Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іране ўпершыню з 1981 году на футбольны матч пусьцілі жанчын


У Іране ўпершыню з 1981 году на футбольны матч пусьцілі жанчын. Ім афіцыйна дазволілі купіць квіткі і прыйсьці на адборачны матч чэмпіянату сьвету паміж зборнымі Ірану і Камбоджы. Гульня праходзіла на стадыёне ў Тэгеране і скончылася з лікам 14:0 на карысьць іранцаў.

Праваабаронцы неадназначна ацанілі сытуацыю. Так, напрыклад, арганізацыя Human Rights Watch лічыць, што квіткі на матч дазволілі купіць не «простым жанчынам», а толькі тым зь іх, хто набліжаны да ўлады. Нягледзячы на тое, што стадыён «Азад» месьціць 78 тысяч гледачоў, жанчынам выдзелілі толькі 3,5 тысячы квіткоў. Праваабарончая арганізацыя Amnesty International назвала сытуацыю «цынічным рэклямным трукам».

Жанчынам у Іране забаранілі наведваць футбольныя матчы пасьля Ісламскай рэвалюцыі 1979 года. У апошнія гады негалосную забарону таксама распаўсюдзілі на баскетбол і валейбол. Каб трапіць на гульні, жанчыны часьцяком пераапраналіся ў мужчынскае адзеньне, але іх затрымлівалі і каралі за гэта.

Ціск на Іран з патрабаваньнем дазволіць жанчынам наведваць спартовыя мерапрыемствы ўзмацніўся ўвосень, калі 29-гадовая іранская заўзятарка Сагар Хадаяры скончыла жыцьцё самагубствам. За спробу наведаць матч ёй пагражала пазбаўленьне волі. У знак пратэсту дзяўчына падпаліла сябе перад будынкам суду і празь некалькі дзён памерла ў бальніцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG