Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства здароўя: іранскаму студэнту не патрабуецца лячэньне, ён мог быць носьбітам


Міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік
Міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік

28 лютага падчас афіцыйнай прэс-канфэрэнцыі міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік расказаў журналістам пра першы выпадак захворваньня на новы каранавірус у Беларусі.

Паводле Ўладзімера Караніка, студэнт з Ірану мог быць носьбітам інфэкцыі, бо ня мае клінічных сымптомаў захворваньня.

«Нас зьдзівіла рэакцыя людзей ў блогасфэры і ў рэальнасьці. Маем пацыента, якога нічога не хвалюе, у яго няма клінічных сымптомаў. Гэта можа быць прыкметаю носьбіта. На сёньня лячэньне не патрабуецца, бо ён ня мае клінічных сымптомаў. Мэтодыка адпрацаваная, і мы праводзім захады», — сказаў Уладзімер Каранік.

Як адзначыў міністар, усіх студэнтаў, якія блізка кантактавалі з заражаным, шпіталізавалі.

«Ёсьць праца, не заўважная воку. Мы ведаем, колькі чалавек ляцела ў самалёце і дзе яны сядзелі. Мы ведаем чатырох чалавек, якія сядзелі побач з носьбітам», — сказаў Каранік.

Міністар падкрэсьлівае, што падставаў хвалявацца няма.

«Мы адкрыта пра гэта расказваем, мы гаворым не таму, што ня можам гэта схаваць, мы лічым, што насельніцтва мусіць атрымліваць інфармацыю нават пра падазрэньні на інфэкцыю. Грамадзтва мусіць праяўляць узважаную пазыцыю», — падкрэсьлівае Каранік.

Такасама міністар заклікаў людзей менш верыць фэйкам.

27 лютага ў Беларусі пацьвердзілі першы выпадак заражэньня вірусам COVID-19. Вірус выявілі ў студэнта БНТУ, грамадзяніна Ірану, які прыбыў з Баку 22 лютага.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, пацыент цяпер пачувацца «здавальняльна». Яго і асобаў, якія зь ім кантактавалі, зьмясьцілі ў закрытыя боксы менскай інфэкцыйнай лякарні.

У БНТУ студэнтаў пераводзяць на індывідуальнае навучаньне з 28 лютага да 16 сакавіка.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG