Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспарт беларускіх яблыкаў і грыбоў у Расею ў пяць разоў перавысіў ураджай — намесьнік расейскага генпракурора


Беларусь у 2015 годзе паставіла ў Расею 573 тысяч тон яблыкаў і грыбоў, што ў пяць разоў перавышае сабраны ў Беларусі ўраджай. Пра гэта заявіў намесьнік генпракурора Расеі Ўладзімір Маліноўскі на пасяджэньні аб’яднанай калегіі Генэральных пракуратураў Расеі і Беларусі.

«Забароненыя да ўвозу ў Расею тавары часта пастаўляюцца па падробленых таварасуправаджальных і фітасанітарных дакумэнтах. Так, напрыклад, у 2015 годзе ў Расею імпартавана 573 тыс. тон беларускіх яблыкаў і грыбоў. Паводле мінсельгасу Беларусі, гэта ў пяць разоў перавышае сабраны ўраджай», — цытуе ТАСС Маліноўскага.

Паводле расейскага чыноўніка, сытуацыю пагаршае тое, што на мяжы Расеі і Беларусі не праводзіцца фітасанітарны кантроль тавараў.

Пасяджэньне аб’яднанай калегіі генпракуратураў дзьвюх краін было прысьвечана пытаньням арганізацыі ўзаемадзеяньня праваахоўных органаў так званай саюзнай дзяржавы і павышэньня эфэктыўнасьці пракурорскага нагляду ў сфэры барацьбы з мытнымі злачынствамі.

Расея стала вінаваціць Беларусь у тым, што яна пастаўляе санкцыйную прадукцыю. Прадстаўнікі Расесельгаснагляду заяўлялі, што Беларусь пастаўляе ў Расею вельмі шмат прадукцыі, якую ніколі не вырабляла — манга, папайю, тыгравых крэвэтак. Такая прадукцыя, паводле расейскага боку, невядомага паходжаньня, ідзе з падробленымі сэртыфікатамі.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка зьвінаваціў Расею ў блякаваньні беларускіх харчоў. У Рассельгаснаглядзе заявілі, што Беларусь у 2016 годзе, з 1 студзеня па 18 верасьня, увезла ў Расею "больш харчоў, чым летась, ніякага блякаваньня няма". Пры гэтым частка ўвезеных у РФ беларускіх прадуктаў не праходзіла праз кантрольныя пункты.

З 2014 году Расея забараніла ўвоз харчаваньня з Эўропы, ЗША і некаторых іншых краін, якія ўвялі супраць яе санкцыі з прычыны сытуацыі ва Ўкраіне. Пад забарону падпалі мяса, каўбасы, рыба і морапрадукты, гародніна, садавіна і малочная прадукцыя.

XS
SM
MD
LG