Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кансэрватары на чале з Борысам Джонсанам перамагаюць на парлямэнцкіх выбарах у Брытаніі, — апытаньне


Кансэрватыўная партыя атрымае 50 дадатковых дэпутатаў на выбарах у парлямэнт Вялікабрытаніі, якія прайшлі 12 сьнежня.

Пра гэта сьведчыць апытаньне на выхадзе з выбарчых участкаў, праведзенае супольна Бі-бі-сі і тэлеканаламі ITV ды Sky News.

Паводле апытаньня, кансэрватары атрымаюць 368 дэпутатаў — гэта на 50 больш, чым на выбарах 2017 году. Лейбарысты маюць атрымаць 191 месца ў парлямэнце, лібэральныя дэмакраты 13, Шатляндзкая нацыянальная партыя 55. Чакаецца, што афіцыйныя вынікі выбараў будуць вядомыя каля 13-й гадзіны паводле менскага часу ў пятніцу.

Пазачарговыя выбары ў Вялікабрытаніі былі прызначаныя праз сытуацыю, якая склалася вакол Брэксыту. Ураду Борыса Джонсана так і не ўдалося ажыцьцявіць выхад каралеўства з Эўразьвязу да 31 кастрычніка. У выніку ЭЗ адклаў Брэксыт да 31 студзеня 2020 году.

Выбары прайшлі паводле звычайнай для Вялікабрытаніі мажарытарнай сыстэмы ў адзін тур. Кандыдат, які заняў першае месца ў выбарчай акрузе, становіцца дэпутатам.

Падчас выбарчай кампаніі Джонсан адмовіўся ад прапанаванага яму лідэрам Партыі Брэксыту Найджэлам Фараджам перадвыбарчага саюзу. Фарадж прапаноўваў, што яго партыя ня будзе супернічаць з кансэрватарамі ў большасьці акругаў у абмен на адмову Джонсана ад пагадненьня з ЭЗ, якое Фарадж лічыць «несапраўдным» Брэксытам. Паводле апытаньня на выхадзе з выбарчых участкаў, Партыя Брэксыту цяпер не атрымае ніводнага дэпутата.

Брэксыт першапачаткова быў заплянаваны на 29 сакавіка. Ён пераносіцца ўжо трэці раз. Брытанскі парлямэнт кожны раз выступаў супраць выхаду з ЭЗ без дамовы і ў той жа час адмаўляўся зацьвердзіць дамову, прапанаваную кансэрватарамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG