджане (у расіяніна, які прыляцеў з Ірану), у Літве (у жанчыны па вяртаньні з Італіі), у Новай Зэляндыі, у Нідэрляндах. Пра новыя пацьверджаныя выпадкі заражэньня на сваёй тэрыторыі заявілі ў Гішпаніі, Францыі, Нігерыі і Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

Эпідэміялягічная сытуацыя працягвае пагаршацца ў Паўднёвай Карэі, Іране і Італіі. У гэтых трох краінах адзначылі найбольшую колькасьць заражэньняў па-за межамі мацерыковага Кітая. У Паўднёвай Карэі, якая ў маштабе эпідэміі на другім пасьля Кітаю месцы, хворых цяпер звыш 2 тысяч, памерлі 13 чалавек. У Італіі памерлых 17, выпадкаў заражэньня — 650. Кампанія British Airways адмяніла некалькі рэйсаў у Італію, Сынгапур і Паўднёвую Карэю — у якасьці прафіляктыкі.

У Іране 245 пацьверджаных выпадкаў заражэньняў і 26 сьмерцяў ад каранавірусу. Міністэрства здароўя Ірану заклікала ўлады краіны адмяніць пятнічныя малітвы ў буйных гарадах. Мусульмане моляцца пяць разоў на дзень, і пятнічныя набажэнствы лічацца асабліва важнымі. У чацьвер стала вядома пра сьмерць ад каранавірусу былога амбасадара Ірану ў Ватыкане. Расея часова забараніла ўезд на сваю тэрыторыю іранскім грамадзянам. Аналягічнае рашэньне Расея прыняла да кітайскіх грамадзян.

У Аб’яднаных Арабскіх Эміратах праз эпідэмію перапыненая міжнародная велагонка пасьля таго, як аналізы двух удзельнікаў італьянскай каманды далі станоўчы вынік на каранавірус. На яго цяпер правяраюць усіх удзельнікаў, арганізатараў і ўсіх супрацоўнікаў, якія ўдзельнічаюць у правядзеньні спаборніцтваў.

Арганізатары прызначаных на сёлета ў Токіё летніх Алімпійскіх гульняў заявілі, што на будучым тыдні разгледзяць пытаньне аб тым, як яны будуць праводзіць эстафэту перадачы Алімпійскага агню. Раней прагучалі асьцярогі, што эпідэмія каранавірусу можа паставіць пад пагрозу правядзеньне самой Алімпіяды. У Міжнародным Алімпійскім камітэце заклікалі пакуль не драматызаваць сытуацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG