NaviBand зграе «кватэрнік» праз Youtube
Лідэры беларускага гурту NaviBand Арцём і Ксенія 30 сакавіка дадуць акустычны хатні канцэрт на Youtube-канале Onliner. Пачатак у 19.30. Сьпевакі прымаюць пытаньні ад слухачоў у камэнтарах да трансьляцыі або да артыкулу на Onliner.by.
Музыкі і арганізатары канцэрту заклікаюць у час пандэміі новага каранавірусу заставацца дома і выконваць рэкамэндацыі лекараў. Такія інтэрнэт-канцэрты ўжо давалі :B:N:, Leibonik, Лявон Вольскі і іншыя музыкі, у інтэрнэт-фармаце прайшло сьвяткаваньне Дня Волі.
Каранавірус у сям’і актораў Коласаўскага тэатра: жонку выпісалі пасьля пнэўманіі, муж — у рэанімацыі
Мужчына ўжо 6 дзён знаходзіцца ў рэанімацыі на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Дыягназ актора Свабодзе пацьвердзіла яго жонка, якая таксама 5 дзён праляжала ў чыгуначным шпіталі Віцебску з пнэўманіяй.
20 сакавіка муж і жонка, якія працуюць у Коласаўскім тэатры, адчулі сябе дрэнна, у іх была тэмпэратура. 21 сакавіка іх паклалі ў чыгуначны шпіталь. Там узялі тэсты на каранавірус, у абодвух аналізы былі адмоўныя. Лячылі антыбіётыкамі. Жонка 5 дзён праляжала ў шпіталі, стан яе палепшыўся, жанчыну выпісалі.
Паводле яе, у чыгуначным шпіталі знаходзяцца 6 чалавек з каранавірусам.
Шмат людзей ляжаць з пнэўманіямі, ім зьбівалі тэмпэратуру, лячылі антыбіётыкамі і выпісвалі, ня робячы ніякіх тэстаў на каранавірус. Цалкам чытайце тут >>
20 тысячаў брытанскіх лекараў-пэнсінераў вяртаюцца на працу для барацьбы з каранавірусам
Пра гэта ў распаўсюджаным у панядзелак відэароліку заявіў кіраўнік урада, які сам знаходзіцца на самаізаляцыі пасьля таго, як у яго пацьвердзілася хвароба COVID-19, якая выклікаецца новым каранавірусам.
«20 тысяч супрацоўнікаў нацыянальнай сыстэмы аховы здароўя вяртаюцца ў шэраг — лекары і мэдсёстры, і гэта выдатная рэч», — сказаў Джонсан.
Па дадзеных, апублікаваных 28 сакавіка, у Злучаным Каралеўстве было пацьверджана амаль 20 тысяч выпадкаў заражэньня новым каранавірусам, 1 228 чалавек памерлі.
У Эманюэля Макрона праз каранавірус вырас рэйтынг
Паводле апытаньня грамадзкай думкі, які апублікавала газэта JDD, рэйтынг прэзыдэнта і прэм’ер-міністра Францыі вырас з пачатку эпідэміі каранавірусу, паведамляе rfi.fr.
Рэйтынг Эманюэля Макрона вырас на 11 пунктаў за адзін месяц, Эдуара Філіпэ — на
6 пунктаў, пабіўшы рэкорд папулярнасьці за год, з красавіка 2018-га. Такія вынікі апытаньня Францускага інстытуту грамадзкай думкі Ifop.
Паводле апошніх лічбаў, 43% французаў «задаволеныя» дзейнасьцю свайго прэзыдэнта ў сакавіку, тады як у лютым іх было толькі 32%. Прэмʼер-міністар набраў 42% станоўчых адказаў, у лютым такіх было 36%. Рост папулярнасьці Макрона адзначаны ва ўсіх узроставых групах, асабліва сярод людзей, старэйшых за 65 гадоў (на 17% больш, чым у лютым).
У Лельчыцах з падазрэньнем на каранавірус забралі дырэктара гаспадаркі і супрацоўнікаў райвыканкаму
Як стала вядома Свабодзе, з падазрэньнем на каранавірус у Гомельскі інфэкцыйны шпіталь трапіў дырэктар аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Лельчыцкага раёну. Ягоныя кантактныя асобы — блізкія сваякі, а таксама кіраўніцтва ўпраўленьня сельскай гаспадаркі Лельчыцкага райвыканкаму — таксама шпіталізаваныя.
У Лельчыцах праводзіцца эпідэміялягічнае расьсьледаваньне па выяўленьню магчымага выпадку COVID-19. «Пацыент шпіталізаваны ў Гомельскі інфэкцыйны шпіталь, ягоныя кантакты знойдзены і знаходзяцца на мэдыцынскім абсьледаваньні», — паведаміла «Гомельская праўда».
Ва ўпраўленьні сельскай гаспадаркі і харчаваньня Лельчыцкага райвынканкаму з раніцы 30 сакавіка ніхто не адказвае па тэлефонах кіраўніцтва — начальніка ўпраўленьня і ягоных намесьнікаў. Іншыя супрацоўнікі райвынкаму кажуць па тэлефоне, што начальнік упраўленьня і яго намесьнікі — на бальнічным.
Крыніцы Свабоды паведамілі, што агулам з упраўленьня сельскай гаспадаркі і кіраўніцтва калгасу забралі дзесяць чалавек як кантактных асобаў. У гаспадарцы, кіраўніка якой забралі з падазрэннем на каранавірус, з раніцы 30 сакавіка ніхто не здымае слухаўку.
Прэсавая сакратарка Гомельскага аблвыканкаму Вольга Рабікава пацьвердзіла Свабодзе, што шпіталізаваны з каранавірусам — жыхар Лельчыцаў.
Toyota прыпыніла заводы ў Эўропе і Турэччыне да 19 красавіка, у Расеі да 3 красавіка
Японская карпарацыя Toyota Motor ў сувязі з пандэміяй COVID-19 прыпыніла дзейнасьць сваіх заводаў: у Расеі да 3 красавіка, у Вялікай Брытаніі, Францыі і іншых эўрапейскіх краінах, а таксама Турэччыне да 19 красавіка, паведамляе Kyodo News.
Раней кампанія ўжо прыпыняла працу на заводах у Паўночнай амэрыцы, часткова — у Японіі, Паўднёвай Амэрыцы і некаторых краінах Азіі.
Ды 30 сакавіка заводы канцэрну ў Кітаі аднавілі працу ў звычайным рэжыме.
Віцебскі актор у рэанімацыі з COVID-19 і пнэўманіяй
Драматычны тэатар імя Якуба Коласа ў Віцебску скасаваў спэктаклі да 18 красавіка. Дырэктар тэатру паведаміў Tut.by, што адзін з актораў цяпер у рэанімацыі з пнэўманіяй, у яго станоўчы тэст на каранавірус.
Але скасаваньне спэктакляў тлумачаць не карантынам, а «практычна пустой заляй» зь сярэдзіны сакавіка — рэпэтыцыі працягваюцца.
На 30 сакавіка ў 11 супрацоўнікаў тэатру рэсьпіраторныя захворваньні, ёсьць і іншыя людзі з запаленьнем лёгкіх, але COVID-19 выявілі толькі ў аднаго. Калі менавіта пацьвердзілі каранавірус у аднаго з актораў, не ўдакладняецца.
Плюс адзін выпадак — у Іўі
Дзяржаўнае выданьне «Іўеўскі край» паведамляе, што ў Горадзенскай вобласьці быў выяўлены чацьвёрты выпадак COVID-19 — у пацыента івейскай лякарні, які лекаваўся ад пнэўманіі. Калі менавіта быў пастаўлены дыягназ, не ўдакладняецца.
За суткі ў Нямеччыне зафіксавана 4700 новых выпадкаў заражэньня каранавірусам
Колькасьць выпадкаў заражэньня новым каранавірусам у Нямеччыне за суткі вырасла прыкладна на 4,7 тысяч і дасягнула 57 298. Пра гэта паведаміў у панядзелак Інстытут вірусалёгіі імя Робэрта Коха ў сваёй штодзённай зводцы.
Ад наступстваў захворваньня памерлі 455 чалавек.
Ужо тыдзень па ўсёй Нямеччыне амаль адсутнічае грамадзкае жыцьцё. Працуюць толькі бальніцы, паштовыя аддзяленьні, запраўкі, аптэкі і крамы. У некаторых фэдэральных землях нельга выходзіць на вуліцы без важкай прычыны.
У штаце Місуры памёр лідэр дэмакратаў
Лідэр дэмакратычнай партыі ў заходнім Місуры Ўільям Граймс памёр 29 сакавіка пасьля заражэньня COVID-19. Яму было больш за 70 гадоў.
Граймс быў вэтэранам вайскова-марскога флёту, браў актыўны ўдзел у кампаніях дэмакратаў, сам балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў у 2014 і 2016 гадах. Пра станоўчы тэст на COVID-19 у яго стала вядома 13 сакавіка — гэта быў адзін зь першых выпадкаў у штаце.
Цяпер у Місуры зафіксавалі звыш 900 выпадкаў COVID-19, памерлі 12 пацыентаў. Агулам па ЗША зафіксавалі амаль 143 тысячы выпадкаў, 2488 сьмерцяў, 4562 выпісаных здаровымі.
У маскоўскай «каранавіруснай» лякарні памерлі два пацыенты
Два пацыенты лякарні ў маскоўскай Камунарцы, дзе ўтрымліваюць хворых з падазрэньнем на новы каранавірус, памерлі за 29 сакавіка, паведаміў галоўны лекар на Facebook. Толькі ў аднаго зь іх было падазрэньне на каранавірус па выніках аналізаў. У абодвух была пнэўманія, абодва былі на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, аднаму было 69 гадоў, другому — 80.
У лякарні застаюцца 348 чалавек, зь іх у 193 пацьверджаная хвароба COVID-19. Агулам у Расеі на 29 сакавіка было зафіксавана 1534 выпадкі COVID-19, памерлі 9 чалавек, выпісаныя здаровымі 64.
Трамп падоўжыў карантын у ЗША з прычыны COVID-19
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падоўжыў дзеяньне фэдэральных рэкамэндацый, якія раяць грамадзянам заставацца дома, яшчэ на 30 дзён, да канца красавіка, каб запаволіць распаўсюджваньне COVID-19.
На брыфінгу 29 сакавіка ў Вашынгтоне Трамп адзначыў, што сьмяротнасьць ад гэтай хваробы ў ЗША, пэўна, дасягне свайго піку ў наступныя два тыдні.
«Сытуацыя павінна пайсьці на спад — і, спадзяюся, вельмі прыкметна, — пачынаючы з гэтага пункту», — мяркуе амэрыканскі прэзыдэнт.
Ён дадаў, што пашырыў прынцыпы сацыяльнай дыстанцыі, каб спыніць распаўсюджваньне хваробы. Між тым у краіне набірае тэмп масавае тэставаньне, каб высьветліць больш дакладную статыстыку хворых.
У Беларусі стала найменш выяўленых выпадкаў каранавірусу на душу насельніцтва
У Расеі і Ўкраіне колькасьць зафіксаваных выпадкаў COVID-19 перавысіла 10 на 1 млн насельніцтва (10,5 у Расеі, 10,7 ва Ўкраіне). Цяпер Беларусь стала краінай з самай малой колькасьцю выяўленых выпадкаў на душу насельніцтва ў Эўропе (9,9 на 1 млн).
Але беларуская афіцыйная статыстыка не абнаўлялася 27 сакавіка — тады прадстаўнікі Мінздароўя сказалі, што сьвядома выбралі тактыку «нештодзённага інфармаваньня» пра COVID-19, бо, як сказала намесьніца міністра Алена Богдан, «нічога экстраардынарнага ў краіне не адбываецца».
У Расеі ўжо пацьвердзілі 1534 выпадкі (8 сьмерцяў, 64 выпісаныя, 8 у цяжкім стане). Ад 30 сакавіка Расея мела закрыць усе межы, у тым ліку зь Беларусьсю. З 30 сакавіка да 4 красавіка ва ўсёй Расеі абвясьцілі тыдзень выходных, ад 30 сакавіка ў Маскве — карантын.
Ва Ўкраіне пацьвердзілі ўжо 475 выпадкаў (10 сьмерцяў, 6 выпісаных). Прэзыдэнт Украіны выступае за прыняцьце законаў у падтрымку эканомікі і заяўляе, што без дапамогі «міжнародных фінансавых партнэраў» на суму ня менш як 10 млрд даляраў можа зьявіцца «пагроза дэфолту». Ад 17 сакавіка да 24 красавіка Ўкраіна закрыла мяжу для пасажырскіх перавозак.
У Беларусі на 27 сакавіка пацьвердзілі 94 выпадкі інфэкцыі новым каранавірусам: 32 «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 62 «знаходзяцца пад мэдыцынскім кантролем і на лячэньні», два выпадкі пераправяраюць. Пасьля 27 сакавіка Мінздароўя не публікавала статыстыкі.
Лічбы на раніцу 30 сакавіка
- У сьвеце зафіксавалі амаль 722,5 тысяч выпадкаў COVID-19: каля 142 тысяч у ЗША, 98 тысяч у Італіі, 82 тысяч у Кітаі, 80 тысяч у Гішпаніі, 62 тысяч у Нямеччыне, 40 тысяч у Францыі, 38 тысяч у Іране, 20 тысяч у Вялікабрытаніі, 15 тысяч у Швайцарыі.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі каля 34 тысяч чалавек. Зь іх 10 779 у Італіі, 6803 у Гішпаніі, 3308 у Кітаі, 2640 у Іране, 2606 у Францыі, 2485 у ЗША.
- Выпісалі амаль 152 тысяч пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 537 тысяч, зь іх 26,7 тысяч у цяжкім стане.
- У Беларусі на 27 сакавіка пацьвердзілі 94 выпадкі інфэкцыі новым каранавірусам: 32 «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 62 «знаходзяцца пад мэдычным кантролем і на лячэньні», два выпадкі пераправяраюць. Пасьля 27 сакавіка Мінздароўя не публікавала статыстыкі.
Менск і сусьветныя сталіцы падчас пандэміі. Параўноўваем фота
Цягам усяго тыдня рэдактар Свабоды праглядаў фатаздымкі сусьветных сталіц у стужках інфармагенцыяў Reuters і AFP, а нашы фотакарэспандэнты здымалі жыцьцё ў Менску.
На фоне закрытых межаў і паўсюднага карантыну Беларусь выглядае ці не аазісам у пустэльні: рэстараны і крамы працуюць, мала хто носіць маскі нават у перапоўненым транспарце, футбольны чэмпіянат зьбірае аматараў на трыбунах, кіраўнік дзяржавы супакойвае, што ўлады даюць рады пандэміі «бяз шуму і пылу»...
Мы супаставілі фота ў параўнальнай галерэі — глядзіце, што атрымалася.
Прадстаўніца САЗ: Беларусь «выдатна спраўляецца» з каранавірусам
Маргарэт Гарыс, афіцыйная прадстаўніца Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ), заявіла на тэлеканале АНТ, што Беларусь «выдатна спраўляецца» з каранавірусам на дадзены момант, паведамляе БелТА.
«Я магу сказаць, што ў Беларусі на раньніх стадыях вы выдатна спраўляецеся. У вас няма сьмерцяў, ёсьць тыя, хто выздаравеў — і гэта добры знак. Важна, што ў вас дастаткова падрыхтаваных кваліфікаваных лекараў. Наколькі мне вядома, у вас уключаныя ўсе захады засьцярогі ў першую чаргу для тых, хто працуе. Вы можаце тэставаць людзей і можаце ізаляваць іх у шпіталях. Але галоўная мэта — гэта, вядома, затармазіць разьвіцьцё вірусу. І вы спраўляецеся», — цытуе Маргарэт Гарыс дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Урадавы экспэрт: У ЗША ад каранавірусу могуць памерці да 200 тысяч чалавек
Галоўны экспэрт амэрыканскага ўраду па інфэкцыйных захворваньнях Энтані Фаўчы 29 сакавіка выказаў здагадку, што ў выніку пандэміі каранавірусу могуць памерці да 200 тысяч амэрыканцаў.
Фаўчы таксама заявіў, што колькасьць тых, хто захварэў на COVID-19, можа «вылічвацца мільёнамі». Цяпер, паводле афіцыйных зьвестак, у краіне пацьверджана 136 тысяч выпадкаў заражэньня і 2400 сьмерцяў, але абодва паказьнікі імкліва павялічваюцца з кожным днём.
«Мой тата ў рэанімацыі» — дзяўчына распавядае, як бацька хварэе на каранавірус
Радыё Свабода пагаварыла зь дзяўчынай, якая сама знаходзіцца ў 4-м менскім шпіталі як кантакт першага ўзроўню. Яна кажа, што яе бацька мае пацьверджаны тэст на каранавірус і знаходзіцца ў рэанімацыі менскага інфэкцыйнага шпіталю на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
«Цяпер тата ў інфэкцыйным шпіталі ў скрайне цяжкім стане на ШВЛ, — кажа дзяўчына N. — І тое, што кажуць, што ў нас няма пацыентаў з каранавірусам на ШВЛ — гэта няпраўда. Прынамсі пасьля гэтай пятніцы».
Маскву пастанавілі зачыніць на карантын
У Маскве ўводзяць абавязковы рэжым самаізаляцыі для ўсіх жыхароў, пачынаючы з панядзелка, паведаміў мэр гораду Сяргей Сабянін.
Пакідаць жытло дазваляецца толькі ў выпадках:
- звароту па экстраную мэдычную дапамогу і іншай непасрэднай пагрозы жыцьцю і здароўю,
- паездак на працу, калі вы абавязаны хадзіць на працу,
- закупаў у найбліжэйшай краме або аптэцы,
- выгулу хатніх жывёл на адлегласьці ня больш за 100 мэтраў ад месца пражываньня,
- неабходнасьці вынесьці бытавое сьмецьце.
Кітай заявіў, што спыніў каранавірусную эпідэмію. Магчымая другая хваля
Улады Кітаю заявілі, што фактычна спынілі распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі. Як паведамляе агенцтва «Сіньхуа», толькі каля трох тысяч чалавек у краіне працягвае лячыцца ад каранавіруснай інфэкцыі. Больш за 70 тысяч ужо паправіліся, 3300 памерлі. За апошнія суткі ў краіне зафіксавана тры сьмерці ад COVID-19.
Колькасьць новых выпадкаў заражэньня ў Кітаі ў апошнія дні вылічваецца дзясяткамі, прычым пераважная большасьць, паводле афіцыйных зьвестак, прыпадае на іншаземцаў, якія прыбылі ў краіну, і тых, хто заразіўся ад іх. Калі эпідэмія дасягала максымуму, у Кітаі штодня фіксаваліся тысячы новых выпадкаў заражэньня.