Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля акумулятарнага заводу пад Берасьцем зьбілі пратэстоўцаў. І выбачыліся за гэта

абноўлена

Акумулятарны завод пад Берасьцем, чэрвень 2018 году

На выезьдзе з акумулятарнага заводу пад Берасьцем 14 жніўня невядомы мужчына зьбіў удзельніцу «сьвінцовай варты» Марыю Галалюк. Жанчына атрымала закрытую чэрапна-мазгавую траўму.

Што адбылося?

Здарэньне адбылося падчас штодзённай варты каля акумулятарнага заводу, сказаў Свабодзе ўдзельнік варты Алесь Абляк. Актывісты правяраюць, што вывозяць у машынах з заводу, будаўніцтва якога прыпынілі.

На відэа бачна, што грузавы МАЗ спрабаваў выехаць з тэрыторыі заводу, дарогу яму перакрыў легкавік актывіста Дзяніса Малышчанкі. Пасьля гэтага кіроўца МАЗ у брэндаваным камбінэзоне кампаніі «Белпрамімпэкс» выйшаў з машыны і сказаў, што груз трэба было глядзець раней.

Прэс-служба групы кампаній 1AK-GROUP сказала Tut.by, што актывісты заблякавалі аўтамабіль, які выяжджаў з тэрыторыі прадпрыемства. Аўто належыць падрадчыка і наймаўся для адгрузкі арэндаванага пагрузчыка. Кіроўца машыны не працуе ў «Ай-Паўэр».

У гэты момант мужчына, які знаходзіўся на прахадной заводу, кудысьці званіў, пасьля ён падышоў да легкавіка і таўхануў люстэрка нагой, улез у машыну і яшчэ раз ударыў па ёй. Пазьней мужчына стаў зьбіваць актывістку Марыю Галалюк.

«Маша яшчэ абуралася: акрамя таго, што пабіў, яшчэ харкануў у твар», – сказаў Малышчанка.​

Галалюк цяпер у паліклініцы, у яе дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму, сказаў Свабодзе праваабаронца Раман Кісьляк.

Вярнуўся на завод і біў па машыне

Пазьней пратэстоўцы супраць заводу паехалі ў берасьцейскі філіял «Белпрамімпэкс», каб паразмаўляць з мужчынам, сказаў Свабодзе Аляксандар Абляк.

На пытаньне, чаму ён зьбіў Галалюк, мужчына адказаў, што яна яго здымала. Пасьля ён пачаў пагражаць актывістам, што знойдзе іх і іх «супакояць».

Пазьней мужчына вярнуўся на акумулятарны завод, напаў на іншага ўдзельніка «сьвінцовай варты» і зламаў яму пераключальнікі ў машыне.

Што кажуць у міліцыі?

У прэс-службе УВД Брэсцкага аблвыканкаму здарэньне не камэнтуюць.

Паводле Кісьляка, пратэстоўцы адразу зьвярнуліся ў 102. Міліцыя прыехала, узяла тлумачэньні ў Малышчанкі. Паводле Кісьляка, пацярпелыя будуць настойваць на завядзеньні крымінальнай справы паводле артыкула 339 «Хуліганства», а таксама зьвяртацца ў Сьледчы камітэт.

Хто біў?

Свабода зьвязалася з гарачай лініяй ААТ «Белпрамімпэкс». Там прызналі, што жанчыну зьбіў іхні супрацоўнік, і папрасілі прабачэньня. Ці будзе мужчына далей працаваць у кампаніі, вырашыць дырэктар прадпрыемства.

«У нас ужо супрацоўнікі паглядзелі гэтае відэа. Сорамна, выбачаемся, што так выйшла», — сказалі на гарачай лініі кампаніі.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG