Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кабякоў распавёў пра рэальнае беспрацоўе, харчаваньне сваёй сям’і і беларускія крэвэткі


Андрэй Кабякоў, архіўнае фота

Прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў даў інтэрвію тэлеканалу «Мир-24». Асноўнай тэмай была супраца ў межах СНД, ЭАЭС і «Саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі.

«Нафтагазавыя войны» Беларусі і Расеі ён патлумачыў тым, што «той, хто купляе, натуральна, хоча купіць таньней, а той, хто прадае, хоча прадаць даражэй». А папрокі Расеі ў «харчовых войнах» ён бачыць «недзе мо і справядлівымі».

Кабякоў тлумачыць: Беларусь паставіла ў Расею ў 5 разоў больш яблыкаў, чым можа вырасьціць, бо гэта быў рээкспарт з «несанкцыйных» краінаў, зь якімі Расея можа гандляваць і сама.

«Калі ў Рассельгаснагляду потым узьнікаюць праблемы, што нехта дакумэнты, крый Божа, падрабіў, то, вядома, трэба забясьпечваць крымінальны перасьлед тых асобаў, якія гэтай справай займаюцца, — казаў Кабякоў. — Паверце, пераважную большасьць гэтых асобаў трэба шукаць не ў Рэспубліцы Беларусь, а там, дзе потым гэтыя прадукты спажываюць і прадаюць. Найперш прадаюць».

Таксама ён ня бачыць праблемы ў існаваньні «беларускіх» крэвэтак ці вустрыц на расейскім рынку, бо ўсё робіцца адпаведна з заканадаўствам:

«Калі тавар, які прыбыў на тэрыторыю Мытнага саюзу, быў апрацаваны, і першыя чатыры знакі ТН ЗЭД (таварнай намэнклятуры зьнешнеэканамічнай дзейнасьці. — РС) памяняліся, то гэта ўжо тавар Мытнага саюзу і ён можа далей вольна перасоўвацца па яго тэрыторыі. Калі тыя ж самыя крэвэткі былі ў вылаўленым выглядзе ўвезеныя ў Рэспубліку Беларусь і прайшлі ачыстку, саленьне і іншае і памянялі свой код, значыць, тавар належным чынам, з усімі мерамі эканамічнай палітыкі ўвезены на тэрыторыю Мытнага саюзу і далей можа вольна перасоўвацца па тэрыторыі».

Тое, што тавары такога кшталту на расейскім рынку цяпер не «расейскія», а «беларускія», ён бачыць вынікі рашэньняў «расейскіх партнэраў».

У пытаньнях пра эканамічны крызіс у Беларусі Кабякоў быў аптымістычным: заявіў, што інфляцыя за першыя 9 месяцаў бягучага году, роўная 8,3%, можа здавацца вялікай, але гэта мінімальная інфляцыя за апошнія 5 гадоў; што рублёвыя банкаўскія ўклады павялічваюцца; што на наступны год заплянаваны рост ВУП на 1,7%.

Кабякоў заўважыў, што пры 1% рэгістраванага беспрацоўя ў Беларусі ёсьць значна больш «схаваных» беспрацоўных, агульную колькасьць якіх (улічаных і няўлічаных) ён ацаніў у 5,2%.

Прэм’ер таксама распавёў, што яго сям’я «заўсёды была вельмі сьціплай з пункту гледжаньня спажываньня», ды было б дзіўна казаць, што сям’я прэм’ера ў крызіс эканоміць на хлебе:

«У нас няма нечага надзвычайнага ні ў прадуктах харчаваньня, ні ў адзеньні, ні ў прадметах раскошы. Гэта ў нас не прынята, не культывуецца і не ўспрымаецца. Пытаньне толькі ў тым, можам мы больш сабе дазволіць на пэўныя паляпшэньні, зьвязаныя з участкам каля дома, ці не. Гэтым усё і рэгулюецца. Пэўныя адчуваньні ёсьць, што сапраўды краіне і грамадзянам ня проста. На ежы мы, натуральна, не эканомім, але і меру ведаем. Мы асабліва нічым не адрозьніваемся з пункту гледжаньня спажываньня».

XS
SM
MD
LG