Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рассельгаснагляд зьняў абмежаваньні з чатырох беларускіх кампаній


Ілюстрацыйнае фота

Расейская служба вэтэрынарнага і фітасанітарнага кантролю скасоўвае ад 6 сьнежня абмежаваньні на пастаўкі з чатырох беларускіх прадпрыемстваў. Прадукцыю можна будзе ўвозіць з электроннымі сэртыфікатамі, але толькі тую, што вырабілі 6 сьнежня і пасьля.

Забарону здымаюць з сыроў Маладэчанскага малочнага камбінату і Рагачоўскага мяса-кансэрвавага камбінату, мяса птушкі з агракамбінату «Сноў» і ялавічыны зь Менскага мясакамбінату.

Рашэньне было прынятае пасьля перамоваў кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта і ягонага беларускага калегі Івана Сьмільгіня, а таксама па выніках расьсьледаваньняў расейскага боку і пад гарантыі беларускага.

За дзень да таго Рассельгаснагляд зьняў абмежаваньні з сырных паўфабрыкатаў Рагачоўскага мяса-кансэрвавага камбінату, а таксама малочнай прадукцыі 32 беларускіх кампаніяў.

Між Беларусьсю і Расеяй ужо доўга працягваюцца спрэчкі наконт экспарту беларускай прадукцыі, якія называюць «малочнымі» і «мяснымі» войнамі.

Расея часта выказвае прэтэнзіі да якасьці беларускай малочнай і мясной прадукцыі і рэгулярна ўводзіць абмежаваньні на пастаўкі малочнай і мясной прадукцыі зь беларускіх прадпрыемстваў. Беларускі бок называе прэтэнзіі расейскага (якія тычацца ня толькі якасьці прадукцыі, але і незаконнага рээкспарту) неабгрунтаванымі. Прычыны «малочных войнаў» нярэдка называлі палітычнымі).

У першым квартале 2019 году экспарт беларускага малака і вяршкоў, ялавічыны, а таксама каўбас у Расею зьнізіўся на 15-30%. Усе пастаўкі малочнай прадукцыі зь Беларусі знаходзяцца на ўзмоцненым лябараторным кантролі з боку Рассельгаснагляду.

Падобным чынам разьвіваліся «мясныя войны». Разам зь імі ідуць спрэчкі аб пастаўках зь Беларусі ў Расею прадуктаў, вырабленых у Эўропе і забароненых для ўвозу ў Расею праз санкцыі, у тым ліку «беларускіх» крэвэтак, шампіньёнаў, манга і папаі. (у 2014 годзе, пасьля акупацыі Крыму, у адказ на санкцыі з боку ЭЗ і ЗША Расея ўвяла забарону на імпарт прадуктаў з Эўразьвязу).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG