Ва Ўкраіне пасьля расейскай атакі тры вобласьці без электраэнэргіі. Ёсьць загінулыя, у тым ліку дзіця

Наступствы расейскага ўдару па Кіеўскай вобласьці 23 сьнежня 2025 году
Наступствы расейскага ўдару па Кіеўскай вобласьці 23 сьнежня 2025 году

Расейскія войскі з ночы наносяць удары па Ўкраіне, найперш — па энэргетыцы ў тылавых рэгіёнах.

Паводле ўкраінскіх уладаў, расейскія войскі выкарысталі больш за 650 дронаў і больш за 30 ракет. Ад абстрэлаў пацярпелі 13 вобласьцяў Украіны.

Без электраэнэргіі Ровенская, Цярнопальская і Хмяльніцкая вобласьці

Кіраўнік Міністэрства энэргетыкі Ўкраіны Арцём Някрасаў паведаміў, што ў выніку дзявятай з пачатку году атакі Расеі на энэргасыстэму краіны без электрычнасьці засталіся амаль усе спажыўцы ў Ровенскай, Цярнопальскай і Хмяльніцкай абласьцях.

Аварыйныя адключэньні адбыліся ў Чарнігаўскай, Віньніцкай, Жытомірскай, Данецкай Днепрапятроўскай і Харкаўскай абласьцях.

«На Адэшчыне працягваецца ліквідацыя наступстваў некалькіх запар масаваных удараў па энэргетычнай інфраструктуры рэгіёну, значная колькасьць спажыўцоў застаюцца без сьвятла. Энэргетыкі робяць усё магчымае, каб як мага хутчэй вярнуць пашкоджанае абсталяваньне ў работу», — заявіў Арцём Някрасаў.

Сярод загінулых — чатырохгадовае дзіця

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ў выніку расейскіх абстрэлаў загінулі сама меней тры чалавекі.

«На Кіеўшчыне ад удару расейскага дрону загінула жанчына. Вядома пра загінулага чалавека на Хмяльніччыне. На Жытоміршчыне загінула чатырохгадовае дзіця — расейскі дрон пацэліў у жылы будынак», — паведаміў Уладзімір Зяленскі.

Украінскі прэзыдэнт мяркуе, што расейскія інтэнсіўныя ўдары напярэдадні Раства сыгналізуе аб прыярытэтах Расеі, якія яна дэманструе на тле перамоў аб завяршэньні вайны.

«Пуцін ніяк ня можа зьмірыцца з тым, што трэба спыніць забойствы. І гэта азначае, што сьвет цісьне на Расею недастаткова. Цяпер трэба рэагаваць. Патрэбна даціскаць Расею да міру і гарантаванай бясьпекі. Патрэбна не забывацца, што кожны дзень — і ў будні, і ў сьвяты — Украіна абараняе жыцьці людзей», — заявіў Зяленскі. Ён зноў заклікаў партнэраў узмацніць вайсковую дапамогу і спрыяць аднаўленьню энэргетычнага комплексу Ўкраіны.


​
XS
SM
MD
LG