Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінпрыроды: Акумулятарны завод у Берасьці ня мае станоўчай экалягічнай экспэртызы


Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці

Пра гэта паведаміў намесьнік міністра прыроды і навакольнага асяродзьдзя Андрэй Хмель, калі адказваў на пытаньні актывістаў падчас прамой лініі, піша «Брестская газета».

На прамую лінію да намесьніка міністра прыроды Андрэя Хмеля зьвярнуўся актывіст руху супраць акумулятарнага заводу Дзьмітры Бекалюк. Ён задаў намесьніку міністра пытаньне наконт экалягічнай экспэртызы акумулятарнага заводу.

«Не можа быць некалькіх заключэньняў экалягічнай экспэртызы. Першае, другое, трэцяе — гэта парадак іх атрыманьня. Трэцяе заключэньне зьяўляецца асноўным. На сёньняшні дзень у іх станоўчага заключэньня няма », — сказаў намесьнік міністра.

Раней у кампаніі «АйПауэр» казалі, што прычынай адмоўнага заключэньня экалягічнай экспэртызы стала няпоўная дакумэнтацыя: праект вынікаў вымярэньняў выкідаў забруджвальных рэчываў.

«Пратаколы выкідаў — гэта вынік ці працэс уводу аб’екта ў эксплёатацыю. Пры правядзеньні экалягічнай экспэртызы праекта пратаколы не маюць значэньня », — адказаў на гэта намесьнік міністра.

На пытаньне аб тым, што павінна зрабіць кампанія «АйПауэр», каб атрымаць станоўчае заключэньне, Хмель выказаў здагадку, што яны маглі б перапрацаваць праект, зьмяніць тэхналёгію.

«У любым выпадку заяўленыя патрабаваньні па выкідах заводам «АйПауэр» павінны быць дасягнуты. Як ён гэта будзе рабіць — зьменай тэхналёгіі, правядзеньнем дадатковых мерапрыемстваў — гэта ўжо праблема «АйПауэр», — сказаў чыноўнік.

Ён таксама дадаў, што калі пры перапрацоўцы праектнай дакумэнтацыі павялічваецца ўзьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе, павінны быць праведзеныя паўторныя грамадзкія абмеркаваньні.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG