Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея забараніла пастаўкі з магілёўскай «Бабушкінай крынкі» і Полацкага малочнага камбінату


Каля фабрыкі «Бабушкінай крынкі» ў Бабруйску, ілюстрацыйнае фота

Ад 22 кастрычніка Рассельгаснагляд забараніў пастаўкі ў Расею малочнай прадукцыі беларускай кампаніі «Бабушкіна крынка» і Полацкага малочнага камбінату, а таксама ўзяў на ўзмоцнены кантроль «Санта-Брэмар» і яшчэ чатыры кампаніі.

У прадукцыі «Бабушкінай крынкі» паўторна выявілі ў сухім малацэ астаткі антыбіётыка цілміказіна, а ў кефіры Полацкага малочнага камбінату — паўторную неадпаведнасьць колькасьці дрожжаў.

За паўторныя парушэньні ўзялі на ўзмоцнены лябараторны кантроль

  • Гомельскі бялкова-тлушчавы завод (у сьвіной мясакоснай муцэ знайшлі ДНК курыцы і буйной рагатай жывёлы),
  • кампанію «Санта-Брэмар» (у фарэлі знайшлі фіялетавы фарбавальнік),
  • «ЭкспартАльфаГруп» (у паўфабрыкатах зь ялавічыны знайшлі бактэрыі Listeria monocytogenes),
  • Калінкавіцкі масласыразавод (у сыравадкавых бялках знайшлі бактэрыі кішэчнай палачкі).

«Санта-Брэмар» ужо бралі на ўзмоцнены кантроль — Рассельгаснагляд публікаваў такое рашэньне 14 кастрычніка ў сувязі з выяўленьнем у іхнай фарэлі бактэрыяў Listeria monocytogenes.

Між Беларусьсю і Расеяй ужо доўга працягваюцца спрэчкі наконт экспарту беларускай прадукцыі, якія называюць «малочнымі» і «мяснымі» войнамі.

Расея часта выказвае прэтэнзіі да якасьці беларускай малочнай і мясной прадукцыі і рэгулярна ўводзіць абмежаваньні на пастаўкі малочнай і мясной прадукцыі зь беларускіх прадпрыемстваў. Беларускі бок называе прэтэнзіі расейскага (якія тычацца ня толькі якасьці прадукцыі, але і незаконнага рээкспарту) неабгрунтаванымі. Прычыны «малочных войнаў» нярэдка называлі палітычнымі).

У першым квартале 2019 году экспарт беларускага малака і вяршкоў, ялавічыны, а таксама каўбас ў Расею зьнізіўся на 15-30%. Усе пастаўкі малочнай прадукцыі зь Беларусі знаходзяцца на ўзмоцненым лябараторным кантролі з боку Рассельгаснагляду.

Акрамя гэтага, Рассельгаснагляд час ад часу абвінавачвае Беларусь у пастаўках на расейскі рынак прадуктаў, вырабленых у Эўропе і забароненых для ўвозу ў Расею праз санкцыі. У 2014 годзе, пасьля акупацыі Крыму, у адказ на санкцыі з боку ЭЗ і ЗША Расея ўвяла забарону на імпарт прадуктаў з Эўразьвязу. Пад забарону трапіла найперш эўрапейская садавіна.

Але Беларусь завозіць у Расею ня толькі садавіну, але і морапрадукты, хоць мора ня мае. Беларускія крэвэткі, аднойчы заўважаныя на паліцах расейскіх крамаў, сталі мэмам.

Садавіну і гародніну зь Беларусі безь фітасанітарных сэртыфікатаў і ўсіх неабходных суправаджальных дакумэнтаў Рассельгаснагляд затрымлівае на мяжы і зьнішчае яе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG