«У яго жонка была хворая, ён ад яе падхапіў» — што кажуць студэнта пра іранца з каранавірусам
«Сам іранец казаў, што ён пачуваецца някепска, у яго тэмпэратура. Але казаў, што ў яго жонка хворая. Напэўна, ён ад яе падхапіў, — распавёў Свабодзе студэнт БНТУ. — Сытуацыя спакойная. Я ўвогуле на расслабоне. Мы давяраем нашай дзяржаве. Групу, у якой вучыўся іранец, паклалі ў Бараўляны на два тыдні. Забралі іх ранкам сёньня. Ізалявалі.
Унівэрсытэт пераведзены на індывідуальнае навучаньне. Студэнты, якія не кантактавалі з гэтай групай, чакаем, што нам скажуць рабіць далей. Напэўна, праз 1-2 гадзіны будзем ведаць».
Іншы студэнт паведаміў, што ўвесь другі курс унівэрсытэту забралі ў Бараўляны зранку. Выкладчыкі таксама пераведзеныя на карантын.
У менскім аэрапорце ўжо чатыры санітарна-карантынныя пункты
«У аэрапорце ўжо чатыры санітарна-карантынныя пункты, дзе праводзіцца забор біяматэрыялу ў пасажыраў, што прылятаюць, — перадае БелТА словы прэс-сакратаркі Нацыянальнага аэрапорту Раміны Саматханавай. — Там працуюць мэдыкі. У нас па ўсёй тэрыторыі аэравакзальнага комплексу усталяваныя дэзынфэктары, рэгулярна праводзяцца клінінгавыя і дэзынфэкцыйныя мерапрыемствы ў вызначаным парадку. Увесь пэрсанал, задзейнічаны ў абслугоўваньні пасажыраў і паветраных судоў, абсталяваны індывідуальнымі сродкамі абароны».
Раней памежнікі расказвалі, што правяраюць грамадзянаў з прыкметамі вірусных захворваньняў і на «наземных» пунктах пропуску. Памежнікі сьцьвярджаюць, што гэта не ўплывае на прапускную здольнасьць.
Як паведаміў Свабодзе адзін са студэнтаў Механіка-тэхналягічнага факультэту БНТУ, дзе навучаецца студэнт з Ірану, хворы на каранавірус, цяпер мэдыкі шчыльна працуюць зь яго групай. Вядома, што заняткаў на факультэце сёньня няма. Самі студэнты чакаюць загадаў ад адміністрацыі ВНУ.
У Берасьці пад назіраньнем сям’я, якая прыехала з Італіі
Міністар здароўя расказаў, што ў Берасьці пад назіраньнем мэдыкаў цяпер сям’я, якая прыехала зь Міляну. Цяпер у іх ня выявілі прыкметаў каранавіруснай інфэкцыі.
У гэтай сям’і — студэнтка Мілянскага ўнівэрсытэту. У ейнай суседкі па пакоі выявілі прыкметы каранавірусу. Сям’я сама зьвязалася зь Мінздароўя Беларусі яшчэ ў Італіі, атрымала рэкамэндацыі. З дапамогай амбасады сям’ю даставілі ў Беларусь машынай да мяжы, ад мяжы ў Берасьці даставілі «хуткай» у Берасьцейскую інфэкцыйную лякарню.
БНТУ, студэнт якога заразіўся COVID-19, пераводзяць на індывідуальнае навучаньне
У сувязі з тым, што ў студэнта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту выявілі новы каранавірус, БНТУ пераводзяць на індывідуальнае навучаньне, піша БелТА са спасылкай на міністра здароўя.
Каранік: у першага пацыента тэмпэратура не вышэй за 37,4°
Міністар здароўя Ўладзімір Каранік раніцай 28 лютага расказаў, што ў першага ў Беларусі пацыента з COVID-19 «мінімальныя прыкметы парушэньня здароўя», перадае БелТА.
Студэнт з Ірану вучыцца ў БНТУ, жыў у прыватнай кватэры, цяпер шпіталізаваны. Тэмпэратура ў яго не падымаецца вышэй за 37,4°С.
Пацыента, кажа міністар, выклікалі на абсьледаваньне ў 33-ю паліклініку ў Менску, сам ён ня скардзіўся на здароўе на той момант. Мэдыкаў насьцярожыла крыху падвышаная тэмпэратура (37,3°С) і пачырваненьне ў горле. Яго даставілі ў інфэкцыйную лякарню, дзе пацьвердзілі наяўнасьць каранавірусу.
Пад назіраньне мэдыкаў трапіў ня толькі хворы, але і тыя, з кім ён вучыўся. Усе яны «адчуваюць сябе абсалютна задавальняльна», запэўнівае міністар.
Першыя выпадкі заражэньня каранавірусам 27 лютага выяўвілі ня толькі ў Беларусі, а і ў Літве, Нідэрляндах, Нігерыі і Новай Зэляндыі. Агулам COVID-19 зафіксвавалі ў 46 краінах сьвету.
На раніцу 28 лютага ў сьвеце было зафіксавана каля 83,4 тысячы выпадкаў заражэньня COVID-19. Зь іх 78,9 тысячы ў Кітаі, 2 тысячы ў Паўднёвай Карэі, больш за 650 у Італіі, звыш дзьвюх соцень у Іране і Японіі. Таксама сем соцень выпадкаў зафіксавалі на круізным ляйнэры Diamond Princess, што працяглы час стаяў ля берагоў Японіі.
Ад хваробаў, выкліканых вірусам, памерлі 2858 чалавек (2788 у Кітаі, 26 у Іране, 13 у Паўднёвай Карэі).
За апошні дзень зафіксавалі 335 новых выпадкаў у Кітаі, 256 — у Паўднёвай Карэі. За дзень памерлі 44 чалавекі — усе ў Кітаі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ
COVID-19 у сьвеце і ў Беларусі. Галоўнае
- Па стане на раніцу 1 сакавіка, каранавірус COVID-19 выявілі ў 86,033 чалавек у 64 краінах. 2,942 чалавекі памерлі.
- 27 лютага вірус выявілі ў студэнта БНТУ, грамадзяніна Ірану, які прыбыў у Беларусь з Баку 22 лютага. Паводле Мінздароўя, яму не патрэбнае лекаваньне, бо ў мужчыны няма клінічных сымптомаў захворваньня. Іранец мог быць носьбітам інфэкцыі.
- 1 сакавіка стала вядома, што новы каранавірус западозрылі ў бацькі сяброўкі іранскага студэнта БНТУ («сумнеўны вынік» аналізаў, які патрабуе пацьвярджэньня) і ў жанчыны зь Віцебску, якая была на поўначы Італіі і праходзілі праверку ў сувязі з успышкай вірусу ў рэгіёне.
- Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня бачыць неабходнасьці закрываць межы з-за зьяўленьня каранавірусу ў краіне.
- Як засьцерагчыся ад каранавірусу. Парады Сусьветнай арганізацыі здароўя