Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі зьнялі абмежаваньні на пастаўкі малочнай прадукцыі з 32 беларускіх прадпрыемстваў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Рассельгаснагляд 4 сьнежня адмяніў абмежаваньні на пастаўкі ў Расею малочнай прадукцыі налівам з 32 беларускіх прадпрыемстваў, паведаміла прэс-служба расейскага ведамства.

Адносна 26 прадпрыемстваў забарона зьнятая пры ўмове ўзмоцненага лябараторнага кантролю. У ліку такіх, напрыклад, «Савушкін прадукт», Менскі малочны завод №1, Слуцкі сыраробны камбінат і тры яго філіі. Адносна 6 прадпрыемстваў абмежаваньні проста зьнятыя — гэта асобныя рэгіянальныя філіі і цэхі буйных прадпрыемстваў.

Рашэньне прынятае «пасьля праведзенай працы зь беларускай вэтэрынарнай службай і па выніках тэлефонных перамоваў кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта з намесьнікам міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня, дырэктарам дэпартамэнту вэтэрынарнага і харчовага нагляду Беларусі Іванам Смільгінем», адзначыла прэс-служба.

Праца зь беларускай вэтслужбай па зьняцьці абмежавальных мераў на пастаўкі прадукцыі жывёльнага паходжаньня зь Беларусі ў Расею працягнецца, адзначаецца ў паведамленьні.

У пачатку чэрвеня 2018 году Рассельгаснагляд увёў забарону на ўвоз беларускай малочнай прадукцыі ў тары ёмістасьцю больш за 2,5 літра, «у сувязі з працягам паступленьня небясьпечнай малочнай прадукцыі» зь Беларусі ў Расею

7 траўня 2019 году татальная забарона была адмененая, аднак уведзеная забарона на пастаўку з 37 беларускіх малочных прадпрыемстваў.

Між Беларусьсю і Расеяй ужо доўга працягваюцца спрэчкі наконт экспарту беларускай прадукцыі, якія называюць «малочнымі» і «мяснымі» войнамі.

Расея часта выказвае прэтэнзіі да якасьці беларускай малочнай і мясной прадукцыі і рэгулярна ўводзіць абмежаваньні на пастаўкі малочнай і мясной прадукцыі зь беларускіх прадпрыемстваў. Беларускі бок называе прэтэнзіі расейскага (якія тычацца ня толькі якасьці прадукцыі, але і незаконнага рээкспарту) неабгрунтаванымі. Прычыны «малочных войнаў» нярэдка называлі палітычнымі).

У першым квартале 2019 году экспарт беларускага малака і вяршкоў, ялавічыны, а таксама каўбас у Расею зьнізіўся на 15-30%. Усе пастаўкі малочнай прадукцыі зь Беларусі знаходзяцца на ўзмоцненым лябараторным кантролі з боку Рассельгаснагляду.

Падобным чынам разьвіваліся «мясныя войны». Разам зь імі ідуць спрэчкі аб пастаўках зь Беларусі ў Расею прадуктаў, вырабленых у Эўропе і забароненых для ўвозу ў Расею праз санкцыі, у тым ліку «беларускіх» крэвэтак, шампіньёнаў, манга і папаі. (у 2014 годзе, пасьля акупацыі Крыму, у адказ на санкцыі з боку ЭЗ і ЗША Расея ўвяла забарону на імпарт прадуктаў з Эўразьвязу).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG