Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чаго каранавірусу баяцца, калі я спаў ля хворага на сухоты?» Як жывуць бяздомныя падчас пандэміі


Бяздомная Надзея зьвяртаецца да лекараў, каб даведацца, калі здымаць з рукі гіпс.

За здароўем менскіх бяздомных і тых, хто апынуўся ў цяжкай жыцьцёвай сытуацыі, назіраюць валянтэры ініцыятывы «Вулічная мэдыцына». Журналісты Свабоды схадзілі на раздачу ежы і мэдагляд бяздомных, каб даведацца, як яны засьцерагаюцца ад каранавірусу і чым іх можна падтрымаць.

У 12.45 у нядзелю да дабрачыннай сталовай у Заводзкім раёне падыходзяць людзі, пераважна немаладыя. І калі ў кожным менскім аўтобусе толькі размоваў, што пра каранавірус, тут пра яго не размаўляюць.

Праз 10 хвілін да будынку падыходзіць дзяўчына.

— Аляксандраўна! — крычыць ёй у сьпіну мужчына гадоў 60. — Бэнзыльбэнзаат ёсьць?

Аляксандраўна — заснавальніца праекту «Вулічная мэдыцына» і студэнтка менскага мэдыцынскага ўнівэрсытэту Карына Радчанка.

Мужчына задзірае рукаў курткі, каб паказаць Карыне руку. Яны размаўляюць, і дзяўчына абяцае дапамагчы.

Мы заходзім у будынак сталовай. Там ужо чакаюць абеду некалькі дзясяткаў чалавек.

Акрамя Карыны, прыём вядуць Юля і Эмілія. Юля мае мэдыцынскую адукацыю — яна стаматоляг, але цяпер працуе масажысткай. Эмілія дапамагае ў якасьці асыстэнткі і запісвае зьвесткі пацыентаў.

Валянтэры “Вулічнай мэдыцыны” чакаюць пацыентаў.
Валянтэры “Вулічнай мэдыцыны” чакаюць пацыентаў.

Перад пачаткам прыёму Карына робіць аб’яву: «Калі вы маеце праблемы са здароўем, падыходзьце да нас».

Яна просіць пацыентаў захоўваць дыстанцыю ў два мэтры і тлумачыць гэта сытуацыяй з каранавірусам. У чаргу да мэдыкаў выстройваецца некалькі чалавек. Амаль усе яны знаёмыя паміж сабой: вітаюцца за руку ці ляпаюць адзін аднаго па плячы.

Асобна ад чаргі стаіць мужчына гадоў пяцідзесяці. Гэта Іван. Да яго падыходзіць знаёмы і прапануе руку, каб павітацца, але той не пагаджаецца:

«Цяпер такі час... Рукі незразумела ў чым!», — тлумачыць мужчына. Пра каранавірус ён гаварыць ня хоча і аргумэнтуе: «Калі вы пачуеце, як мы жывём, то прытомнасьць страціце».

Тым часам дзяўчаты актыўна прымаюць пацыентаў. Людзі зьвяртаюцца з рознымі праблемамі: ціск, галаўны боль, прастуда, праблемы са страўнікам.

«Мы мыем рукі»

Тацяна зьвяртаецца да мэдыкаў, бо ў яе чэрапна-мазгавая траўма. Яна адна з апошніх пацыентак у чарзе. У размове са Свабодай яна кажа, што два тыдні таму яе пабілі, але падрабязнасьцяў не раскрывае.

Тацяна некалькі гадоў жыве на вуліцы разам яшчэ з траімі бяздомнымі.
Тацяна некалькі гадоў жыве на вуліцы разам яшчэ з траімі бяздомнымі.

Пра каранавірус жанчына ўпэўнена адказвае: «Вядома, мы чулі пра гэта!».

«Мы чытаем і навіны слухаем, — кажа яна. — Спадзяёмся, што мэдыцына адолее гэта. Спрабуем менш знаходзіцца ў грамадзкіх месцах. У паліклінікі, лякарні ня ходзім».

Да размовы падключаецца сяброўка Тацяны Надзея. Яна зьвярнулася да мэдыкаў, каб даведацца, калі здымаць гіпс са зламанай рукі.

«Рукі мыем мы! Цяпер у кожнай грамадзкай прыбіральні ўсё гэта ёсьць!»

«Ну, дома, праўда, няма антысэптыкаў», — прызнаецца Тацяна. Яна разам з Надзеяй і яшчэ дваімі бяздомнымі жыве на вуліцы каля станцыі мэтро «Барысаўскі тракт».

«А ў аптэцы купіць?» — пытаюся.

«Грошай няма», — каротка адказваюць жанчыны. У Тацяны другая група інваліднасьці — яна атрымлівае невялікую грашовую дапамогу. Надзея не працуе, бо зламала руку.

«Алькаголь, наркотыкі, страты, турма», — так Тацяна і Надзея апісваюць свой шлях да жыцьця на вуліцы.

Да дзяўчат-мэдыкаў жанчыны ставяцца зь вялікай павагай і кажуць, што тыя вельмі дапамагаюць. Шмат у каго зь іх няма магчымасьці зьвярнуцца ў паліклініку.

«Пасьля таго, што мы перажылі ў турме, ужо баяцца няма чаго»

Аляксандар праблемаў са здароўем ня мае, але ён не выключае, што дапамога мэдыкаў неўзабаве яму спатрэбіцца. Чатыры месяцы таму ён выйшаў з турмы. Ён мае дзе жыць, але грошай няма. На працу ўладкавацца ня можа.

«Я сядзеў у калёніі ў Навасадах [ПК № 14. — Свабода] 4 гады на строгім рэжыме. За крадзеж», — дзеліцца Аляксандар.

«Я спрабаваў уладкавацца на працу. І ў цэнтры занятасьці стаяў... Не бяруць. Кагосьці не задавальняў я сам, кагосьці судзімасьць. Кагосьці працоўная кніжка, што не працаваў доўга. Ім жа не патлумачыш, што быў у месцах пазбаўленьня волі, таму такі разрыў — 4 гады».

Да турмы Аляксандар працаваў у таксі. Каб вярнуцца на працу, яму трэба аднавіць дакумэнты. На ўсё гэта патрэбны грошы, якіх няма.

«Але і з судзімасьцю туды ня возьмуць», — кажа Аляксандр.

Каранавірус мужчыну не палохае.

«Тое, што рукі мыць, — гэта зразумела. Мне ня страшна. Пасьля таго, што мы перажылі там [у турме], ужо баяцца няма чаго. Які каранавірус? Там ходзіць тубэркулёз. Страшней за гэта ўжо нічога ня будзе. Калі я сплю, а побач ляжыць чалавек з сухотамі і дыхае мне ў твар, то чаго мне тут баяцца?»

«Сярод нашых пацыентаў шмат пажылых людзей»

Карына Радчанка кажа, што ў мінулыя выходныя мэдыкі расказвалі сваім пацыентам аб прафіляктыцы каранавірусу.

«Каб яны не кантактавалі зь нейкімі паверхнямі, бо гэты вірус можа выжываць да некалькіх сутак. Каб рукі мылі, не хадзілі па грамадзкіх месцах».

Карына Радчанка, заснавальніца праекту «Вулічная мэдыцына» і студэнтка менскага мэдыцынскага ўнівэрсытэту.
Карына Радчанка, заснавальніца праекту «Вулічная мэдыцына» і студэнтка менскага мэдыцынскага ўнівэрсытэту.

«Цяпер усё яшчэ працягваецца сэзон прастудаў. Як былі пацыенты з рэсьпіраторнымі сымптомамі — кашлем, насмаркам, тэмпэратурай, так яны і засталіся, — працягвае Карына. — Бяз доступу да нейкіх аналізаў вельмі цяжка разгледзець, COVID-19 гэта ці штосьці іншае. Мы праводзім сымптаматычную тэрапію».

Цяпер «Вулічная мэдыцына» абвясьціла збор сродкаў на лекі, маскі і антысэптыкі для бяздомных ды маламаёмных на краўндфандынгавай пляцоўцы MolaMola.

«Гэта важна, бо сярод нашых пацыентаў шмат пажылых людзей. Паводле статыстыкі, каранавірус больш небясьпечны менавіта для старых, у каго ёсьць хранічныя захворваньні, напрыклад цукровы дыябэт, гіпэртэнзія, вэгета-сасудзістыя захворваньні».

Падтрымаць ініцыятыву «Вулічная мэдыцына» і дапамагчы бяздомным можна па гэтай спасылцы.

Падчас пандэміі каранавірусу бяздомныя людзі — адна з самых неабароненых групаў насельніцтва. Ім няма дзе жыць, а значыць, няма дзе самаізалявацца. У іх няма грошай, а значыць, няма антысэптыкаў і масак. Падчас карантыну эўрапейскія краіны засяляюць тых, хто ня мае дома, у гатэлі. А ў Канах для бяздомных арганізавалі часовы прытулак у палацы, дзе звычайна праходзіць Канскі кінафэстываль.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG