Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усясьветная арганізацыя здароўя: 81% выпадкаў каранавірусу — лёгкая форма


Прадстаўнік Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя Батыр Бердыклычаў

Прадстаўнік Усясьветнай арганізацыі здароўя Батыр Бердыклычаў падчас прэс-канфэрэнцыі ў Беларусі 28 лютага ацаніў абстаноўку з каранавірусам у сьвеце. У Кітаі зьніжаецца колькасьць новых захворваньняў.

Паводле Батыра Бердыклычава, з 2 лютага колькасьць новых выпадкаў каранавірусу ў Кітаі зьніжаецца. На ранак 28 лютага 52 краіны зафіксавалі ў сябе выпадкі каранавірусу. Найбольш непакоіць распаўсюд вірусу ў Італіі, Паўднёвай Карэі і Іране, дзе ідзе рост колькасьці захворваньняў, адзначае прадстаўнік Усясьветнай арганізацыі здароўя.

«Асноўныя паказьнікі гэтага вірусу: 81% — лёгкая і сярэдняя формы, якія чалавек пераносіць на нагах, 14% — больш цяжкія і 5% — гэта цяжкая форма. Паводле кітайскіх навукоўцаў, узровень сьмяротнасьці ад новага каранавірусу — 2-4%», — сказаў Бердыклычаў.

Паводле яго, закрыцьцё межаў краіны не зьяўляецца эфэктыўным і рэкамэндаваным крокам па супрацьдзеяньні каранавірусу. Напрыклад, ён гаворыць, што Францыя не закрывае межы з Італіяй.

Таксама Батыр Бердыклычаў падкрэсьлівае, што здаровым людзям маскі не патрэбныя. Гэта патрэбна хворым, каб не заразіць астатніх, а таксама мэдыкам і тым, хто даглядае хворых.

27 лютага ў Беларусі пацьвердзілі першы выпадак заражэньня вірусам COVID-19. Вірус выявілі ў студэнта БНТУ, грамадзяніна Ірану, які прыбыў з Баку 22 лютага.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, пацыент цяпер адчувае сябе «здавальняюча». Яго і асобаў, якія зь ім кантактавалі, зьмясьцілі ў закрытыя боксы Менскай інфэкцыйнай лякарні.

У БНТУ студэнтаў пераводзяць на індывідуальнае навучаньне з 28 лютага да 16 сакавіка.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

25 новых адказаў пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкі

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG