Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Малочная вайна» Расеі зь Беларусьсю: нізкая якасьць прадукцыі ці замах на перапрацоўчыя прадпрыемствы?


Беларуская дэлегацыя на чале зь міністрам сельскай гаспадаркі і харчаваньня Леанідам Зайцам выправілася ў Маскву для вырашэньня праблемы з пастаўкамі беларускага малака ў Расею. Заплянаваныя перамовы з кіраўніком Мінсельгасу Расеі Дзьмітрыем Патрушавым.

Рассельгаснагляд ад 6 чэрвеня ўвёў часовыя абмежаваньні на пастаўку некаторых відаў беларускай малочнай прадукцыі ў тары аб’ёмам, большым за 2,5 літра.

Антыбіётыкі і дабаўкі ў беларускім малацэ

Напярэдадні перамоваў расейскія кантралёры заявілі пра іншую загану — наяўнасьць нітратаў у пітным малацэ шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. Такія рэчывы дадаюць дзеля выраўноўваньня ўзроўню бялку і недапушчэньня скісаньня пастэрызаванага малака (нэгатыўнае ўзьдзеяньне на арганізм суправаджаецца слабасьцю, парушэньнем функцый нэрвовай сыстэмы, сэрца, нырак, печані і г.д.).

Прадстаўнікі Рассельгаснагляду падкрэсьліваюць, што ў адпаведнасьці з тэхнічным рэглямэнтам Мытнага саюзу наяўнасьць у малочнай прадукцыі нітрату калію (Е251) і нітрату натрыю (Е250) не дапускаецца.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Па зьвестках ведамства, небясьпечныя дабаўкі знойдзеныя ў прадукцыі Менскага малочнага заводу № 1, Слуцкага сыраробнага камбінату, Маладэчанскага малочнага камбінату, Аршанскага малочнага камбінату, прадпрыемстваў «Данон Пружаны», «Малочны гасьцінец» ды іншых. Прынята рашэньне аб правядзеньні ўласнага расьсьледаваньня.

У сувязі з чарговым абвастрэньнем расейска-беларускіх дачыненьняў на «малочным фронце» экспэрты схіляюцца як мінімум да дзьвюх вэрсій: або беларуская прадукцыя сапраўды не адпавядае расейскім стандартам якасьці, або тамтэйшыя бізнэсоўцы намагаюцца ўзяць малочны бізнэс Беларусі пад уласны кантроль.

Праблема якасьці сапраўды ёсьць

Экспэрт у аграрнай галіне, кандыдат эканамічных навук, былы дацэнт Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту харчаваньня Пётра Мігурскі ў камэнтары для Свабода прааналізаваў кожны з гэтых варыянтаў.

Паводле Мігурскага, якасьць беларускага малака сапраўды не заўсёды адпавядае таму ўзроўню, на які разьлічваюць спажыўцы і ў Расеі, і ў самой Беларусі.

Пётра Мігурскі
Пётра Мігурскі

«У нас на бальшыні прадпрыемстваў ня самае сучаснае абсталяваньне. А ў Расеі прыватная ўласнасьць, прыватнік сочыць за якасьцю прадукцыі, каб яна не пайшла ніжэйшым гатункам ці наогул не адмовілі ў яе прыёме. Там сапраўды больш жорсткія патрабаваньні, чым у Беларусі. Скажам, выкарыстаньне антыбіётыкаў для лячэньня жывёлы. Мэтранідазол у Расеі папросту забаронены, у нас жа ўжываецца паўсюль. Нядаўна быў у вэтаптэцы — калі ласка, прадаюць мэтранідазол: хочаш для бычкоў, хочаш для трусоў, у неабмежаванай колькасьці. З улікам, што ідзе закуп малака ў насельніцтва, што дадаюць, каб яно было вышэйшай тлустасьці, вядома толькі ім».

Моцна крыўдаваць на расейцаў беларусам ня варта, кажа Мігурскі, бо яны адстойваюць інтарэсы сваёй краіны, сваіх спажыўцоў.

Ці хочуць расейцы выкупіць беларускія малочныя заводы?

Ілюстрацыйнае фота. Беларускае малако
Ілюстрацыйнае фота. Беларускае малако

Ці можна наступ на беларускіх вытворцаў разглядаць як сплянаваную акцыю на захоп малочнага рынку расейскімі бізнэсоўцамі? Эканаміст мае сумневы наконт гэтага.

«Вядома, я ня выключаю, што ў кагосьці ў галаве ёсьць і такія думкі — эканамічна прыдушыць малочную галіну Беларусі і такім чынам падвесьці да прыватызацыі перапрацоўчых прадпрыемстваў расейскім бізнэсам. Хачу нагадаць, што ў Расеі свае велізарныя тэрыторыі, дзе пачынае вырабляцца аналягічная прадукцыя. Да таго ж, ведаючы, мякка кажучы, досыць нэрвовае стаўленьне да прадпрымальнікаў з боку вышэйшага кіраўніцтва нашай краіны, асабіста я, быўшы замежным інвэстарам (у тым ліку расейскім), не рызыкнуў бы ўкладаць мільёны даляраў у такую непрадказальную эканоміку, у малочную вытворчасьць у прыватнасьці».

Паводле Пятра Мігурскага, у гэтым выпадку гаворка пра цэлы комплекс фактараў. І найперш тое, што расейцы самі забясьпечваюць сябе якаснай малочнай прадукцыяй, беларускія канкурэнты там ужо лішняя.

Беларусі патрэбна дывэрсыфікацыя экспарту

Пётра Мігурскі перакананы, што цяперашняя сытуацыя яскрава паказвае, наколькі неразумна завязваць цэлую галіну на адзіны рынак, ня маючы ніякай альтэрнатывы.

«Варта засяродзіцца на пошуку новых замежных рынкаў для рэалізацыі прадукцыі. А наогул, як з майго гледзішча, дзесьці трэба ўжо і спыніцца. Пастаянна ставяцца задачы нарошчваць аб’ёмы, павялічваць вытворчасьць малака — як вынік, вялізныя прыпіскі, разбаўленьне вадой, уключэньне хімічных дабавак (солі, соды, нітратаў), абы каб толькі здаць на перапрацоўку. Там толькі разводзяць рукамі — маўляў, ня тая якасьць. Але ж іншага няма. Якім чынам сытуацыю выправіць? Вось няхай міністар Заяц ня робіць зьдзіўлены погляд, што настае ледзь ня крах малочнай галіны, а шукае выйсьце з сытуацыі. Найперш — дывэрсыфікацыя рынку».

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Больш за 100 беларускіх прадпрыемстваў экспартуюць сваю прадукцыю ў Расею. Паводле справаздачы Міністэрства сельскай гаспадаркі Расеі, доля Беларусі на расейскім малочным рынку складае 86%. Тым часам Масква плянуе цягам 5 гадоў цалкам закрыць пытаньне з імпартам малочнай прадукцыі, спыніўшы «нядобрасумленных канкурэнтаў», якія ня грэбуюць дадаваць тлушчы, сухое малако, нітраты і г.д.

Малочнатаварны сэктар Беларусі эканамісты часьцяком параўноўваюць у рэнтабэльнасьці з нафтавым бізнэсам. Аднак, адзначае Пётра Мігурскі, праз супярэчнасьці з Рассельгаснаглядам валавыя паказьнікі ўсё складаней манэтызаваць.

«Я не за расейцаў і ня супраць беларусаў. Гэта рэаліі рынку, якія трэба ўлічваць. Кідаемся ў крайнасьці: то пастаўляем вяршкі, то раптам бяромся за сыры. Але наколькі гэта эканамічна абгрунтавана? Працэс расьцягваецца, і на першым этапе ідзе вымываньне абаротных сродкаў. Такое кіданьне адбіваецца і на рынках збыту. Таму трэба, пачынаючы ад прэзыдэнта і заканчваючы кіраўніком гаспадаркі, нарэшце жыць рынкавымі катэгорыямі, а не валавымі паказьнікамі. Гэта надзвычай важна на пэрспэктыву. А так, заўважце, усе гады адно і тое ж: вайна з Расеяй, барацьба за вал, за аб’ём. Пры гэтым уласна эканоміку не пралічваюць, толькі шукаюць вінаватых. Вінаватыя ў першую чаргу самі».

Беларусь стала сусьветным лідэрам у вытворчасьці малака на душу насельніцтва, і валавыя паказьнікі з году ў год працягваюць расьці — плянуецца, што леташні рэкорд у 7 мільёнаў 320 тысяч тон сёлета чарговым разам будзе пабіты. Іншая справа, куды падзець такую колькасьць тавару, калі Расея стрымае абяцаньні і закрые свае малочныя шлюзы?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG