Большасьць людзей, якія хварэюць на COVID-19, маюць невыразныя сымптомы і папраўляюцца. Аднак здараюцца і больш сур’ёзныя выпадкі, зь цяжкімі праявамі хваробы. Вось парады Сусьветнай арганізацыі здароўя, як зрабіць усё магчымае, каб не захварэць. І ня толькі на каранавірус.
УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
Мыйце рукі. Часта
Рэгулярна і вельмі старанна мыйце рукі са сродкам, які зьмяшчае спірт, альбо вадой з мылам. Гэта забівае вірусы, якія вы маглі падчапіць рукамі.
Захоўвайце дыстанцыю
Старайцеся знаходзіцца на адлегласьці ня меней за 1 мэтар ад суразмоўцаў, якія кашляюць ці шморгаюць носам. Знаходзячыся блізка ад хворага чалавека, вы можаце ўдыхнуць вірус, які распаўсюджваецца пры кашлі і чханьні, і самі захварэць.
Не дакранайцеся да вачэй, носа і рота
На руках можа быць вірус, таму, калі вы дакранецеся да слізістых паверхняў, ён можа трапіць у арганізм і вы захварэеце.
Прыкрывайце рот і нос локцем ці сурвэткай, калі кашляеце і чхаеце
Выкарыстаную сурвэтку трэба адразу выкінуць. Калі пры кашлі або чханьні прыкрываць нос і рот рукой, мікробы могуць патрапіць на вашыя рукі, а затым на прадметы або людзей, да якіх вы дакранаецеся.
Калі ў вас тэмпература, кашаль ці вы цяжка дыхаеце, адразу зьвяртайцеся да доктара
Заставайцеся дома, калі пачуваецеся кепска. Зьвяртайцеся па мэдыцынскую дапамогу неадкладна і выконвайце парады лекараў. Так вы ачуняеце хутчэй і ня станеце крыніцай інфэкцыі для іншых.
Сачыце за апошняй інфармацыяй пра сытуацыю зь вірусамі ў вашай краіне
Гэта дапаможа вам у час распазнаць сымптомы хваробы і зьвярнуцца ў адпаведную ўстанову.
Свабода зьбірае самыя апошнія навіны пра распаўсюд новага каранавірусу тут.
Калі вы вярнуліся з краінаў, дзе ўжо выявілі новы каранавірус
Выконвайце ўсе папярэднія парады.
Заставайцеся дома, калі вы пачуваецеся кепска, нават калі ў вас вельмі невыразныя сымптомы. Не кантактуйце зь іншымі людзьмі і не наведвайце публічных месцаў.
Пры самых нязначных праявах хваробы (тэмпература, кашаль, цяжка дыхаць) неадкладна зьвяртайцеся да дактароў.
Як абыходзіцца зь ежай
- Выкарыстоўвайце розныя апрацоўчыя дошкі і нажы для сырога мяса і гатовай ежы.
- Мыйце рукі паміж апрацоўкай сырога мяса і абыходжаньнем з гатовай ежай.
- У рэгіёнах, ахопленых успышкай захворваньня, прадукты зьмяса можны ўжываць толькі пасьля тэрмічнай апрацоўкі да поўнай гатоўнасьці.
Як зьберагчыся падчас падарожжаў
- Адмоўцеся ад паездкі пры высокай тэмпэратуры і кашлі. Як мага хутчэй зьвярніцеся па мэдыцынскую дапамогу.
- Пазьбягайце блізкіх кантактаў з тымі, хто мае прыкметы высокай тэмпэратуры ці кашляюць.
- Часта працірайце рукі антысэптычным сродкам (зьмяшчае спірт), альбо мыйце вадой з мылам.
- Не дакранайцеся да вачэй, носа і рота.
- Калі вы адчулі сябе нездаровым у вандроўцы, неадкладна паведаміце пра гэта экіпажу ці зьвярніцеся па мэдычную дапамогу ў аэрапорце, на вакзале і г.д.
- Ужывайце толькі добра прыгатаваную ежу.
- Ня плюйце на зямлю ў грамадзкіх месцах.
- Калі вы надзелі маску, пераканайцеся, што яна прыкрывае нос і рот. Старайцеся не дакранацца да яе рукамі. Выкіньце аднаразовую маску адразу пасьля выкарыстаньня, памыйце рукі.