Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейска-беларуская малочная вайна: ці скісьне брацкая дружба?


Расейска-беларуская малочная вайна: ці скісьне брацкая дружба? - Міністры замежных справаў і каровы дзьвюх краінаў – недыпляматычны надой. - Малочны крызыс як момант ісьціны беларускай эканомікі. - Гэтыя тэмы абмяркоўваюць супрацоўнікі беларускай службы “Радыё Свабода” Юры Дракахруст і Аляксей Знаткевіч і аглядальнік рускай службы радыё Ірына Лагуніна. Вядзе перадачу дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук.

Свабода на Белсаце 13.06.2009, Частка 1


Лукашук: Ірына, пачнем з самага галоўнага пытаньня – якая прычына ці прычыны “малочнай вайны” паміж Менскам і Масквой?

Лагуніна: Калі ўлічыць досьвед папярэдніх “войнаў” – мандарынавых, вінных, водных, нафтавых ці газавых, то прычыны іх заўсёды палітычныя. Яны ў тым, што Расея ня ўмее будаваць адносіны з суседзямі. І вось зараз у гэтым шэрагу апынулася і Беларусь.

Лукашук: Беларусь і Расея – дзьве незалежныя дзяржавы. Магчыма, гэта і лягічна, магчыма – не, але на гэтым тыдні малочную праблему абмяркоўвалі міністры замежных справаў дзьвюх краінаў. Вось што сказаў на гэтай сустрэчы міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў:

Лаўроў: “Мы нікога ня ўпрошвалі і ня будзем упрошваць прызнаваць Паўднёвую Асэтыю і Абхазію. Пра тое, што гэтае пытаньне будзе разглядацца ў адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам, казала само беларускае кіраўніцтва. Мы з поўнай павагай ставімся да канстытуцыйных працэдураў Рэспублікі Беларусь. Мы таксама ніколі ня ўвязвалі гэтую тэму з пытаньнямі практычнага ўзаемадзеяньня нашых дзяржаваў”.

Юры, Ірына – наколькі гэта пераканаўча?

Дракахруст: Гэта, зразумела, ня надта пераканаўча. Ну, ніхто ў сьвеце не прызнаецца, што рабіў ціск на суседа ці саюзьніка, прапанаваў заплаціць ці ўвязваў нейкія далікатныя пытаньні зь іншымі аспэктамі двухбаковых адносінаў. Але падначалены спадара Лаўрова, пасол Расеі ў Беларусі спадар Сурыкаў даволі адкрыта заяўляў, што Расея чакае ад Беларусі прызнаньня, нядаўна пра тое, што Беларусь неяк не сьпяшаецца ў гэтым пытаньні, заявіў сьпікер Дзярждумы Барыс Грызлоў. Гэта былі публічныя заявы не апошніх у расейскай дзяржаве людзей. Ці ішоў на гэты конт гандаль – сказаць цяжка. Але рэакцыі беларускіх прадстаўнікоў, у прыватнасьці, на заяву Грызлова былі кшталту – малавата нам за гэта прапаноўваюць. Так што дапушчэньне, што гандаль ўсё ж такі быў і ёсьць, будзе даволі абгрунтаваным.

Лагуніна: Расеі цяпер уласьціва тое, што калі ёсьць партыйная ўстаноўка, то любое міністэрства будзе праводзіць гэтую ўстаноўку. І ў чым бы гэтая “вайна” ні выяўлялася – у літрах малака, у тонах мандарынаў ці нафты, увесь дзяржаўны апарат працуе над гэтай “вялікай” ідэяй.

Лукашук: Вы назвалі некалькі “войнаў”. Але наколькі яны былі эфэктыўныя?

Лагуніна: Я як раз хацела прывесьці прыклад, які пацьвярджае тое, што гэта заўсёды палітычная прычына. Мінулым летам Чэхія падпісала з ЗША пагадненьне аб будаўніцтве радара – часткі сыстэмы супрацьракетнай абароны. Расея адразу адключыла пастаўкі нафты ў Чэскую Рэспубліку. Спадар Пуцін тады казаў, што гэта тэхнічныя праблемы, ён тады па тэлебачаньні казаў, што іх трэба неадкладна вырашыць, і ўсе падумалі, што яно гэтак і будзе вырашана. Што няпраўда. Расея да канца мінулага году недапастаўляла нафту ў Чэхію: спачатку гэта было 40% у месяц, потым – 20-25%. Напрыканцы году ўзьнік газавы канфлікт з Украінай, Чэхія пачала старшыняваць у ЭЗ. І падчас перамоваў у гэтай якасьці са спадаром Пуціным было сказана: “А дарэчы – вы нам летась недапастаўлялі нафту, а для нас 2008 год быў годам самага вялікага імпарту нафты”. Іншымі словамі, расейскія пастаўкі адразу ж аднавіліся ў поўным аб’ёме. І Расея проста прайграла.

Лукашук: Юры, а наколькі эфэктыўныя былі гандлёвыя “войны” Расеі зь Беларусьсю?

Дракахруст: З эканамічнага пункту гледжаньня іх вынікам былі кампрамісы хутчэй на карысьць Расеі. Але аддаленымі наступствамі гэтых войнаў было палітычнае і псыхалягічнае аддаленьне Беларусі ад Расеі. Апошнія рухі цела Аляксандра Лукашэнкі, спробы завязаць адносіны з Захадам, уступленьне Беларусі ўва “Ўсходняе партнэрства” з ЭЗ – гэта, акрамя ўсяго іншага, рэха гэтых нафтавых і газавых “войнаў”, у выніку якіх нават Аляксандар Лукашэнка, пры ўсёй яго любові да Расеі, прыйшоў да высновы, што гэтая яго жарсьць небясьпечная, у тым ліку і для яго асабіста.

Лукашук: Ірына, нядаўна Аляксандар Лукашэнка пасьля сустрэчы з Уладзімерам Пуціным запрасіў у Менск кіраўнікоў чатырох расейскіх СМІ – ад газэты “Известия” да газеты “Завтра” – і правёў зь імі даволі працяглую гутарку. Фрагмэнты гэтага інтэрвію былі апублікаваныя ў гэтых выданьнях.

У часы Ельцына Лукашэнка мог уплываць на грамадзкую думку Расеі, на частку палітычнай эліты Расеі. А які ўплыў у Расеі мае Лукашэнка цяпер?

Лагуніна: Натуральна, што ягонымі саюзьнікамі могуць выступаць “патрыёты”. Яны могуць яго падтрымліваць, але патрыятычная ідэя – гэта ідэя аднаўленьня імпэрыі. Па-другое – гэта камуністы, бо ідэалягічна ім бліжэйшы Лукашэнка, чым той самы Пуцін або Мядзьведзеў. Але я ня бачу вялікай падтрымкі Лукашэнку ў сучаснай Расеі.

Але, з другога боку, я ня ўпэўненая, што зараз Аляксандру Лукашэнку гэтая падтрымка патрэбная. Палітыка Расеі прымушае яго не шукаць падтрымкі, у тым ліку і грамадзкай, у Расеі, а, як ён сказаў у адным інтэрвію, зрабіць Беларусь скрыжаваньнем, ад чаго Беларусь будзе атрымліваць прыбытак і разьвівацца.

Свабода на Белсаце 13.06.2009, Частка 2


Лукашук: У праскай студыі да нас з Юрыем Дракахрустам далучыўся Аляксей Знаткевіч. Калегі, любы крызіс – момант ісьціны. Якія ісьціны – эканамічныя, вытворчыя, палітычныя – адкрывае малочны крызіс?

Знаткевіч: Гэтая гандлёвая вайна хутчэй не адкрывае, а проста чарговы раз дэманструе тое, наколькі беларуская эканоміка залежная ад Расеі. Звычайна, калі гавораць пра гэтую залежнасьць, вылучаюць найперш імпарт расейскага газу, а таксама нафты, якая служыць апірышчам для беларускага экспарту нафтапрадуктаў. Але Расея разам з Эўразьвязам – таксама асноўны рынак для беларускага экспарту. Калі ў Эўразьвяз ідуць у асноўным тыя самыя нафтапрадукты і ўгнаеньні, дык ў Расею – прамысловыя тавары і харчовыя прадукты. І праблема ў тым, што калі Расея свой рынак закрывае, знайсьці альтэрнатыўныя рынкі надзвычай цяжка.

Калі ўзяць канкрэтна малочныя прадукты, дык больш за палову іх беларускай вытворчасьці ідзе на экспарт, і з гэтага экспарту больш за 80% – у Расею. Расея можа сабе дазволіць ад гэтага экспарту адмовіцца, а для беларускай малочнай прамысловасьці згубіць гэты рынак – амаль катастрофа. Як, кажуць, пакуль тоўсты ссохне, худы здохне.

Пры гэтым, калі для малочных прадуктаў альтэрнатыўныя рынкі яшчэ неяк можна шукаць, дык для ўласна малака – нявыкрутка. У нашым эфіры Андрэй Юркоў, галоўны спэцыяліст вучэбна-досьледнай гаспадаркі Беларускай дзяржаўнай сяльгасакадэміі, тлумачыў, што, напрыклад, паводле цяперашніх стандартаў Эўразьвязу ў беларускага малака няма шанцаў прабіцца на тамтэйшы рынак.

Дракахруст: Крызіс выявіў крохкасьць беларускай эканамічнай мадэлі, па меншай меры, у галіне сельскай гаспадаркі. І ўдар быў добра разьлічаны. Адмовіліся б расейцы купляць, скажам, трактары, ну дык трактарны адзін, наступствы такога ўдару лякальныя. А малаказаводы ў кожным раёне ёсьць, і таму атрымалася такое эканамічнае “бамбаваньне па плошчах”. Але самае галоўнае – малочная вайна паказала ўразьлівасьць Беларусі з прычыны залежнасьці ад аднаго рынку збыту.

Вось дзьве лічбы: у першым квартале гэтага году Беларусь прадала ў краіны СНД, пераважна ў Расею, 137 тысяч тонаў малочных прадуктаў, а ва ўвесь астатні сьвет, ва ўсе краіны па-за межамі СНД – усяго 300 тонаў малочных прадуктаў. Такое становішча – вынік некалькіх фактараў.

Першы – гэта якасьць беларускай прадукцыі. Чаму яна раптам стала неадпаведнай расейскім стандартам – гэта сапраўды доўгая і цікавая размова. Але эўрапейскім, скажам, стандартам яна і не адпавядала, і не адпавядае. Краіны Ўсходняй Эўропы, што ўступалі ў Эўразьвяз, зрабілі вялікую працу па рэфармаваньні сваёй сельскай гаспадаркі. І там гэта быў працэс не без праблемаў. Беларусь гэтых праблемаў ня ведала, а зараз сутыкаецца зь іншымі праблемамі.

Другі чыньнік – сьледаваньне прымаўцы: ад дабра дабра не шукаюць. Як з газам – танны, схемы пакупкі наладжаныя, дастаўнік вядомы – навошта пераймацца, шукаць іншыя, хаця б запасныя варыянты? У выніку – амаль поўная залежнасьць ад расейскага газу. Там манаполія, з малаком тое, што ў эканамічнай навуцы называецца манапсоніяй – манаполія пакупніка. Прадавалі ў Расею, там куплялі, падабалася – ну і добра, навошта шукаць нешта іншае? Ну, на выпадак вось такіх сытуацыяў, напрыклад. Зразумела, рынак Эўропы вельмі патрабавальны, надзвычай канкурэнтны. Але сьвет вялікі, магчыма, ёсьць краіны, дзе беларускае малако спажыўцоў бы і задавальняла. Аднак не прывязеш жа цыстэрну малака ў Каір ці Рыё-дэ-Жанэйра, не гукнеш: мужыкі, бабанькі, налятай, купляй. Патрэбнае вывучэньне рынку, збытавая інфраструктура. А яе няма. Таму і атрымалася, што ад удару расейскай забароны Беларусь аказалася безабароннай.

Лукашук: Напярэдадні малочнай вайны прэм'ер Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў, што калі беларускі бок не ўніфікуе сваю палітыку сельскагаспадарчых датацыяў з расейскай, то з доступам на расейскі рынак будуць праблемы. Паводле Пуціна, датацыі, якія Беларусь выдзяляе сваім вытворцам цэльнага малака, дасягаюць 24%, тым часам як у Расеі гэтыя датацыі складаюць толькі 3%.

«Я пра гэта Аляксандру Рыгоравічу сказаў. Ён чалавек арыгінальны, адказ у яго быў такі: «Няхай вашы не пішчаць, няхай зніжаюць выдаткі», - паведаміў Пуцін.

Зараз пішчаць даводзіцца зусім не расейцам.

Канфлікт можна разглядаць праз прызму сутыкненьня нацыянальных інтарэсаў. Але ў такіх суадносінах датацый можна ўбачыць і банальны дэмпінг, нядобрасумленную канкурэнцыю зь беларускага боку. Можа, ў гэтым насамрэч прычына канфлікту?

Дракахруст: Прычыны, мяркую, усё ж палітычныя: непрызнаньне незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, ўступленьне ва “Ўсходняе партнэрства”, нэрвовая рэакцыя на адмову ў выдачы крэдыту і г.д. Але дэмпінг – гэта дадатковы чыньнік і маральнае апраўданьне для расейцаў. Доля Беларусі на малочным рынку Расеі не такая ўжо і вялікая, хаця некаторых расейскіх вытворцаў беларускае малако, таннае з прычыны дзяржаўных датацыяў, сапраўды, відаць, пазбаўляла часткі даходаў. Але раней гэта з палітычных прычынаў цярпелі, а зараз, ізноў жа з палітычных прычынаў, вырашылі больш не цярпець. Як адзначыў эканаміст Міхась Залескі, ведалі ж расейцы і раней пра беларускія сельскагаспадарчыя датацыі. А схамянуліся толькі цяпер.

З другога боку, вельмі цікава падаць меркаваньні аглядальніка «Советской Белоруссии», які распавёў, як беларускія чыноўнікі казалі расейскім калегам – дык увядзіце і вы ў сябе такія датацыі, як у Беларусі. Але расейская палітыка ў гэтай галіне больш адпавядае лібэральным прынцыпам і прынцыпам свабоднага міжнароднага гандлю – мінімізацыі дзяржаўнага ўмешваньня ў эканоміку, свабоды цэнаўтварэньня. Расея гандлюе ня толькі зь Беларусьсю, яна імкнецца ўступіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. А для гэтага цэны павінны быць свабоднымі ці, па меншай меры, не занадта субсыдыяванымі. Беларусь сваёй нелібэральнай палітыкай сама ізалюе сябе ад вялікага сьвету. А потым крыўдзіцца, калі па тых ці іншых прычынах зачыняецца і расейскі выхад у гэты сьвет. Зачыняецца, можа, і несправядліва, і не найлепшы выхад. Але цяперашні крызіс вельмі яскрава дэманструе гэтую ізаляванасьць.

Лукашук: Як малочнае супрацьстаяньне паміж Беларусьсю і Расеяй успрымаецца ў Беларусі?

Знаткевіч: Сёньня на Радыё Свабода патэлефанавалі з СПК імя Ульянава Петрыкаўскага раёну. Жанчыны назваліся мясцовымі даяркамі і паведамілі, што малако з фэрмы не прымае калінкавіцкі завод “Белсыр”. Са словаў адной з суразмоўніц, малако, якое вяртаецца з Калінкавічаў, выліваюць у сянажную траншэю.

“Назад прывезьлі калгаснае малако і зьлілі яго ў сіласную яму. Гэта жах нейкі! 12 тон таго малака было, а можа і больш…”

Улады напачатку спрабавалі прыглушыць гэтую тэму, былі заявы віцэ-прэм'ера Івана Бамбізы і намесьніка міністра сельскай гаспадаркі Міхаіла Савельева, што рэальна гэтыя абмежаваньні нікога не закранулі, што з 600 найменьняў малочнай прадукцыі большасьць ужо і не экспартуецца і нават не выпускаецца. І гэта дублявалася той жа газэтай “Советская Белоруссия», зьмест першага артыкулу ў газэце на гэтую тэму зводзіўся да таго, што нічога страшнага няма, і цытаваліся як раз Бамбіза і Савельеў.

Але як толькі ў аўторак увечары было агучана, што яшчэ 800 найменьняў патрапіла ў забаронены сьпіс, то танальнасьць зьмянілася, і “Советская Белоруссия» надрукавала артыкул з такімі тэзамі, што гэта палітычнае рашэньне Расеі, што Расея помсьціць Беларусі за адмову прадаць за бесцань беларускія прадпрыемствы, найперш прадпрыемствы малочнай прамысловасьці.

Другая тэза – што гэтае рашэньне прынятае на самым версе расейскага кіраўніцтва. І трэцяя тэза – што нашы чыноўнікі хаваюць галаву ў пясок, спрабуюць сысьці ад адказу і не выконваюць патрабаваньне прэзыдэнта паводзіць сябе, як належыць паводзіць прадстаўнікам незалежнай дзяржавы.

Лукашук: На ваш погляд, хто пераможа ў гэтай “вайне”? Як, па-вашаму, яна скончыцца?

Знаткевіч: Я думаю, што пра перамогу ці паразу тут казаць некарэктна, бо гэта не гульня з нулявой сумай. Калі гэты канфлікт працягнецца, то найперш прайграе беларуская малочная вытворчасьць. А выйграе расейская малочная прамысловасьць.

Лукашук: А Беларусь хоць што-небудзь выйграе ў гэтай сытуацыі?

Дракахруст: Мяркую, што выйграе. На мой погляд, зараз расейцы павінны адступіць. Можа, гэта сьмелы прагноз, але я зьвярнуў увагу на нечаканае паведамленьне пра тое, што МВФ выказаў гатовасьць выдзеліць Беларусі дадатковы крэдыт на мільярд даляраў. Гэта ўдвая больш за апошнюю траншу расейскага крэдыту, якую Масква прытрымала, і роўна ўсёй суме гадавых даходаў Беларусі ад продажу малочных прадуктаў у Расею.

Магчыма, што пасьля таго, як Беларусь уступіла ва “Ўсходняе партнэрства”, расейцы вырашылі: “Ну добра, мы праверым, колькі каштуе гэтае эўрапейскае завабліваньне да сябе Беларусі, паглядзім, як Беларусі дапамогуць яе новыя сябры, паглядзім, ці гатовая Эўропа плаціць”. Высьветлілася, што гатовая. Праз МВФ, але гатовая. І тады Расея рызыкуе страціць наагул усё. А калі яна гэтага ня хоча, то ёй давядзецца плаціць таксама.

Свабода на Белсаце 13.06.2009, Частка 3

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG