Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымская зона. Як з карэннага народу робяць «тэрарыстаў» і «экстрэмістаў»


Акцыя каля амбасады Расеі ў Кіеве ў падтрымку асуджаных крымскіх татараў 11 ліпеня 2019 году
Акцыя каля амбасады Расеі ў Кіеве ў падтрымку асуджаных крымскіх татараў 11 ліпеня 2019 году

Свабода працягвае цыкль публікацый пра стан рэчаў у анэксаваным Крыме. За што кідаюць у турмы апанэнтаў крамлёўскага рэжыму? Пра што пішуць манапалізаваныя СМІ? Хто выкрадае крымскататарскіх актывістаў? Куды падзецца ўкраінскім вернікам, пазбаўленым царквы? Ці паўплывалі міжнародныя санкцыі на побыт крымчукоў? Мы некалькі дзён прабылі на паўвостраве і расказваем, што там убачылі.

Насельніцтва анэксаванай тэрыторыі імкліва мяняецца. Тыя мясцовыя, хто адмаўляецца атрымліваць расейскія пашпарты, вымушана пакідаюць паўвостраў. Іх месцы займаюць жыхары расейскіх рэгіёнаў. З гэтай нагоды тут сумна жартуюць: хутка Крым стане «сібірскім».

Помнік «ветлівым людзям» у Сымфэропалі
Помнік «ветлівым людзям» у Сымфэропалі

Загадкавыя зьнікненьні і забойствы актывістаў

Крымскія татары — карэнны народ Крыму. Пасьля расейцаў і ўкраінцаў гэта трэцяя этнічная група па колькасьці насельніцтва: прыкладна 300 тысяч з агульных 2 мільёнаў 350 тысяч. Нізкі працэнт — вынік масавай дэпартацыі 1944 году і амаль паўстагодзьдзя забароны на вяртаньне.

У чым крымскія татары перадавікі, дык гэта ў колькасьці спраў, заведзеных па самых цяжкіх артыкулах расейскага Крымінальнага кодэксу — экстрэмізм, тэрарызм, распальваньне нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы і заклікі да парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі. Але самыя абуральныя — гэта выкраданьні, зьнікненьні і нераскрытыя забойствы.

Каардынатар Крымскай кантактнай групы Абдурэшыт Джэпараў, архіўнае фота
Каардынатар Крымскай кантактнай групы Абдурэшыт Джэпараў, архіўнае фота

Неўзабаве пасьля абвяшчэньня на паўвостраве расейскай улады жыхар Белагорску Абдурэшыт Джэпараў страціў 18-гадовага сына Ісьляма і 23-гадовага пляменьніка Джэўдэта. У канцы верасьня 2014-га, па словах відавочцаў, маладых людзей сілком заштурхнулі ў мікрааўтобус людзі ў масках і зьехалі ў невядомым кірунку. Ад таго часу пра іх лёс нічога невядома.

Шукаючы зьніклых хлопцаў, Абдурэшыт Джэпараў стаў адным зь лідэраў крымскататарскіх актывістаў. Ён стварыў і цяпер каардынуе дзейнасьць Крымскай кантактнай групы па правах чалавека, распавядае на ўвесь сьвет пра незаконны перасьлед і гвалт на паўвостраве.

Крымскататарская сямʼя перад дзьвярыма, выламанымі падчас ператрусу
Крымскататарская сямʼя перад дзьвярыма, выламанымі падчас ператрусу

«Мае хлопцы былі ўжо ня першыя, — кажа Абдурэшыт Джэпараў. — Спачатку пасьля адзіночнага пікету быў схоплены Рэшат Аметаў, яго цела са сьлядамі катаваньняў праз два тыдні знайшлі пад Белагорскам. Потым былі нашы актывісты Тымур Шаймарданаў і Сэйран Зінэдынаў, а таксама ўкраінскія ўдзельнікі Майдану Васіль Чарныш, Іван Бандарэц і Валер Вашчук, якія, па злой іроніі, прыехалі з мацерыка дапамагчы ў пошуку зьніклых. Агулам блізу паўсотні былі выкрадзеныя, 29 так і не знайшлі».

Ісьлям і Джэўджэт не займаліся ні палітычнай, ні нават грамадзкай дзейнасьцю. За што тады трапілі ў прыцэл расейскіх спэцслужбаў? Абдурэшыт Джэпараў мае сваю вэрсію. Ягоны пляменьнік незадоўга да таго наведваў Сырыю, і, верагодна, ФСБ цікавілі «калідоры» ў краіну, дзе Масква мае стратэгічныя інтарэсы. Праз суд такія зьвесткі здабыць нерэальна, таму і абралі выкраданьне. Малодшы сын, мяркуючы па ўсім, проста апынуўся побач і быў непажаданым сьведкам.

Сход «Крымскай салідарнасьці»
Сход «Крымскай салідарнасьці»

«Напэўна, няма такога крымскага татарына, які быў бы абсалютна перакананы ў тым, што да яго ўначы не пастукаюць, — працягвае актывіст. — Магчыма, нейкую абароненасьць адчуваюць тыя, хто служыць пуцінскаму рэжыму — ёсьць такія ў дзяржаўных і сілавых ведамствах, у судах. А няпэўнасьць — гэта горш за ўсё. Бо калі кладзесься спаць і ня ведаеш, хто цябе раніцай разбудзіць — жонка ці „ветлівыя людзі“ — гэта ня самыя прыемныя адчуваньні».

Пакараньне за «непаведамленьне»

Паводле суразмоўцы, расейская адміністрацыя настойліва намагаецца стварыць вобраз крымскага татарына як патэнцыйнага экстрэміста ці тэрарыста. Мэта дасягаецца проста: дастаткова атрымаць сыгнал ад «занепакоеных грамадзянаў» і забароненую мусульманскую літаратуру, у якасьці якой можа выступаць абсалютна любы тэкст рэлігійнага зьместу.

Маці і жонкі моляцца за зьняволеных сыноў і мужоў
Маці і жонкі моляцца за зьняволеных сыноў і мужоў

«Сёньня ў Крыме дзьве катэгорыі грамадзянаў: прарасейская славянская і непадпарадкаваная крымскататарская. Хоць мы ў меншасьці і не прадстаўленыя ў іх структурах, пакідаем за сабой права быць гаспадарамі гэтай зямлі. Мы — карэнны народ. Нямала залежыць ад нашага рашэньня, з кім быць. Хоць некаторыя перайшлі на той бок, ёсьць такі грэх, Мэджліс дзейнічае ў выгнаньні. Бяз нашай згоды прамаскоўская ўлада ня будзе легалізаваная. А паколькі нашае кіраўніцтва прыняло рашэньне не прызнаваць анэксію, зразумела, адкуль усе беды».

Абдурэшыт Джэпараў кажа, што пры Ўкраіне кожны мог выказваць сваю думку пра дзеяньні ўлады, не апасаючыся за наступствы для сябе і сямʼі. А з прыходам Расеі абвастрыліся аналёгіі з 1937 годам.

Абдурэшыт Джэпараў і Эмінэ Люманава, маці фігуранта справы аб экстрэмізьме Рэфата Аліямава
Абдурэшыт Джэпараў і Эмінэ Люманава, маці фігуранта справы аб экстрэмізьме Рэфата Аліямава

«Так, можна крытыкаваць уладу, зачыніўшыся ў ванным пакоі, каб ніхто ня чуў і ня бачыў, — усьміхаецца ён. — Праўда, і тут свае нюансы. Нядаўна зьявіўся крымінальны артыкул за „непаведамленьне аб злачынстве“, і ўжо ёсьць першы пакараны — чалавеку прысудзілі штраф 10 тысяч расейскіх рублёў. За што? Не паведаміў, што брат ягонай жонкі езьдзіў на Блізкі Ўсход (нібыта ў Сырыю). Пракурор вырашыў, што мусіў быў далажыць, а ён не зрабіў. Невялікія грошы, але важны сам прэцэдэнт, далей можа быць горш».

Як адвакат стаў экстрэмістам

Фігуранты справы «Хізб ут-Тахрыр» у судзе ў Растове-на-Доне
Фігуранты справы «Хізб ут-Тахрыр» у судзе ў Растове-на-Доне

Апошняя хваля перасьледу тычыцца прыналежнасьці да рэлігійна-палітычнай арганізацыі «Хізб ут-Тахрыр», заснаванай на пачатку 1950-х ва Ўсходнім Ерусаліме. Ва Ўкраіне яе дзейнасьць легальная, а вось у Расеі забароненая. Затрымліваюць за любое падазрэньне на датычнасьць да яе. Аблавы на рэлігійных актывістаў пачаліся пасьля так званага «рэфэрэндуму-2014»: у Бахчысараі, Сымфэропалі, Ялце, Севастопалі ды па іншых адрасах на паўднёвым беразе Крыму. Сёлета ж у сакавіку, згодна са справаздачай ФСБ, «нэўтралізаваная» самая вялікая партыя ісьлямістаў — адразу 24 чалавекі. Судзяць іх у трыбуналах на тэрыторыі мацерыковай Расеі.

Дзясяткі чалавек чакаюць судоў ці ўжо адбываюць зьняволеньне. Тэрміны вялізныя — 10, 15, 17 гадоў. Толькі па тэрарыстычна-экстрэмісцкіх артыкулах больш за 60 фігурантаў, ня лічачы сотняў адміністрацыйных спраў за мітынгі і адзіночныя пікеты салідарнасьці. Гэта пры тым, што міжнароднае права забараняе ўводзіць на анэксаванай тэрыторыі законы дзяржавы-агрэсара.

Ператрусы і арышты падазраваных за датычнасьць да «Хізб ут-Тахрыр»
Ператрусы і арышты падазраваных за датычнасьць да «Хізб ут-Тахрыр»

38-гадовага адваката-праваабаронцу Эміля Курбедзінава, які спэцыялізуецца на палітычна матываваных справах, самога каралі за «датычнасьць да экстрэмізму» — перапосты ў сацыяльных сетках пра акцыі яшчэ пры ўкраінскай уладзе. У 2012 годзе мусульмане пратэставалі супраць карыкатураў на прарока Мухамада і расейскіх абстрэлаў мірнага насельніцтва ў Сырыі. Былі там і сьцягі з надпісам па-арабску: «Няма бога, акрамя Алаха». Відэа зь мітынгу юрыст разьмясьціў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку і пра тую гісторыю забыўся.

Аднак пасьля анэксіі сьледчыя органы Расейскай Фэдэрацыі задняй датай распачалі праверку і пастанавілі, што юрыст сьвядома прапагандаваў сымболіку «Хізб ут-Тахрыр».

Адвакат Эміль Кубердзінаў
Адвакат Эміль Кубердзінаў

Спачатку ён адседзеў 10 сутак, затым яшчэ 5. А неўзабаве яго абвінавацілі ў разгалошваньні таямніцы сьледзтва і пачалі падводзіць пад крымінальную справу. На гэтым карʼера рызыкавала спыніцца. Толькі той факт, што Эміль стаў ляўрэатам праваабарончай прэміі Front Line Defenders і ягоныя высілкі атрымалі міжнароднае прызнаньне, уратаваў ад турмы.

«Міністэрства юстыцыі разаслала ў калегію і адвакацкую палату прадпісаньне, што я экстрэміст і мяне неабходна пазбавіць статусу, — кажа ён. — Дзякуй богу, падключыліся журналісты, праваабаронцы. Практычна з усяго сьвету ва ўрад Расеі і Фэдэральную палату адвакатаў паляцелі заявы пра недапушчальнасьць пакараньня паводле прафэсійнай дзейнасьці. Неймавернымі намаганьнямі сытуацыю ўдалося пераламіць, і ліцэнзію мне пакінулі. Думаю, ненадоўга, спробы нэўтралізацыі ідуць пастаянна».

Эміль Курбедзінаў (справа) і абвінавачаны Руслан Зейтулаеў (на заднім пляне)
Эміль Курбедзінаў (справа) і абвінавачаны Руслан Зейтулаеў (на заднім пляне)

Дзеля справядлівасьці, не ва ўсіх крымскіх татараў ёсьць такая абарона. У сытуацыі нэрвовага чаканьня блізу 50 тысяч крымскіх татараў павыяжджалі за мяжу — ва Ўкраіну, Турэччыну, краіны арабскага сьвету.

Чым больш прэсуюць, тым мацнейшы супраціў

Змаганьне з актывістамі адбываецца на фоне фактычнага зьнішчэньня мясцовага самакіраваньня, працягвае юрыст з Сымфэропалю. Гаворка перадусім пра Мэджліс — самы аўтарытэтны орган крымскататарскага насельніцтва, які дзейнічае ад 1990 году. Калі яго кіраўніцтва адмовілася супрацоўнічаць з акупацыйнымі ўладамі, арганізацыю прызналі экстрэмісцкай і з гэтай прычыны забаранілі. Яе лідэры Мустафа Джэмілёў і Рэфат Чубараў — пэрсоны нон-грата ў Крыме і жывуць у Кіеве.

Салідарнасьць з Мустафой Джэмілёвым на вуліцах Кіева
Салідарнасьць з Мустафой Джэмілёвым на вуліцах Кіева

«Неўзабаве пасьля так званай „крымскай вясны“ была спроба Ўладзіміра Пуціна дамовіцца з Мустафой Джэмілёвым: маўляў, Крым вярнуўся ў Расею, Мэджліс павінен улічваць меркаваньне народу, давайце працаваць у новых рэаліях. Калі кіраўніцтва заявіла, што дзеяньні Масквы парушаюць міжнароднае права і адбылася акупацыя, Мэджліс тут жа стаў экстрэмісцкай арганізацыяй. Вось так: з кім ня могуць дамовіцца — прадпісаньне пракурора, суд, і ты ўжо экстрэміст», — кажа Эміль Курбедзінаў.

Расейская ўлада прынесла з сабой перасьлед і рэпрэсіі: на якую ўзаемнасьць можна разьлічваць? — задае рытарычнае пытаньне адвакат. І калі пры ўкраінскай адміністрацыі пытаньне абароны за палітычную актыўнасьць нават не стаяла, цяпер на гэтай глебе працуюць дзясяткі юрыстаў.

Адвакат сам апынуўся на лаве падсудных як «экстрэміст», сьнежань 2018 году
Адвакат сам апынуўся на лаве падсудных як «экстрэміст», сьнежань 2018 году

«У 2014 годзе нас было двое — я і яшчэ адзін хлопец, нават не адвакат, — згадвае Эміль. — Поўны юрыдычны вакуўм. Сёньня больш за тры дзясяткі калегаў займаюцца палітычнымі справамі. Ёсьць арганізацыя „Крымская салідарнасьць“, да яе падключыліся шматлікія валянтэры. Вельмі важная ініцыятыва, бо на мільённыя штрафы за пікеты, якія пракаціліся па ўсім Крыме, зьбіралі грошы грамадой. Яе так і назвалі — „Крымскі маратон“: цэлымі вёдрамі прыносілі манэты, каб семʼі нават ня думалі пра выдаткі».

На сёньня «Крымская салідарнасьць» — асноўная пляцоўка, каб бараніць правы тых, хто пацярпеў ад новых уладаў. Пачыналася ініцыятыва як абʼяднаньне семʼяў палітзьняволеных і адвакатаў, але паступова стала сапраўды народнай. Цяпер абʼяднаньне ня толькі аказвае юрыдычную дапамогу зьняволеным, але і падтрымлівае іх лістамі і паштоўкамі, ладзіць адпачынкі для дзяцей і яднае валянтэраў. Чым больш нас спрабуюць прэсінгаваць, тым большы супраціў атрымліваюць, падсумоўвае Эміль.

Эміль Курбедзінаў са сваякамі асуджаных
Эміль Курбедзінаў са сваякамі асуджаных

«Я вырас на гісторыях пра НКВД і „ворагаў народу“. Бабуля расказвала, як іх дэпартавалі, як працавалі на рудніках. Тыя жахі зь дзяцінства ўвабралі, ведаем, што такое таталітарная імпэрыя, якая хоча раздушыць народы. У нас шмат практычнага досьведу, таму і такі супраціў. Асабіста я веру, што мы на той дарозе, якая прывядзе да мэты: каб мірна суіснаваць, думаць як хочам, хадзіць у мячэт калі трэба, а не па раскладзе. Ня трэба вучыць мусульман, што чытаць і за каго маліцца, самі вызначымся — і ў ісьляме, і ў грамадзкім жыцьці, і ў палітыцы. Мы на сваёй зямлі, і нам тут жыць».

Што трэба ведаць пра перасьлед крымскіх татараў

Крымскія татары — гэта адзін зь цюрскіх народаў, што гістарычна сфармаваўся цягам тысячагодзьдзяў у Крыме і Паўночным Прычарнаморʼі і разам з караімамі адносіцца да карэннага насельніцтва паўвострава. Абазначэньне «крымскія татары» атрымала шырокі распаўсюд у эпоху расейскага панаваньня — як і «белыя русы» ў адносінах да жыхароў Паўночна-Заходняга краю імпэрыі. У «татары» царская ўлада агулам заносіла ўсіх чужынцаў па аналёгіі з мангола-татарамі. Зрэшты, у часы Крымскага ханства этнонім «татары» таксама быў пашыраны ў саманазьве.

Пікет крымскіх татараў у Маскве, 10 ліпеня 2019
Пікет крымскіх татараў у Маскве, 10 ліпеня 2019

За сваю доўгую гісторыю крымскія татары перажылі нямала розных узрушэньняў, але, бадай, самай драматычнай старонкай стала сярэдзіна ХХ стагодзьдзя. Цягам некалькіх дзён — з 18 па 20 траўня 1944 году — са сваіх дамоў гвалтоўна былі выселеныя практычна ўсе, хто належаў да гэтага народу. Фармальнай прычынай стала супрацоўніцтва з нацысцкім рэжымам у часе Другой усясьветнай вайны.

Як вынікае з гістарычных архіваў, у зачыстцы былі задзейнічаныя 32 тысячы супрацоўнікаў НКВД. А вось лічбы рэпрэсаваных дагэтуль істотна розьняцца: блізу 200 тысяч — паводле афіцыйных зьвестак, і 423 тысячы — згодна з дадзенымі Нацыянальнага руху крымскіх татараў (вынікі самаперапісаў 1957, 1966, 1970 і 1974 гадоў). Паводле гэтых дадзеных, ад моманту высылкі і да пачатку 1946-га загінулі 195 тысяч чалавек — 46% усёй нацыі.

Сёлетняя жалобная імпрэза ў Кіеве да 75-й гадавіны дэпартацыі
Сёлетняя жалобная імпрэза ў Кіеве да 75-й гадавіны дэпартацыі

Людзей грузілі ў «цялятнікі» і вывозілі ў Сярэднюю Азію ды ў некалькі рэгіёнаў РСФСР. У дарозе сотнямі паміралі ад голаду і хваробаў, нябожчыкаў проста выкідалі з вагонаў. На новых месцах высланцаў сялілі ў непрыстасаваныя баракі, дзе людзі выміралі цэлымі семʼямі.

Калі іншыя рэпрэсаваныя народы змаглі вярнуцца на радзіму пасьля сьмерці Ёсіфа Сталіна і асуджэньня культу яго асобы, для крымскіх татараў забарона трымалася аж да канца 1980-х — 45 гадоў чужыны і барацьбы за выжываньне.

Толькі ў лiстападзе 1989 году была прынятая дэклярацыя «Аб прызнаньні незаконнымі і злачыннымі рэпрэсіўных актаў супраць народаў, якія зазналі гвалтоўнае перасяленьне, і забесьпячэньні іх правоў». Сьледам выйшла адмысловая пастанова аб крымскіх татарах, якая дазваляла ім вярнуцца на радзіму.

Плякат да дня памяці ахвяраў генацыду крымскататарскага народу. Кіеў, травень 2019-га
Плякат да дня памяці ахвяраў генацыду крымскататарскага народу. Кіеў, травень 2019-га

Адваротны працэс пайшоў на пачатку 1990-х, хоць у бальшыні выпадкаў дамы і землі ўжо былі занятыя перасяленцамі з мацерыка. Давялося зноў пачынаць з нуля: набываць ці будаваць жыльлё, шукаць працу. Тым ня меней разьлік бальшавікоў на асыміляцыю крымскіх татараў сярод іншых народаў ня спраўдзіўся: нават у выгнаньні яны захавалі сваю мову, культуру, традыцыі.

Праз тры дзясяткі гадоў пасьля вяртаньня многім крымскім татарам зноў давялося вымушана пакідаць свае дамы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG