Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 120 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу сабраліся ў цэнтры Берасьця


Акумулятарны завод.
Акумулятарны завод.

У Берасьці на плошчы Леніна 13 кастрычніка апоўдні чарговым разам сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 году.

Паводле праваабаронцы Ўладзіміра Вялічкіна, у 12.40 на плошчы было 116 чалавек. Міліцыя зноў праз мэгафон папярэджвала прысутных аб адказнасьці за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі.

Удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі рашэньне суду Берасьцейскага раёну, які 10 кастрычніка разгледзеў матэрыялы адміністрацыйнай справы мужчыны, які напаў на праціўніцу акумулятарнага завода Марыю Галалюк.

14 жніўня побач з прахадной акумулятарнага заводу актывістку, якая дзяжурыла каля прадпрыемства, некалькі разоў ударыў невядомы мужчына. Гэта адбылося, калі Галалюк здымала на тэлефон яго агрэсіўныя паводзіны ў дачыненьні да іншага актывіста, які паставіў свой аўтамабіль такім чынам, каб не даць выехаць з тэрыторыі прадпрыемства грузавіку. У Галалюк падчас мэдыцынскага агляду выявілі закрытую чэрапна-мазгавую траўму ды іншыя пашкоджаньні. Ад шпіталізацыі яна адмовілася, таму што на наступны дзень з бальніцы павінны былі выпісаць яе дзіця-інваліда. Галалюк напісала заяву ў міліцыю. Асоба нападніка была ўстаноўленая і суд Берасьцейскага раёну прызнаў яго вінаватым і аштрафаваў на 306 рублёў.

У ходзе сёньняшняй сустрэчы на плошчы актывісты выказалі абурэньне мяккім, на іх думку, пакараньнем. Яны лічаць, што суд «ня быў бесстароньнім». Актывісты лічаць, што сума штрафу несувымерная з учынкам. Пры гэтым яны адзначылі, што праціўнікаў завода штрафавалі за «менш значныя парушэньні на значна большай сумы».

Таксама праціўнікі завода абмяркоўвалі ўдзел сваіх актывістаў у парлямэнцкіх выбарах. Гэта блогер Аляксандар Кабанаў, сябра АГП, берасьцеец Раман Кісьляк, жыхарка Берасьцейскага раёну Алена Макарэвіч і жыхар Кобрыну Ўладзімер Мароз. Актывісты выказвалі ўпэўненасьць, што ўсіх чацьвярых зарэгіструюць. «Іх ужо зарэгістраваў народ, паставіўшы подпісы за іх вылучэньне», — заявіў адзін з удзельнікаў сустрэчы.

Пасьля сустрэчы на плошчы праціўнікі заводу прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасьця.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG