Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля іранскага студэнта, у якога выявілі каранавірус, шпіталізавалі 26 ягоных аднагрупнікаў і 7 выкладчыкаў


Ілюстрацыйнае фота. Менская інфэкцыйная лякарня

Пасьля інфармацыі пра выяўленьне каранавірусу ў іранскага студэнта БНТУ шпіталізавалі 26 яго аднагрупнікаў і 7 выкладчыкаў, паведаміў міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік 28 лютага падчас прэс-канфэрэнцыі ў Менску.

Паводле міністра, цяпер вырашаецца пытаньне з пасажырамі. У дзяўчыны і сям’і іранскага студэнта пакуль ня выявілі прыкметаў каранавірусу.

Уладзімер Каранік
Уладзімер Каранік

Таксама Ўладзімер Каранік паведаміў, што ў Беларусі зробяць больш пунктаў, дзе можна здаць аналіз на каранавірус. Да канца дня міністэрства апублікуе сьпіс месцаў у Менску і рэгіёнах, дзе можна будзе здаць аналіз. Гэта будуць не паліклінікі, а спэцыяльныя цэнтры. Першасны вынік тэсту можна атрымаць ужо праз 5 гадзінаў. Калі ёсьць сумневы, праводзяць удакладняльныя тэсты.

У менскую інфэкцыйную лякарню за апошнія содні зьвярнуліся 28 пацыентаў, 16 зь іх шпіталізавалі, расказаў намесьнік галоўнага лекара Гарадзкой клінічнай інфэкцыйнай лякарні Менску Сьвятаслаў Вельгін.

Сьвятаслаў Вельгін
Сьвятаслаў Вельгін

«Цягам раніцы да нас зьвярнуліся 26 чалавек, 16 зь іх шпіталізаваныя з прэвэнтыўнай мэтай. Ім робяць аналіз, праз суткі атрымаюць вынік. Пацыента могуць адпусьціць на амбуляторны рэжым ці даглядзець», — паведаміў Сьвятаслаў Вельгін.

27 лютага ў Беларусі пацьвердзілі першы выпадак заражэньня вірусам COVID-19. Вірус выявілі ў студэнта БНТУ, грамадзяніна Ірану, які прыбыў з Баку 22 лютага.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, пацыент цяпер пачуваецца «здавальняльна». Яго і асобаў, якія зь ім кантактавалі, зьмясьцілі ў закрытыя боксы Менскай інфэкцыйнай лякарні.

У БНТУ студэнтаў пераводзяць на індывідуальнае навучаньне з 28 лютага да 16 сакавіка.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Націсьніце, каб пабачыць:

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG