Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус у сям’і актораў Коласаўскага тэатра: жонку выпісалі пасьля пнэўманіі, муж у рэанімацыі


Ілюстрацыйнае фота

Мужчына ўжо 6 дзён знаходзіцца ў рэанімацыі ў Віцебску на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Дыягназ актора Свабодзе пацьвердзіла яго жонка, якая таксама 5 дзён праляжала ў чыгуначным шпіталі Віцебску з пнэўманіяй.

20 сакавіка сужэнцы, якія служаць у Коласаўскім тэатры ў Віцебску, адчулі сябе дрэнна, у іх была тэмпэратура. 21 сакавіка іх паклалі ў чыгуначны шпіталь.

Там узялі тэсты на каранавірус, у абаіх аналізы былі адмоўныя. Лячылі антыбіётыкамі. Жонка 5 дзён праляжала ў шпіталі, стан яе палепшыўся, жанчыну выпісалі.

Папрасілі да 10 красавіка пасядзець дома на карантыне, нікуды не выходзіць з кватэры. Дарослай дачцэ, якая наўпрост кантактавала з бацькамі за дзень да іхнай шпіталізацыі, наагул нічога не сказалі. Нават дазволілі прыносіць маці харчы — пакідаць перад дзьвярыма кватэры.

«Мужу на пяты дзень лячэньня стала горш, яго перавялі ў рэанімацыю, і ён ужо 6 дзён знаходзіцца на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Другі тэст на каранавірус паказаў станоўчы вынік. Да таго ж муж мае хранічную абструктыўную хваробу лёгкіх», — расказала жонка хворага на каранавірус актора.

Паводле яе, у чыгуначным шпіталі знаходзяцца 6 чалавек з каранавірусам.

Шмат людзей ляжаць з пнэўманіямі, ім зьбівалі тэмпэратуру, лячылі антыбіётыкамі і выпісвалі, ня робячы ніякіх тэстаў на каранавірус.

Паводле дачкі хворага актора, хутчэй за ўсё, каранавірус бацька «падчапіў» у шпіталі, бо ўсе ляжаць у адной палаце.

Актор, які цяпер знаходзіцца ў цяжкім стане з пацьверджаным дыягназам COVID-19, 10 і 11 сакавіка працаваў у спэктаклі «Кот у ботах», 18 сакавіка таксама кантактаваў з калектывам тэатру.

Жонка хворага на каранавірус актора кажа, што як мінімум 7 актораў Коласаўскага тэатра знаходзяцца на бальнічным, большасьць з пнэўманіяй.

Дырэктар Коласаўскага тэатра Аляксандар Старых даў указаньне адміністрацыі тэатру абзваніць усіх, хто кантактаваў з захварэлым акторам, і папрасіць сядзець два тыдні ў карантыне, нікуды не выходзіць.

Як паведаміў дырэктар тэатру Аляксандар Старых парталу tut.by, карантын у тэатры не абвешчаны, а спэктаклі адмянілі ў сувязі «зь нізкай запаўняльнасьцю глядацкай залі. Людзі ня ходзяць у тэатар. Квіткі прадаюцца мала, а бывае, што наагул не прадаюцца. Таму пакуль, да 18 красавіка, — рэпэтыцыйны рэжым, а далей будзем глядзець на сытуацыю».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG