Усясьветная арганізацыя аховы здароўя: 81% выпадкаў каранавіруса — у лёгкай форме
Прадстаўнік усясьветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў ацаніў абстаноўку з каранавірусам у сьвеце. Паводле яго, у Кітаі зьніжаецца колькасьць новых захворваньняў.
Батыр Бердыклычаў: «З 2 лютага колькасьць новых выпадкаў каранавірусу ў Кітаі зьніжаецца. На ранак 28 лютага 52 краіны зафіксавалі ў сябе выпадкі каранавіруса. Найбольш непакоіць распаўсюд вірусу ў Італіі, Паўднёвай Карэі і Іране. Там ідзе рост. Асноўныя паказчыкі гэтага віруса: 81% — лёгкая і сярэдняя формы, якія чалавек пераносіць на нагах, 14% — больш цяжкія і 5% — гэта цяжкая форма. Па дадзеных кітайскіх навукоўцаў узровень сьмяротнасьці — 2-4%».
Паводле Батыра Бердыклычава, закрыцьцё межаў краіны не зьяўляецца эфэктыўным і рэкамэндаваным крокам па супрацьдзеяньні каранавірусу. Напрыклад, паводле яго, Францыя не закрывае межы з Італіяй.
Таксама Батыр Бердыклычаў падкрэсьлівае, што здаровым людзям маскі не патрэбныя. Гэта патрэбна хворым, каб не заразіць астатніх, а таксама мэдыкам і тым, хто даглядае хворых.
Міністар аховы здароўя: Нас зьдзівіла і засмуціла рэакцыя беларусаў у благасфэры і ў рэальнасьці
Міністар аховы здароўя Уладзімір Каранік распавёў журналістам пра першы выпадак захворваньня на каранавірус у Беларусі.
Паводле міністра, студэнт зь Ірану мог быць носьбітам інфэкцыі, бо ў яго няма клінічных сымптомаў захворваньня.
Уладзімір Каранік: «Нас зьдзівіла рэакцыя людзей ў блогасфэры і ў рэальнасьці. Мы маем пацыента, якога нічога не турбуе, у яго няма клінічных сымптомаў. Гэта можа быць знакам носьбіта. На сёньня лячэньне не патрабуецца. Мэтодыка адпрацаваная, і мы праводзім усе неабходныя мерапрыемствы. Усе студэнты, якія блізка кантактавалі з носьбітам, шпіталізаваныя. Ёсьць праца, не заўважная воку, мы ведаем, колькі ляцела ў самалёце і дзе яны сядзелі. Мы ведаем чатырох чалавек, якія сядзелі побач з носьбітам, адзін зь іх транзытны пасажыр».
Уладзімір Каранік падкрэсьлівае, што падставаў для хваляваньня няма.
«Мы адкрыта пра гэта распавядаем, мы не гаворым не таму, што ня можам гэта схаваць. Мы лічам, што насельніцтва мусіць атрымоўваць інфармацыю нават пра падазрэньні на інфэкцыю. Грамадзтва мусіць праяўляць узважаную пазыцыю», — падкрэсьлівае Ўладзімір Каранік.
Міністар Каранік заявіў, што іх «зьдзівіла і засмуціла рэакцыя беларусаў у благасфэры і ў рэальнасьці». Ён заклікаў «супакоіцца», запэўніўшы некалькі разоў, што «сытуацыя кантралюецца».
Міністар аховы здароўя пра каранавірус. ЖЫВЫ ЭФІР
Свабода вядзе відэастрым з прэс-канфэрэнцыі міністра аховы здароўя Беларусі Ўладзімера Караніка, прысьвечаную каранавірусу.
Што адбываецца каля Менскай інфэкцыйнай лякарні, дзе абвясьцілі карантын
Дзе ў Беларусі праверыцца на каранавірус
- Калі вы едзеце з-за мяжы, вас і так правераць у аэрапорце або на памежным пераходзе.
- У прыватных клініках аналізаў на каранавірус ня робяць (прынамсі пакуль што).
- У інфэкцыйных лякарнях проста ўсіх ахвочых не правяраюць — толькі пасьля паезак у небясьпечныя раёны і першых сымптомаў.
- Калі сымптомаў няма, але ёсьць нейкія падазрэньні, што маглі захварэць на COVID-19, можна выклікаць з паліклінікі лекара на дом, расказаўшы пра прычыны падазрэньняў.
- Калі ёсьць сымптомы (нават нязначныя, як то тэмпература, кашаль, цяжка дыхаць) і падставы меркаваць, што маглі захварэць на COVID-19, лепей выклікаць «хуткую».
- Сымптомы COVID-19 падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, таму неабходны дадатковы скрынінг.
Лукашэнка пахваліў мэдыкаў: усё робяць «бяз шуму і гвалту»
Апоўдні Аляксандар Лукашэнка выказаўся супраць закрыцьця межаў у сувязі з каранавірусам. Пазьней дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў і іншую частку ягонай прамовы, у якой кіраўнік дзяржавы пахваліў мэдыкаў за тое, што тыя ўсё робяць «бяз шуму і гвалту».
«Нашым лекарам трэба дзякуй сказаць. Ні межы не закрываюць, ні гвалтам не крычаць, ні шуму, ні пылу. Робім усё тое, што робяць у тым жа Кітаі», — адзначыў ён.
Супраць таго, каб зачыняць межы, ён прывёў такі аргумэнт: іншыя ўжо спрабавалі гэта зрабіць, але нічога не атрымалася.
«Ну зачыніце межы — і што? — спытаў Лукашэнка. — Былі ўжо зачыненыя — і сёньня ўвесь сьвет заразіўся каранавірусам. Пры такіх глябальным зносінах гэта пустое. Мы ўскладнім адносіны з галоўнымі нашымі партнэрамі — Кітаем, Расеяй... Ну як з Расеяй закрыць мяжу? Таму трэба на месцы спакойна працаваць па ўсіх напрамках».
Рэктар БНТУ: Студэнтаў пераводзяць на індывідуальнае навучаньне
«Надзвычайнай сытуацыі няма», — сказаў на прэс-канфэрэнцыі рэктар БНТУ Сяргей Харытончык, камэнтуючы сытуацыю са студэнтам унівэрсытэта, у якога выявілі каранавірус, перадае карэспандэнт Свабоды.
Па словах рэктара, індывідуальнае навучаньне студэнтаў БНТУ будзе арганізаванае з 28 лютага па 16 сакавіка. Схему навучаньня дэтальна прапрацуюць. Але яна ўжо выкарыстоўвалася, калі студэнты валянтэрылі падчас падрыхтоўкі і правядзеньня Эўрапейскіх гульняў у Менску.
«Панікі няма», — сьцвярджае Сяргей Харытончык.
Усясьветная арганізацыя здароўя атрымала інфармацыю пра каранавірус у Беларусі
У беларускім офісе Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя (WHO) атрымалі інфармацыю аб першым выпадку каранавірусу ў Беларусі.
«Гэта не сюрпрыз, гэта чаканая сытуацыя, — сказаў прадстаўнік WHO ў Беларусі Батыр Бердыклычаў. — Захады і рэкамэндацыі, якія ёсьць, супадаюць з рэкамэндацыямі пры сэзонным грыпе. Больш спэцыфічныя захады будзе прымаць нацыянальная сыстэма аховы здароўя».
Перад беларускай сыстэмай аховы здароўя стаіць задача выяўляць вірус, лячыць і адсочваць кантакты хворага.
«Мы бачым, што гэта якраз адбываецца ў Беларусі. Мэдыцынская служба зрэагавала: хворага выявілі і ізалявалі, ягоныя кантакты адсочваюцца», — гаворыць Батыр.
Ён падкрэсьліў, што ў Беларусі ёсьць тэсты для выяўленьня каранавірусу і ўсё неабходнае абсталяваньне.
Каранавірус у сьвеце: Першы выпадак пацьверджаны ў Літве
Першы выпадак новага каранавірусу (COVID-19) быў зарэгістраваны сёньня ў Літве. Вынікі тэстаў пацьвердзілі заражэньне пацыенткі, якая вярнулася з італьянскай Вэроны 24 лютага, паведамляе Міністэрства аховы здароўя Літоўскай Рэспублікі.
У Менскай інфэкцыйнай лякарні карантын
Ад 9 раніцы 28 лютага ў Менскай гарадзкой клінічнай інфэкцыйнай лякарні абвясьцілі карантын, піша Tut.by. Уваход на тэрыторыю забаронены, у тым ліку для наведваньня хворых. Таксама прыпыненыя кансультатыўныя прыёмы хворых (акрамя дыспансэрных аддзяленьняў гепатыту і ВІЧ для атрыманьня лекаў).
ТЭСТ: Ці шмат вы ведаеце пра вірусы?
Ці шмат вы ведаеце пра вірусы і пра гісторыю чалавечага змаганьня зь імі? Праверце сябе.
Каранавірус у сьвеце: У Манголіі ізалявалі прэзыдэнта. Першы выпадак у Брытаніі. Рынкі абваліліся
Па ўсім сьвеце каранавірус стаў прычынай сьмерці ўжо, як найменш, 2800 чалавек. Заразіліся — звыш 83-х тысяч, на ўсіх кантынэнтах, за выключэньнем Антарктыды. Па-за межамі мацерыковага Кітаю зарэгістравана звыш 4400 выпадкаў заражэньня.
Сусьветныя рынкі працягваюць рэзкае падзеньне на тле распаўсюджваньня новага тыпу каранавірусу, заражэньне якім зафіксавана ўжо больш як у 50 краінах. Сёньня адзначана падзеньне катыровак на азіяцкіх біржах — усьлед за зьніжэньнем індэксаў у чацьвер на рынках у ЗША і дзяржавах Эўропы.
Абвестка на адной зь менскіх аптэк — на трох мовах. Беларускай сярод іх няма
Што адбываецца ў БНТУ, дзе ў студэнта выявілі каранавірус
Лукашэнка пракамэнтаваў сытуацыю з каранавірусам
Ад раніцы 28 лютага Аляксандар Лукашэнка выступае на зьезьдзе праўладнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Ён пасьпеў расказаць пра інфляцыйныя чаканьні, нежаданьне банкрутаваць прадпрыемствы, пасьпяховае ўтварэньне першасных прафсаюзных арганізацыяў, барацьбу зь несваечасовымі выплатамі заробкаў і іншае.
Як перадае БелТА, сярод іншага ён згадаў і COVID-19: заявіў, што «ня бачыць неабходнасьці закрываць межы празь зьяўленьне каранавірусу ў краіне». Маўляў, «гэта пустое».
Каранавірус, каранавірус у Беларусі, каранавірус у сьвеце, коронавирус, коронавирус в Беларуси, коронавирус в мире, Лукашенко про коронавирус
Ліст ад Мінздароўя?
У распараджэньне Свабоды трапіў ліст, які нібыта рассылае Мінздароўя на беларускія прадпрыемствы. У лісьце просяць тэрмінова разьмясьціць дазатары з антысэптыкамі і інфармацыйныя стэнды ў месцах масавага скопішча людзей. Пацьвердзіць сапраўднасьць ліста пакуль не ўдалося.
Як засьцерагчыся ад каранавірусу
Парады Сусьветнай арганізацыі здароўя такія:
- Рэгулярна і вельмі старанна мыйце рукі са сродкам, які зьмяшчае спірт, альбо вадой з мылам.
- Старайцеся знаходзіцца на адлегласьці ня меней за 1 м ад суразмоўцаў, якія кашляюць ці шморгаюць носам.
- Не дакранайцеся да вачэй, носа і рота. На руках можа быць вірус
- Прыкрывайце рот і нос локцем ці сурвэткай, калі кашляеце і чхаеце. Выкарыстаную сурвэтку трэба адразу выкінуць.
- Калі ў вас тэмпература, кашаль ці вы цяжка дыхаеце, адразу зьвяртайцеся да доктара. Заставайцеся дома, калі пачуваецеся кепска.
- Заставайцеся дома, калі вы пачуваецеся кепска, нават калі ў вас вельмі невыразныя сымптомы. Не кантактуйце зь іншымі людзьмі і не наведвайце публічных месцаў.
- Сачыце за апошняй інфармацыяй пра сытуацыю зь вірусамі ў вашай краіне.
Заняткі ў БНТУ не адмянілі
«Пакуль ніякіх камэнтароў. Заняткі ў БНТУ не адмененыя»,— сказаў першы прарэктар Георгій Вяршына. Пакуль тут наагул ціха. Калі быў перапынак, студэнтаў было шмат — пераходзілі ў іншыя корпусы, сыходзілі.
Улады ня бачаць падставаў для закрыцьця межаў
«На сёньня эпідэміялягічная сытуацыя абсалютна кантраляваная, падставы закрываць межы, як у нас некаторыя радыкальныя галовы кажуць, няма», — цытуе «Інтэрфакс» міністра аховы здароўя.
Галоўная задача — забясьпечыць кантроль на зьнешнім контуры Беларусі за ўсімі, хто прыяжджае, падкрэсліў міністар. Ён таксама зьвярнуў увагу, што Сусьветная арганізацыя аховы здароўя з шэрагу прычынаў таксама не рэкамэндуе закрыцьцё межаў.
«Па-першае, гэта будзе стымуляваньне бескантрольнай незаконнай міграцыі. Калі людзям трэба, яны ўсё роўна заедуць у краіну, але абмінуць пункты кантролю. І гэта можа прывесьці да некантраляванага распаўсюду інфэкцыі. Па-другое, транзытныя пункты, дзе пасажыраў застане рашэньне аб закрыцьці межаў, могуць самі стаць новымі рассаднікамі новых ачагоў», — патлумачыў міністар.
Студэнт на карантыне: «Ляжым, адпачываем»
«Нас прывезьлі ў шпіталь, памералі тэмпэратуру і зьмясцілі ў ізаляваны корпус. Кажуць, мы тут будзем пад наглядам два тыдні. Усе абсалютна здаровыя. Так што ляжым, адпачываем», — распавёў Свабодзе адзін са студэнтаў.
Другі дадае: «Мы зваршчыкі, нам страх невядомы. Настрой выдатны, ніхто ўвогуле не хвалюецца».