Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ні гвалту, ні шуму, ні пылу». Лукашэнка ня верыць, што закрытыя межы ўратуюць ад каранавірусу 


Маскі супраць вірусу

Аляксандар Лукашэнка ня бачыць неабходнасьці закрываць межы з-за зьяўленьня каранавірусу ў краіне. Па яго словах, іншыя ўжо спрабавалі гэта зрабіць, але нічога не атрымалася.

«Ну зачыніце межы — і што? Былі ўжо зачыненыя — і сёньня ўвесь сьвет заразіўся каранавірусам. Пры такіх глябальным зносінах гэта пустое. Мы ўскладнім адносіны з галоўнымі нашымі партнэрамі — Кітаем, Расеяй... Ну як з Расеяй закрыць мяжу? Таму трэба на месцы спакойна працаваць па ўсіх напрамках», — вынікае зь сюжэту, паказанага на тэлеканале АНТ.

Пры гэтым Лукашэнка пахваліў мэдыкаў за тое, што тыя ўсё робяць «бяз шуму і гвалту».

«Нашым лекарам трэба дзякуй сказаць. Ні межы не закрываюць, ні гвалтам не крычаць, ні шуму, ні пылу. Робім усё тое, што робяць у тым жа Кітаі», — адзначыў ён.

Таксама Лукашэнка сказаў, што абазнаны пра сытуацыю з іранскім студэнтам, у якога пацьвердзіўся небясьпечны вірус.

«Прыехаў сюды, тэмпэратура 37,3, пачырваненьне ў горле, ні кашлю, нічога. Кажу: у нас ёсьць месца, давайце яго паназіраем... Нармальна да гэтага людзі ставяцца. Ціха, спакойна, робім тое, што робяць усе», — падсумаваў Лукашэнка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG