Кіраўнікі Беларусі І Расеі абмяняліся віншаваньнямі з нагоды 20-годдзю падпісання Дагавора аб стварэньні «саюзнай дзяржавы». Пра гэта паведамалі прэсавыя службы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна.
8 сьнежня 1999 года ў Маскве Аляксандр Лукашэнка і першы прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын падпісалі Дагавора аб стварэньні «саюзнай дзяржавы». Дакумэнт прынялі «кіруючыся воляй народаў Расіі і Беларусі да яднаньня і абапіраючыся на агульнасьць іх гістарычных лёсаў, клапоцячыся пра жыцьцёвыя інтарэсы сваіх грамадзян».
Лукашэнка – Пуціну
- Гэты дакумэнт вывеў беларуска-расейскія адносіны на ўзровень сапраўднага саюзьніцтва і стратэгічнага партнэрства.
- За гэты час Беларусь і Расея шмат чаго дасягнулі. Каардынуюць дзеяньні на міжнароднай арэне, умацоўваюць абараназдольнасьць, узаемна дапаўняюць адно аднаго ў эканоміцы.
- Створана агульная гуманітарная, сацыяльная, культурная і адукацыйная прастора. Грамадзян дзьвюх краін не падзяляюць межы, візы, мытні.
- Галоўная задача цяпер – забясьпечыць неабходныя ўмовы, каб павялічыць дабрабыт грамадзян.
- Мы зможам надаць новую дынаміку рэалізацыі саюзнай дамовы, няўхільна прытрымліваючыся прынцыпаў раўнапраўя і даверу.
Пуцін – Лукашэнку
- Гістарычнае рашэньне аб заключэньні саюзнай дамовы адлюстроўвала ўзаемнае імкненьне ўмацаваць расейска-беларускія адносіны.
- Двум краінам удалося істотна прасунуцца па шляху інтэграцыі і супрацоўніцтва.
- Досьвед, назапашаны ў рамках «саюзнай дзяржавы», выкарыстоўваецца ў больш шырокім фармаце Эўразійскага эканамічнага саюза.
- Сумеснымі намаганьнямі мы забясьпечым далейшае разьвіцьцё ўзаемавыгадных інтэграцыйных працэсаў, двухбаковага ўзаемадзеяньня на ўсіх кірунках.
Кіраўнікі дзяржаваў сустрэнуцца зноў 20 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу.
7 сьнежня ў Менску падчас сустрэчы прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі прайшла акцыя пратэсту супраць паглыбленьня інтэграцыі.
8 сьнежня ў Менску праходзіць яшчэ адна акцыя пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй.
«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»