Шостага кандыдата «Эўрапейскай Беларусі» зьнялі з выбараў

Кандыдат мяркуе, спужаліся актыўнасьці ў акрузе і тэлевыступу
Кандыдат мяркуе, спужаліся актыўнасьці ў акрузе і тэлевыступу

Кандыдата ў дэпутаты грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» з Бабруйску Арсенія Чыгіра зьбіраюцца зьняць з выбараў, паведаміла кампанія ў Telegram. Гэта ўжо шосты кандыдат «Эўрапейскай Беларусі», якога здымаюць з выбараў.

Сам Арсень Чыгір расказаў, што першае папярэджаньне яму далі за тое, што ўзяў адпачынак на працы на два дні пазьней за належны тэрмін, а другое — за тое, што несваечасова падаў зьвесткі пра рахунак кандыдата ў выбарчую камісію.

Ды ён мяркуе, што гэтыя прычыны надуманыя: ягоная кампанія праводзіла дзясяткі пікетаў, сам ён «абышоў акругу ўздоўж і ўпоперак», таму «ўлады проста спужаліся. Да таго ж, ён запісаў «даволі сьмелыя для нашых рэаліяў» тэле- і радыёвыступы, які не пусьцілі ў эфір.

Арсень Чыгір лічыць, што яго здымаюць з выбараў за тэлевыступ, які раней не пусьцілі ў эфір. Чыгір мае намер абскарджваць рашэньне аб зьняцьці з выбараў у абласной выбарчай камісіі і пакуль захоўвае статус кандыдата.

Раней з выбараў пачалі здымаць кандыдатаў «Эўрапейскай Беларусі» Паліну Шарэнду-Панасюк, Аксану Юшкевіч, Паўла Юхневіча, Вольгу Нікалайчык і Арцёма Чарняка. Усе яны абскарджваюць рашэньні.

Тым часам яшчэ адзін выступ не пусьцілі ў эфір на гомельскай тэлевізіі. Кандыдат ад партыі БНФ з Мазыра Міхаіл Бандарэнка ў забароненым выступе заклікаў «ня верыць дыктатару і ягоным памагатым», а таксама заяўляў, што «разам мы зможам зьмяніць уладу», «і мы зробім гэта цягам году», а «Лукашэнка сыдзе — тады ў нашай краіне пройдуць справядлівыя выбары».

​
XS
SM
MD
LG