Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З выбараў сабраліся зьняць трох кандыдатаў «Эўрапейскай Беларусі»

абноўлена

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» паведаміла пра зьняцьце з выбараў яшчэ трох актывістаў кампаніі «Эўрапейская Беларусь». У суботу, 26 кастрычніка, з выбараў зьнялі Аксану Юшкевіч, цяпер да яе дадаліся:

  • Павал Юхневіч (балятаваўся па Менскай-Пушкінскай выбарчай акрузе № 103);
  • Вольга Нікалайчык (па Менскай-Уручанскай акрузе № 107);
  • Арцём Чарняк (па Менскай-Партызанскай акрузе № 110).

Будуць абскарджваць

Павал Юхневіч з дачкой на Дні Волі, 2015 год
Павал Юхневіч з дачкой на Дні Волі, 2015 год

Усе чатыры кандыдаты абскарджваюць рашэньні аб здыманьні з выбараў.

Як расказаў «Эўрарадыё» Павал Юхневіч, ён яшчэ застаецца кандыдатам, хоць атрымаў ад камісіі другое папярэджаньне (за няўзгодненыя пікеты і раздачу візытовак, якія палічылі агітацыйнымі матэрыяламі). Ягоная скарга будзе разглядацца цягам трох дзён, але пасьведчаньне кандыдата давялося здаць.

Вольга Нікалайчык, архіўнае фота
Вольга Нікалайчык, архіўнае фота

Вольга Нікалайчык паведаміла Свабодзе, што таксама абскарджвае рашэньне і пакуль застаецца ў статусе кандыдаткі. У яе зафіксавалі парушэньне пры правядзеньні пікету 23 кастрычніка каля гандлёвага цэнтру «Спэктар» — пры пікетаваньні яна выкарыстоўвала «матэрыялы, якія ня маюць дачыненьня да палітычнай кампаніі» (за гэта ёй ужо выносілі папярэджаньне), пра пікет не паведаміла Менгарвыканкаму.

Яна расказала, што да яе 28 кастрычніка падыходзіла міліцыя, казала, што яна «стаіць апошні дзень», бо абскарджвае рашэньне — яна ж адказала ім, што не міліцыянты вырашаюць, ці здымаць кандыдатаў і калі ім можна ці нельга агітаваць.

Нікалайчык не згаджаецца з папярэджаньнямі адносна ўлётак і пікетаў. Напрыклад, расказвае яна, неналежнай агітацыяй палічылі тое, што яна дала кантакты 80-гадовай жанчыне, якая раілася, як купіць пуцёўку ў пілігрымку ў Ізраіль. Тое, што яна стаяла нібыта ня ў тым месцы, тлумачыць кандыдатка, сапраўды было: стаяла не каля дому 7, а каля 7А (выглядаюць як адзін будынак) — адышла далей ад месца, дзе некалі зьбілі ейнага прадстаўніка.

Таксама Нікалайчык прыпісваюць «распальваньне сацыяльнай і нацыянальнай варожасьці», бо ў агітацыі выкарыстоўвала фразу «калгасная дыктатура». Яна не пагаджаецца: гэта сялянаў можна лічыць сацыяльным пластом, а калгас — гэта «калектыўная гаспадарка, пабудаваная на крыві беларусаў».

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Выбары ў Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — пройдуць 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне ідзе ад 12 да 16 лістапада.

  • Агулам у Палату прадстаўнікоў абіраецца 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы. Калі маеце доказы прымусу да галасаваньня — пішыце нам.
  • Цяперашнія выбары адбываюцца датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштуюць бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • На тыдзень выбараў праваахоўнікі перайшлі на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG