Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Настройваемся на горшае». Як каранавірус уплывае на беларускі бізнэс


Ілюстрацыйнае фота. Жанчына ў масцы каля Менскай гарадзкой клінічнай інфэкцыйнай лякарні

У кампаніі «Гудс фром Чайна» не выключаюць, што праз каранавірус праца з Кітаем можа спыніцца на пэўны тэрмін.

Дырэктар ТАА «Гудс фром Чайна» Віталь Белавус сказаў карэспандэнту Свабоды, што за апошнія два-тры тыдні попыт на замовы з Кітаю паменшыўся амаль на 70%. Кампанія ўжо 10 гадоў супрацоўнічае з Кітаем і Ганконгам, а таксама зь іншымі краінамі.

Віталь Белавус
Віталь Белавус

«У чаканьнях я настройваюся на горшае, ажно да спыненьня працы з Кітаем на пэўны тэрмін. Магчыма, сёлета гэты кірунак і прыпынім, то бо ня будзем браць новых замоваў, пакуль сытуацыя не стабілізуецца. Прагнозаў і спадзеваў, што каранавірусу хутка дадуць рады, няма», — кажа Віталь Белавус.

Таксама ўзьніклі яўныя праблемы з пастаўкамі ўжо замоўленых тавараў з Кітаю.

«З Кітаем мы працуем на ўмовах перадаплаты. Замоўца аплочвае каля 30% ад цаны, гэта першая авансавая плата. Ёсьць высокая імавернасьць, што замоўца застанецца без тавару і безь вяртаньня гэтых грашовых сродкаў. Вось гэта самыя яўныя страты. Альбо выплата гэтых перадаплатаў расьцягнецца на няпэўны тэрмін», — мяркуе Віталь Белавус.

Гэта тычыцца і тавараў лёгкай прамысловасьці і абсталяваньня. Беларускія заказчыкі баяцца няпэўнасьці з кітайскага боку. А кітайскі бок тлумачыць затрымкі з пастаўкамі форс-мажорам праз эпідэмію, спыненьне працы заводаў і фабрык.

«Як далей будуць разьвівацца падзеі, пакуль складана сказаць. З аднаго боку, яны нібыта і не адмаўляюцца ад абавязаньняў, зь іншага боку — не сьпяшаюцца іх выконваць. Да таго ж падчас кітайскага Новага году яны ўсе былі на выходных», — апавядае дырэктар «Гудс фром Чайна».

У кампаніі ня бачаць магчымасьці пераарыентавацца на іншыя рынкі, бо «хутка гэта зрабіць немагчыма, няма альтэрнатывы, гэта занадта вялікі рынак паставак».

На прадпрыемстве «Белджы» ад камэнтароў праз тэлефон адмовіліся, як і ў «БелАЗ-холдынгу», які мае 58,2% акцыяў гэтага прадпрыемства.

Таксама не пракамэнтавалі сытуацыю турыстычныя фірмы. Хаця 24 лютага Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства спорту і турызму рэкамэндавалі беларусам устрымацца ад паездак на поўнач Італіі праз каранавірус.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

25 новых адказаў пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкі

Як зьмянялася колькасьць хворых у Беларусі. Інфаграфі

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG