Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саудаўская Арабія дазволіла жанчынам падарожнічаць і афармляць развод без ухвалы мужчын


Улады Саудаўскай Арабіі дазволілі жанчынам падарожнічаць без абавязковай згоды члена сям’і мужчынскага полу. Напярэдадні афіцыйная газэта апублікавала сэрыю каралеўскіх указаў, якія прадугледжваюць выдачу замежнага пашпарта ўсім жыхарам каралеўства, а таксама дазваляюць усім людзям, старэйшым за 21 год перасоўвацца самастойна.

Як адзначае Reuters, папраўкі да законаў таксама даюць права жанчынам самастойна афармляць дакумэнты па нараджэньні дзіцяці, разводзе або шлюбе. Да таго ж жанчыны атрымалі права станавіцца апякункамі малалетніх дзяцей.

Раней у Саудаўскай Арабіі жанчыны ня мелі права станавіцца апякункамі дзяцей, самастойна перамяшчацца і афармляць дакумэнты бяз згоды хоць бы аднаго з членаў сям’і мужчынскага полу.

Каралеўства Саудаўская Аравія — кансэрватыўная ісламская краіна, у якой рэзка абмяжоўваюцца правы жанчын. Напрыклад, ім нельга працаваць бяз згоды мужчын (мужа, брата ці бацькі).

Да чэрвеня 2018 году жанчынам нельга было вадзіць машыну, да лета 2017-га — забаранялася без мужчынскай ухвалы карыстацца дзяржаўнымі паслугамі (у тым ліку мэдычнай дапамогай і адукацыяй), а таксама адстойваць свае інтарэсы ў судзе. Да сьнежня 2015 году жанчыны ў каралеўстве ня мелі права галасаваць на муніцыпальных выбарах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG