Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна за тыдзень да выбараў, якія завершаць зьмену ўлады: рэйтынгі і прагнозы


Украінскі сьцяг над Вярхоўнай Радай Украіны

21 ліпеня ва Ўкраіне адбудуцца пазачарговыя парлямэнцкія выбары, пасьля якіх завершыцца перафарматаваньне ўлады.

Украінцы, па сутнасьці, абіраюць прэм’ер-міністра, які па ўзгадненьні з парлямэнцкай кааліцыяй вызначыць і пэрсанальны склад ураду — Кабінэту міністраў. Згодна з Канстытуцыяй Украіны ўрад мае больш шырокія паўнамоцтвы, чым прэзыдэнт.

Чаго чакаюць украінцы ад новага складу парлямэнту і ўраду? І ці ўдасца новай партыі ўлады аднаасобна сфармаваць урадавую кааліцыю?

Хто трапіць у Раду?

Паводле апытаньняў найбольш аўтарытэтных ва Ўкраіне сацыялягічных службаў, у новы склад парлямэнту праходзяць чатыры партыі —

  1. партыя прэзыдэнта Зяленскага «Слуга народу» (41,5–48,4%, паводле розных дасьледаваньняў грамадзкай думкі),
  2. «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё!“» Віктара Медведчука (11,6–14,1%),
  3. «Эўрапейская салідарнасьць» Пятра Парашэнкі (8,2–9,2%),
  4. «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі (6,2–7,0%).

На мяжы пераадоленьня пяціадсоткавага бар’еру яшчэ дзьве партыі — «Голас» украінскага музыкі Сьвятаслава Вакарчука (4,4–8,8%) і «Сіла і гонар» (3,6–4,1%) былога кіраўніка СБУ Ігара Сьмяшка, які на прэзыдэнцкіх выбарах прадэманстраваў нечакана высокія вынікі, атрымаўшы 6,04% галасоў у першым туры.

Сьвятаслаў Вакарчук ідзе на выбары з партыяй «Голас»
Сьвятаслаў Вакарчук ідзе на выбары з партыяй «Голас»

Абедзьве гэтыя партыі — галаўны боль для лідэраў гонкі. Бо, як сьведчаць сацыёлягі, менавіта да іх «перацякае» патэнцыйная падтрымка.

Як сьцьвярджаюць сацыёлягі, «Сілу і гонар» і «Голас» найперш абіраюць тыя, хто не хадзіў на прэзыдэнцкія выбары, а таксама выбарнікі Ўладзіміра Зяленскага і Пятра Парашэнкі. І калі для «Слугі народу», якая, паводле розных сацыялягічных службаў, упэўнена набірае ад 47 да 49%, страта сваіх прыхільнікаў на ўзроўні 2–3% не крытычная, то для «Эўрапейскай салідарнасьці» (ад 6 да 9%) гэта можа стаць вызначальным фактарам для яе колькаснага прадстаўніцтва ў парлямэнце.

Хто на прэм’ера?

У гіпатэтычным рэйтынгу кандыдатаў на кіраўніка ўраду два лідэры — сябра «Апазыцыйнай плятформы „За жыцьцё!“» Юры Бойка (ад 12,8 да 14,9%, паводле апытаньняў розных сацыялягічных службаў) і кіраўніца партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка (ад 12,3 да 13,3%).

Юлія Цімашэнка
Юлія Цімашэнка

Прэтэндэнта на гэтую пасаду вызначае менавіта парлямэнцкая кааліцыя пасьля завяршэньня перамоў паміж фракцыямі.

Таксама вялікі рэйтынг маюць цяперашні кіраўнік ураду Ўладзімір Гройсман (ад 9,2 да 9,6%), чыя партыя амаль ня мае шанцаў прайсьці ў парлямэнт, Ігар Сьмяшко (7,2–7,7%) і Сьвятаслаў Вакарчук (4–4,9%).

Юры Бойка можа прэтэндаваць на прэм’ерства ў выпадку, калі ўрадавую кааліцыю сфармуюць партыі «Слуга народу» і «Апазыцыйная плятформа», а Юлія Цімашэнка — «Слуга народу» і «Бацькаўшчына».

Якой можа быць урадавая кааліцыя

Улічваючы высокую падтрымку выбарцаў, партыя «Слуга народу» настройваецца, што зможа сфармаваць кааліцыю аднаасобна, бязь іншых фракцый. Гэта магчыма ў выпадку, калі «Слуга народу» пераможа і паводле партыйных сьпісаў, і ў мажарытарных акругах, і сфармуе фракцыю ў колькасьці 226 дэпутатаў — роўна столькі, колькі паводле заканадаўства неабходна для стварэньня ўрадавай кааліцыі.

Калі гэтага не адбудзецца, новай партыі ўлады давядзецца шукаць хаўрусьнікаў. Пакуль толькі партыя «Бацькаўшчына» заявіла пра гатоўнасьць да кааліцыйных перамоў са «Слугой народу».

Пятро Парашэнка — кіраўнік партыі «Эўрапейская салідарнасьць»
Пятро Парашэнка — кіраўнік партыі «Эўрапейская салідарнасьць»

Лідэр «Эўрапейскай салідарнасьці» Пятро Парашэнка на адной са сваіх сустрэч з прадстаўнікамі бізнэсу ўхіліўся ад адказу на гэтае пытаньне наўпрост:

«На выбарах усе ідуць па ўладу, а не ў апазыцыю. У апазыцыі апынаюцца. Наша палітычная сіла гатовая да кааліцыі, калі будуць супадаць мэты — эўрапейская і паўночнаатлянтычная інтэграцыя».

Экспэрты называюць малаверагоднай кааліцыю «Слугі народу» з «Апазыцыйнай плятформай „За жыцьцё!“». Такі фармат, паводле іх, можа стаць «таксычным» для дзейнага прэзыдэнта.

«Гэта будзе палітычнае самагубства, такое, як некалі ўчыніў Януковіч, калі адмовіўся ад інтэграцыі Ўкраіны ў Эўрапейскі Зьвяз. Мы ж ведаем, чым гэта завяршылася», — сказаў у інтэрвію Свабодзе палітычны экспэрт Аляксандар Салантай.

Найбольш верагоднымі партнэрамі «Слугі народу» па кааліцыі экспэрты называюць партыю «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі і «Голас» Сьвятаслава Вакарчука.

Чаго чакаюць ад новай «партыі ўлады»

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў падтрымка партыі «Слуга народу» істотна не зьмянілася, а галоўныя прэтэнзіі да ранейшай улады трансфармаваліся ў чаканьні ад новай партыі ўлады.

Паводле апытаньня, праведзенага Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялёгіі,

  • 42,8% рэспандэнтаў чакаюць зьніжэньня тарыфаў на камунальныя паслугі,
  • 36,6% — скасаваньня недатыкальнасьці дэпутатаў, судзьдзяў і прэзыдэнта,
  • 33% — прамых перамоваў з Данецкам, Луганскам і Масквой па мірным урэгуляваньні і спыненьні баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны,
  • 31,4% — інтэнсыфікацыі расьсьледаваньняў найбольш рэзанансных карупцыйных злачынстваў,
  • 17,6% — скарачэньня заробкаў вышэйшых службовых асоб,
  • 14,3% — перамоваў з Эўразьвязам і ЗША пра Данбас і Крым,
  • 12,1% — перамоваў з Расеяй аб аднаўленьні эканамічных дачыненьняў.

Некаторыя чаканьні палярныя, што сьведчыць пра неаднароднасьць выбарнікаў і Ўладзіміра Зяленскага, і ягонай партыі. Таму верагодна, што адны і тыя ж рашэньні новай улады для часткі зь іх будуць «здрадай», а для іншай групы — «перамогай», што ў далейшым можа прывесьці да зьніжэньня рэйтынгаў кіроўнай партыі і самога прэзыдэнта.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG