Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Толькі бяз стрымаў». Апазыцыя сабралася, каб абмеркаваць сцэнар пратэсту 20 сьнежня


Акцыя супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй. Менск, 8 сьнежня 2019 году

Гэта будзе чарговая акцыя супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі.

Акцыю пратэсту 20 сьнежня ў мінулую нядзелю анансаваў Павал Севярынец. Яна прымеркаваная да чарговай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна.

Папярэдняя сустрэча ў Сочы скончылася фактычна нічым. Так званыя дарожныя мапы не былі падпісаныя, а кіраўнікі краін разьехаліся без заяваў для прэсы.

Перад пачаткам сустрэчы Павал Севярынец прапанаваў усім прысутным абмеркаваць магчымасьць для СМІ вядзеньня жывой трансьляцыі сутрэчы вядзеньне.

«Па-першае, гэта наша ўнутраная кухня, можа быць як тады, калі мы зьбіраліся абмяркоўваць сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР, — сказаў Севярынец. — Па-другое, відэа з гэтай сустрэчы можа быць доказам у выніку суду. У мяне, напэўна, і так ужо 45 сутак назьбіралася. Калі мне яшчэ 15 дадуць, то ладна, а вось іншым ня трэба».

У выніку большасьць актывістаў выказалася супраць таго, каб сустрэча трансьлявалася ўжывую. Заявы для СМІ будуць зробленыя пазьней.

На сустрэчы прысутнічаюць прадстаўнікі БХД, БНФ, АГП, КХП-БНФ, БСДП, кампаніі «Сьвежы вецер», партыі «Зялёныя», «Моладзевага блёку», «Маладога Фронту», «Эўрапейскай Беларусі, а таксама старшыня ТБМ Алена Анісім, Уладзімер Някляеў, руху салідарнасьці «Разам» і іншыя актывісты.

Свабода будзе паведамляць пра вынікі сустрэчы. Плянуецца, што яна працягнецца некалькі гадзін.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG