За вылучэньне кандыдатам у дэпутаты праціўніка будаўніцтва акумулятарнага завода ля Берасьця Рамана Кісьляка сабрана больш за тысячу подпісаў.
Як паведаміў БелаПАН Кісьляк, на 18.00 5-га кастрычніка за яго падпісаліся 1060 чалавек.
На 30 верасьня больш як 1100 подпісаў сабрала ініцыятыўная група праціўніцы акумулятарнага завода Алены Макарэвіч.
5 кастрычніка праціўнік будаўніцтва акумулятарнага завода, блогер, сябра АГП Аляксандр Кабанаў падаў дакумэнты ў выбарчую камісію. Таксама зьбірае подпісы ініцыятыўная група праціўніка акумулятарнага завода Уладзімера Мароза.
Паводле Кісьляка, збор подпісаў за праціўнікаў акумулятарнага завода працягваецца і «колькасьць людзей, якія хочуць, каб праціўнікі завода сталі дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, расьце».
«Гэтая выбарчая кампанія яшчэ больш зьяднала жыхароў рэгіёну ня толькі ў барацьбе за закрыцьцё гэтага небясьпечнага прадпрыемства. Людзі лічаць, што парлямэнтары мусяць адстойваць інтарэсы простых грамадзян, а не ўлады і бізнэсу, як гэта адбываецца цяпер, — сказаў Кісьляк. — Калі першыя дні збору подпісаў слова „Жыць“ на жоўтых кепках нашых актывістаў асацыявалася, як жыць у Берасьці без сьвінцовага завода, то цяпер — жыць па законах, якія ня будуць дапускаць сытуацый, калі ўлады ня хочуць чуць простых людзей», — сказаў БелаПАН Раман Кісьляк.