Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства здароўя: ажыятаж з маскамі нерацыянальны


Менская аптэка «Сталічная» ў пераходзе да гандлёвага цэнтру «Сталіца», 28 лютага 2020 году
Менская аптэка «Сталічная» ў пераходзе да гандлёвага цэнтру «Сталіца», 28 лютага 2020 году

За палову дня 28 лютага ў Менску выкупілі 70 тысяч масак, паведаміў падчас прэс-канфэрэнцыі з прычыны выяўленьня ў Беларусі першага выпадку заражэньня новым каранавірусам COVID-19 міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік.

Міністар назваў гэта эмацыйнай рэакцыяй і заклікаў прыслухацца да рэкамэндацыяў экспэртаў.

Паводле Караніка, у Беларусі выпускаюць каля 200 тысяч марлевых масак і 40 тысяч аднаразовых масак у дзень. Апроч таго, у міністэрстве чакаюць пастаўкі 1,1 млн масак з-за мяжы ў панядзелак 2 сакавіка.

Уладзімер Каранік
Уладзімер Каранік

«Калі ўсе кажуць, што масак у аптэках няма, трэба памятаць, што ёсьць дзяржаўныя аптэкі. Паміж імі пастаянна курсуюць машыны. Мы ня можам умешвацца ў дзеяньні суб’ектаў гаспадараньня і загадваць ім закупіць маскі. Спачатку для камэрцыйных аптэк гэта быў нецікавы тавар. Мы напісалі рэкамэндацыйныя лісты і атрымалі заяўку на пастаўку масак», — распавёў міністар.

27 лютага ў Беларусі пацьвердзілі першы выпадак заражэньня вірусам COVID-19. Вірус выявілі ў студэнта БНТУ, грамадзяніна Ірану, які прыбыў з Баку 22 лютага.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, пацыент цяпер пачуваецца «здавальняльна». Яго і асобаў, якія зь ім кантактавалі, зьмясьцілі ў закрытыя боксы менскай інфэкцыйнай лякарні.

У БНТУ студэнтаў пераводзяць на індывідуальнае навучаньне з 28 лютага да 16 сакавіка.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG