Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Татарскія актывісты выпусьцілі шакалядныя манэты да 750-годзьдзя Залатой Арды


TATARSTAN - Coins in honor of the 750th anniversary of the Golden Horde

Актывісты Саюзу татарскай моладзі «Азатлык» выпусьцілі да 750-годзьдзя Залатой Арды і сьвяткаваньня Новага году шакалядныя манэты. Пра гэта яны расказалі сайту «Idel.Реалии».

— З намерам парадаваць дзяцей, жадаючы ўзьняць ім настрой, разам з тым не забываючы пра выхаваўчую работу, Саюз татарскай моладзі «Азатлык» ужо другі год рыхтуе смачныя падарункі. Калі летась татарскія актывісты падарылі шакалядкі з фотаздымкамі Гаяза Ісхакі і Садра Максудзі [дзеячоў татарскага нацыянальнага руху пачатку ХХ стагодзьдзя — РС], то сёлета дзяцей чакаюць скарбы Залатой Арды, — расказалі яны.

Шакалядка зробленая ў выглядзе манэты. Усярэдзіне — «якасны бэльгійскі малочны шакаляд», расказваюць у «Азатлык». На адным баку манэты — тамга Менгі Цімура, і надпіс: «Дзяржаве Залатая Орда 750 гадоў», на другім — малюнак барса і сонца. Паводле старшыні «Азатлыку» Наіля Набіуліна, манэта гістарычна дакладная:

— Менавіта такія манэты выпускаліся ў сталіцы Залатой Арды — горадзе Сарай у часы Узбэк хана, у пэрыяд 1336-1337 гадоў. Чаму менавіта Узбэк хан? Па-першае, на яго час прыпадае найбольшы росквіт Залатой Арды. Па-другое, сымбаль барса, які падобны на герб Татарстану, што важна як для выхаваўча-адукацыйнага аспэкту, так і для правядзеньня гістарычных паралеляў, — упэўнены ён.

Паводле актывістаў, усяго выпушчана 2 000 шакалядак Залатой Арды, якія будуць распаўсюджвацца праз бацькоў.

Галоўныя мэты гэтай акцыі, як падкрэсьліваюць актывісты, — папулярызацыя нацыянальнай гісторыі, у прыватнасьці гісторыі Залатой Арды^; напамін пра 750-гадовы юбілей Залатой Арды і павышэньне нацыянальнай самасьвядомасьці і пашырэньне кругагляду дзяцей.

У 2019 годзе адзначаецца 750-годзьдзе Залатой Арды.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG